Толькі ў апошыі час людзі маёй вёскі пачалі адчуваць, што недзе ёсць яшчэ іншы свет, ім невядомы. Мне здалося, што Дануся якраз з таго свету. I мяне туды пацягнула, як расліну да сонца!
Я быў тады малады і, як кожны малады, шукаў вакол сябе штосьці лепшае: людзей, сацыяльны ўклад...
Яшчэ трэба сказаць і пра іншае.
Мы спаткаліся ў такім узросце і ў такую пару, калі гатовы былі закахацца ў чалавека, які адпавядаў нашым патрабаванням: я — ёй, яна — мне. Як толькі зарадзілася глыбокае пачуццё ў аднаго, у сілу сваіх таямнічых законаў яно вызвала такое ж самае пачуццё і ў другога. Няважна, што мы паходзілі з розных асяроддзяў і гэта рабіла нашае збліжэнне нелагічным. Хіба ў каханні заўсёды пануе логіка?
Раздзел трэці
1
Пасля Данусінага прызнання я хадзіў прыбіты, сам не свой.
Янэк! — пазвала аднойчы мяне паненка з гары, калі я браў у калодзежы ваду.— Ідзі да нас.
Я праглынуў камок крыўды.
Хадзем, ну, не злуйся!— збегшы ўніз, пацягнула яна за рукаў...
Гордасць мая некуды знікла, і я пакорна пайшоў за ёй.
Мая калежанка Бэта! — адрэкамендавала яна мне Залкіндаву дачку.
Ад нечаканасці я не ведаў, як сябе паводзіць. А паненка не давала апамятацца. Яна зняла з пляча лейку і загадала:
Ану, стань побач з Бэтай, я вас здыму!
Бэтачка, на, здымі мяне з панам Янкам! Я яго навяла, толькі націсні спуск.
Дануся стала побач са мной. Дзяўчына нас шчоўкнула і вярнула апарат. Усё адбылося на працягу лічаных секунд.
А цяпер на, раздушы!— працягнула мне жменю валоскіх арэхаў.
Дануся хацела пахваліцца, які я дужы. Мне было няёмка, я ўпіраўся.
Сцісні, сцісні! — дамагалася яна настойліва, паклаўшы мне на далонь арэхі і загінаючы пальцы ў кулак.
Я паслухаўся, і арэхі луснулі з сухім трэскам.
Бачыш? — пераможна зірнула яна на Бэту. Дзяўчына працягвала вывучаць мяне разумнымі карымі вачанятамі — такімі прыгожымі і выразнымі, якія бываюць толькі ў яўрэек.
Пане Браніславе, сюды! — закрычала Дануся. Я зірнуў уніз. Там ішоў Любецкі.
Стаяла такая цяплынь, што хацелася разуцца, скінуць з сябе кашулю, а князь быў у новым цёмным касцюме, накрухмаленай кашулі і пад гальштукам. Крочыў ён павольна, як чалавек, які ў святочны дзень выйшаў прайсціся.
А, сэрвус! — убачыў ён нас.
Яго яшчэ не хапала.
На ўзроўні маіх ног паказаліся бліскучыя залысіны, шыя і плечы.
Дзень добры, панно Дануто! Дзень добры, панно Бэто!— час-та дыхаючы, праказаў Любецкі.— Го, панно Данка з фотаапаратам? Выдатна!
А ў мяне плёнка скончылася! — пераможна, нібы з радасцю паведаміла яна.
Шкада...— апёкся Браніслаў.
Толькі цяпер ён убачыў мяне і разгубіўся.
Пан Янэк, знаёмцеся!
Знаёмы...— прамямліў вечны студэнт з дурнаватай усмешкай.
Вы ўжо знаёмы? — зрабіла вялікія вочы Дануся.
Ніхто ёй не адказаў.
Я за ім сачыў незалежнымі вачыма. Любецкі зрабіўся вартым жалю. Усё выглядала так, бытта тут стаяў настаўнік, якога вучань Браніслаў вельмі баіцца. Ён перайшоў амаль на шэпт:
Панно Данко, вас можна на хвілінку?
Калі ласка!— пераглянулася яна з Бэтай.— Прабачце, пане Янэк!
Я не паспеў адказаць: рэакцыя ў маёй галаве праходзіла замаруджана, усё адбывалася нібы ў сне.
Браніслаў павёў паненку ўбок, але Дануся весці сябе далёка не дазволіла.
У тэатр, як дамовіліся?
Вядома!— капрызна паціснула яна плечыкамі і вярнулася да нас.
Бывайце! Мяне на Антаколі чакаюць нашы карпаранты!
Калі ласка, клічце і іх сюды!
Яны нешта арганізуюць!.. Прыемнай забавы! — кінуў ён, стараючыся не сустрэцца з маімі вачыма, і пайшоў.
Брэшаш, ніхто цябе не чакае. Заела самалюбства. З ахвотай ты пабыў бы тут, каб не я.
Мы трое глядзелі яму ўслед. Браніслаў нехлямяжа крочыў у чор-ных лакірках, прыпаднімаючы калашыны і выбіраючы месца, куды паставіць нагу, каб не надта запыліць абутак. Дануся з Бэтай не вытрымалі і пырснулі. А ў мяне бытта зняў хто з сэрца вялізны цяжар.
Не вельмі мяне кранула, калі пад вечар я ўбачыў, як Браніслаў выходзіў з генеральскага дома і вёў Данусю.
2
Міналі лепшыя нашы дні.
Дапуся пасля абеду з падручнікамі спяшалася да мяне, а дома гаварыла, што ідзе да сяброўкі.
Мы вельмі адно аднаго дапаўнялі і ў той жа час не разумелі адно другога.
Аднойчы, напрыклад, яна шчыра рассмяялася з мяне, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Якраз у гэтую хвіліну, асцярожна абыходзячы дубцы, наста-віўшы клінам свіную мысачку, праклыпаў ля нас вожык. Калі ж я сказаў, што вожык зімой спіць у трухлявым пні, сівее ад старасці, лю-біць лізаць расу і вельмі храпе ў сне, Дануся паглядзела на мяне ўжо з павагай.
Читать дальше