Дзяўчаты зноў заспявалі, ужо то пра гаспадарскія клопаты, то пра нешчаслівае каханне беднай дзяўчыны i багатага альбо старога, няўдалага жаніха, то багатай ганарлівай, старой, няўдалай нявесты i маладога прыгожага, але беднага хлопца. Янка, з ахвотаю слухаючы прыгожыя янкавінскія песні, не спяшаючыся, выбраў i ссек дзве бярэзінкі, нацерабіў вецця і, падхапіўшы ўсё пад паху, пакіраваў у вёску. I ўжо амаль на выхадзе з лесу нечакана аж умлеў: нібы прытуліўшыся ад знямогі да белага ўжо ствала высакаватай бярэзіны, зусім блізка стаяла з сякераю ў руцэ i пазірала на яго Зося. Яна, здаецца, ужо не адну хвіліну сачыла за ім: яе рука з сякераю нібы бездапаможна звісала долу, a позірк быццам застыў.
Хоць i бачыліся ўжо колькі разоў пасля яе хваробы, перакідваліся словам-другім, але цяпер Янка набліжаўся да яе нібы не сваімі нагамі. Канечне ж, наўмысна прыйшла сама ў лес. Дзеля яго.
Падышоў. Ca шкадобаю зірнуў: якая тоненькая, нямоглая. Вочы, здаецца, яшчэ паглыбелі, акаймоўваліся цемнаватымі кругамі, кірпаты нос завастрыўся, a некалі поўныя, нібы намазаныя сокам губы абяскровіліся. I вунь сівізна на скронях.
— Што пазіраеш? — квола ўсміхнулася, добра адчуваючы яго гэтую шкадобу.— Пасівелі ўжо абое? Без пары без часу?
У яе стомленых, яшчэ заўчора-ўчора нібы адлучаных вачах ён нечакана ўбачыў жывы, поклічны бляск, i яна неяк раптоўна ўся ажывілася, нібы стала тою Зосяю, якой была тры гады таму. Яму здалося: за яе гэтым бляскам услед павінен быць рывок, а за ім — падзенне, што на самай справе будзе ўзлётам i чароўным палётам, уласцівым толькі дваім закаханым. Яна, лашчачы яго пяшчотаю i, відаць, цеплячыся яго ласкаю, спачатку ўзрушана замыліла вуснамі, не могучы знайсці i вымавіць патрэбнага слова, а пасля апусціла сякеру i сапраўды кінулася, сашчапіла рукі на яго шыі.
Ён таксама няўцямна выпусціў бярэзінкі i вецце, прыгарнуў яе, адданую. Адчуў: яна зусім жа цененькая, нібы патанула ў яго абдымку. Зося прыціснула твар да яго шыі i заплакала.
Янка, прытуліўшы шчаку да яе казытлівых валасоў i касынкі, усё туліў i туліў да сябе Зосю, адчуваючы ўсю яе, як можа адчуваць не толькі жончына цела, але i ток яе крыві муж, які пасля доўгай ростані вярнуўся дадому i абняў сваю каханую. A калі яны моўчкі павярнулі галовы i з заплюшчанымі вачыма знайшлі адно аднаго вуснамі, дык надоўга замерлі ў пацалунку; іхнія сэрцы заштуршкавалі аднолькава, як i аднолькава закіпела іхняя кроў, успламяняючы ix адмысловым маладым агнём.
— Любы мой! — адарвалася ад пацалунка i задыхана прашаптала Зося.— Адзіны мой i мілы!
Зноў прыпала да вуснаў, ці то п'ючы, нават выпіваючы яго, ці то хмелячы i надаючы яму моцы — аж да знямогі. Ох, i прагны, слодычны падалунак той, каго кахаеш! Можна аддаць жыццё за адзін толькі халадок неўтаймоўных жаночых вуснаў ды за яе адданы парыў!
Ды ўсё ж развагу ён не страціў. Не мог страціць, бо не мог забыць, дзе Зося нядаўна была i адкуль вярнулася...
— Пачакай... папраўлюся...— ціхенька, даверліва i з любоўю зашаптала Зося, тут жа адгадаўшы яго душэўнае ваганне. Верачы ў сваё хуткае выздараўленне i напаўняючы яго гэтай вераю, абяцаннем будучай радасці, дадала: — А потым твая буду!..— Абвісла, пацяжэла.— Давай прысядзем, у мяне зусім памлелі ногі...
Ён апусціўся долу; яна моўчкі, толькі рукою загадала, каб ён выцягнуў ногі, а пасля села на каленi, прыціснулася.
— Ты рады, што я выйшла?
— Рады.
— Ты хочаш, каб бачыцца кожны вечар?
— Хачу.
— I я хачу. Я не магу без цябе жыць... Ты кожную хвіліну стаіш у маіх вачах...— як i некалі, у маладосці, гарэзна пацерлася брывом па яго шчацэ. Пасля адхінулася, глыбока зірнула яму ў вочы. Як цяпер убачыў ён, сухімі плямінамі на яе шчоках выступіла чырвань. Абхапіла шыю рукамі: — Божа мілы! Мы жывыя, разам! Удваіх.
2.
Як заўсёды, i сёлета бацькі захацелі справіць сёмушныя дзяды, ці, як каторыя ў Янкавінах гаварылі, задушкі.
Да ix як след рыхтаваліся. Кабеты, маці i Кастуся, загадзя прыбралі, вымылі хату, згатавалі маленькі саганчык круп, а самым вечарам ужо спяклі бліноў i на сале падсмажылі яешню.
Янка з нецярплівасцю чакаў, калі яны сёння сядуць за стол, памянуць памерлых родзічаў — каб тыя былі радыя, што ix помняць, шануюць i ў знак падзякі паспрыяюць, каб добра расло i красавала ў іхнім полі. Але цяпер як ніколі здалося яму, што доўга корпаюцца каля печы, у сенцах (i не з мусоваю работаю) маці i Кастуся, чагосьці марудзіць на цёмным ужо двары бацька. Але вось ён нарэшце зайшоў у хату — сагнуты, у салдацкіх падношаных ботах, у галіфэ i чорным суконным фрэнчы, мокры,— выцерся чысцюткім ручніком, што вісеў на вушаку, а пасля падышоў да печы і, прыжмурваючыся, намагаючыся ўбачыць свой твар без акуляраў пры лучынным святле, кавалачкам грэбеня (а ён ляжаў на прымурку) расчасаў патыліцу. Здаецца, аж памаладзеў сёння. Канечне, ад гаспадарскай радасці — як згледзеў яшчэ з раніцы, пачала ўзыходзіць ужо — i кучніста — іхняя бульба-скараспелка. Як i радаваўся, што добра — не згусла, a ў меру рэдка, дужа — расце іхняе жыта.
Читать дальше