— Вы маеце рацыю, Міхайлаў спрабуе ваўсю спажыць давер нашых сялян у бальшавіцкіх мэтах,— падаў голас Лашковіч.— Я чуў, што на нядаўняй Сёмай Усерасійскай бальшавіцкай канферэнцыі Ленін папікнуў сялян за шавінізм, за слабую рэвалюцыйнасць i заклікаў абапірацца найперш на бедных...
— А на каго нам абапірацца ў сялянстве? — уздыхнуў Скураны.— Вунь як яго дэлегаты павяліся на з'ездзе, вунь якія рэзалюцыі прыходзяць з валасцей на наш БНК!.. Што ім скажуць начальнікі альбо агітатары, за тое i галасуюць... Але ўсё роўна не трэба, кажу, адчайвацца. Варта, э-э, не толькі абараняцца, але i наступаць. Адвярнуць нагаворы i павесці агонь па Міхайлаве, не дазваляць яму кампраметаваць нас. Я,— падняўся, падышоў да стала, узяў лісток i зноў вярнуўся на сваё месца,— склаў тэлеграму, думаю паслаць яе за сваім подпісам ва ўсе паветы. Вось: «На сялянскім з'ездзе, што адбыўся 23 красавіка ў Мінску, старшыня Міхайлаў у рэзюме заявіў: Беларускі нацыянальны камітэт — памешчыцкая інтрыга, сацыялістычная грамада на повадзе ў паноў. Аб'явіў бязлітасную барацьбу. Прыняты меры русіфікатарскага характару. Энергічней пратэстуйце ў друку, прысылайце пратэст у «Вестник Минского губернского комиссара». Старшыня Скураны».
Зірнуў на ix, позіркам запытаў: ну, як?
— Пасылайце,— прамовіў Лашковіч.
— Добра,— ажывіўся гаспадар.— Далей. Трэба перамовіцца з Радай украінскай грамады ў Мінску. Разам падаць пратэсты — найперш супраць гэтага узурпатара-прышэльца — губеранскаму камісару i ў Грамадскі камітэт, у Мінскі Савет, а то—i ў суд...
— Мы згодныя,— буркнуў Лашковіч.
— I вось што яшчэ...— уздыхнуў Скураны.— Як ні горка, але нам цяпер прыйдзецца адрачыся ад стаўкі на нашых халопаў. Яны — нам не апора. Яны аддаюць нас на згубу, як яўрэі Хрыста... Трэба шукаць апірышча сярод нашага адукаванага люду...
— Не трэба крайнасці, старшыня,— насупіўся Лашковіч.— Канечне, трэба будзіць сумленне, годнасць у нашага адукаванага люду, але не варта грэбаваць нашымі сялянамі. Змагацца за народ з непавагаю да народа — марны занятак.
— А што рабіць, калі ў нас такі несвядомы люд?! — зноў падхапіўся Скураны, нервова затупаў па пакоі. Невысокі, з выпхнутым жывоцікам. Нібы Напалеон.— I ц я п е р угодлівы, баязлівы! Дбае найперш пра свой жывот, а не пра душу альбо пра будучыню!
Пасля, калі пагаварылі i выйшлі на пазнаваты ўжо, але цёплы двор, загаварыў Васілевіч. Нібы апамятаўся.
— А ты ведаеш, Скураны гаворыць праўду...
— Якую? — рэзка запытаў Лашковіч.
— Пра нашых сялян...
— Канечне, наш люд з неразвітымі нацыянальнымі пачуццямі. Але...— скрушліва сказаў Лашковіч.— Але, дарагі мой, не будзем адварочвацца ад яго. Што ён такі — не яго віна, а яго бяда. Хто яго адукаваў, хто адкрыў яму вочы на ўсё? Наадварот, яго стагоддзямі тапталі, убілі ў галаву: ён — не народ, а быдла. Але нам трэба цярпліва будзіць яго, падымаць дух i гонар...
Праз дні тры Лашковічу пазваніў Фрунзе.
— Здароў, стары друг!
— Слухаю цябе, Міхаіл,— холадна адказаў ён, седзячы за старым сталом у магістраце i моцна прыціскаючы трубку да вуха.
— Дык, кажаш, закрычалі?! На ўвесь край?
— Закрычалі!
— Непрыстойна паводзішся, Максім,— сказаў Фрунзе.— Наўмысна дыскрэдытуеш, выстаўляеш шавіністам!
— А я, Міхаіл, лічу, што маю рацыю...
— Я перасцерагаў, Максім...— спакойна прамовіў Фрунзе.— Вы не паслухалі, пайшлі за панам, дык вось i майце...
— A ў чым вінаватая наша мова, Міхаіл? — з'яхіднічаў Лашковіч.— Чаму не пускаць яе ў нашы школы? Маўляў, з-за панскіх хітрыкаў? Ці, давай назавём рэчы сваімі імёнамі, з-за непавагі?
— Хораша апраўдваешся, але не зусім шчыра,— падсек яго Фрунзе, які выдатна ўмеў палемізаваць.— Не я асабіста настояў, каб не ўводзіць вашу мову ў школы. Так спачатку рашыла камісія, а яе падтрымаў з'езд. Дык што — я мусіў ісці супраць з'езда?
— Ты таксама хораша апраўдваешся, але таксама не шчыры...— пастараўся ўдарыць гэтак жа i Лашковіч.— Ты падстроіў, каб дэлегаты сагналі з трыбуны нашых прамоўцаў, каб прынялі такія, шкодныя нам, рэзалюцыі...
— Ну, Максім! — абурыўся Фрунзе.— Паклёп!
— А ты? Ты як паводзішся?
9.
З заявы Выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў
Мінскай i Віленскай губерній
Выканком Савета сялянскіх дэпутатаў, які складаецца выключна з сялян i які сабраўся 7 мая першы раз пасля з'яўлення ў друку адкрытых лістоў «нацыянальнага беларускага камітэта» i ўкраінскай грамады з цэлым шэрагам абвінавачванняў супраць старшыні з'езда i Выканкома М. A. Міхайлава, лічыць сваім абавязкам выступіць з наступнай заявай:
Читать дальше