Доўга яшчэ я адчуваў сябе як пасажыр, які едзе поездам з хуткасцю сто кіламетраў у гадзіну: мільгалі вобразы, але не было магчымасці да іх прыгледзецца. Адчыніліся школы сярэднія і вышэйшыя, бясплатныя. Пачалося нябачанае будаўніцтва...
Вучыўся я ўжо ў другім горадзе. Але па-ранейшаму цягнула мяне да Данусі, хаця гордасць і не дазваляла паказацца ёй на вочы. Хацелася паглядзець на яе крадком — якая яна цяпер? Мо перажывае нястачу?..
У час летніх канікулаў 1940 года адправіўся я ў Вільню. Горад быў падобны на разварушаны мурашнік. Усё было там яшчэ не ўладжана, людзі ўзбуджаныя і жылі нібы на вакзале.
У генералавым доме незнаёмыя кватаранты сказалі, што цётка Антося перабралася ў сваю хату. Я падаўся да яе.
Як паехала генеральша з дачкой да вайны, так і не вярнулася! Можа дзе загінулі там: Гітлер, кажуць, лютуе цяпер надта на свеце! — паведаміла мне яна і параіла схадзіць да Левандоўскага, які нядаўна вярнуўся з эміграцыі: — Левандоўскі павінен ведаць нешта пра іх! Я і сама збіраюся да яго, толькі агарод прапалю...
А Левандоўскі вярнуўся?
Залкінды мне гаварылі. Стары Залкінд хадзіў да яго распытваць. Усё яму тут не падабаецца. То ў сталовых чай падаюць без сподкаў, то за магазін прыдзіраюцца... Дастаў ужо нават загранічны пачпарт для сям'і. Але пагаварыў з Левандоўскім і абсеў. Той быццам сказаў, што і там не соладка. Учора спаткала яго ў кнігарні: рускія падручнікі шукаў для сваёй Бэты...
Калі год таму назад часці польскай арміі ўпарта супраціўляліся нямецкай навале, вышэйшыя чыноўнікі ўцяклі ў Румынію. Я падумаў, што туды мог уцячы і генерал. У такім выпадку ён за граніцай знай-шоў сваю сям'ю, чаго тады Дануце вяртацца ў СССР. А я, дурань, яшчэ дапамагаць ёй ехаў...
Ад Антосі я падаўся да былога трэнера.
2
На кватэры ў Левандоўскага было многа народу. Усе прагнулі даведацца пра лёс родных і знаёмых, паслухаць нешта цікавае.
Для многіх палякаў — асколкаў былога ладу — Англія тады была дзяржавай, якая, на іхнюю думку, мелася выратаваць Польшчу. Кожная вестка адтуль прагна ўспрымалася гэтымі людзьмі.
Тады, калі збіралася некалькі чалавек, то абавязкова яны гаварылі на палітычныя тэмы і з-за гэтага маглі не есці, не спаць. А ў Левандоўскага адбывалася ўжо цэлая прэс-канферэнцыя. У яго кватэру набілася столькі людзей, што мяне нават ніхто і не заўважыў.
— ...Сто пяцьдзесят гадоў з нас здзекаваліся, нас стралялі, гнаілі ў турмах. За намі шпіёнілі, забаранялі размаўляць на роднай мове, — з набалелай горыччу скардзіўся былы трэнер.— Незалежнасць мы выпакутавалі, як вандроўнікі пасля доўгай спякотнай дарогі ваду ў пустыні. Атрымаўшы яе ў 1918 годзе, мы ап'янелі ад радасці, не разабралі, дзе нашы ворагі, дзе сябры. Расія? А, тая, дзе Сібір, дзе звінелі кандаламі пакаленні нашых продкаў!.. Кажуць, у ёй штосьці новае? Гэта яшчэ паглядзім, а пакуль што мы не зрабілі з імі разлікаў!.. У Саветаў ёсць добрыя танкі? Няпраўда! Дык вось фатаграфіі!.. Хлусы, гэта пацёмкінскія вёскі, яны з фанеры!.. I мы сталі заігрываць з далёкай Францыяй, Англіяй. «Магутная, непераможная!» — фанабэрыліся мы, хвалячы сваю армію. А дайшло да справы, і давялося кідаць кавалерыйскія эскадроны на нямецкія танкавыя калоны!..
У гэтым стомленым і маральна зламаным чалавеку ледзь можна было пазнаць былога віленскага атлета і зухаватага мужчыну-прыгажуна.
— А потым?.. Прыехалі ў Румынію голыя, брудныя, абшарпаныя, прыбітыя — зноў, як дваццаць тры гады таму назад, бязродныя. Пашкадавалі нас суседзі, далі хлеба, мы наеліся і пачалі ўжо хадзіць гаспадарамі, пазіраць на румын звысоку, як каланізатары на туземцаў, абзываць іх «мамалыжнікамі»!..
У нас, палякаў, многа шляхецкага зазнайства... Пыха, самы сапраўдны эгаізм, прыкрыты таннымі патрыятычнымі лозунгамі, перамешваліся ў кожным з нас з уяўнай рамантыкай мінулага, сталі нашым характарам! — працягваў ён з болем.
Далей было яшчэ горш. З Румыніі паехалі ў Аўстралію. У Сіднеі, у гарадскім парку, гадуюць кенгуру. Да іх прыходзяць забаўляцца гарадскія лодыры. Хто на вайне ад смагі паміраў у пустынях Афрыкі, а хто не ведаў, куды падзець час... Кенгуру любяць баксіраваць. Для пацехі публікі я, трэнер першай катэгорыі, быў наняты за грошы ў партнёры смярдзючаму зверу!.. Надзеўшы баксёрскія рукавіцы, з раніцы да вечара я выходзіў на «рынг». Кенгуру намерваецца ўдарыць задняй нагой, а я не даюся. Аднойчы пана Кавальскага з Варшавы — ужэндніка пошты — звер на маіх вачах распаласаваў з галавы да ног, і кішкі вываліліся на пясок. Тады я адмовіўся ад такой работы...
Читать дальше