— Зразумей жа ты, летуценнік i задзіра: цяпер страшны час! Як ніколі! Дык цяпер трэба мець звярыны нюх. Лепш недагаварыць, прыкусіць да крыві губу, чым намалоць лішняе...
Васілевіч, як i год, як i пяць гадоў назад чуючы адну i тую ж «навуку», быў ужо i не рады, што прыбег якраз да Мухі. Трэба было ісці да чужога чалавека, да Міхайлава, статыста з камітэта Заходняга фронту Земсаюза: той мае сяброў у Петраградзе i Маскве, шмат чаго ведае. Праўда, таксама асцярожны, лішняга не скажа, але хітры па-іншаму — не дзеля сваей карысці, а дзеля таго, чаму ён тайна служыць.
Муха, Муха... Чорт яго ведае адкуль сярод шчырых, даверлівых сялянскіх сыноў бяруцца гэткія мудрагелістыя? Не сем разоў, а тры разы па сем адмераюць, а тады ўжо адрэжуць. Вось ён, Васілевіч, шчыра перажывае, што сябры, былыя калегі па семінарыі, гнаныя, няшчасныя людзі (Лашковіч — у Сібіры, на вечнай катарзе, Нямкевіч — тут, у Мінску, у астрозе), а Муху хоць бы што! Hi горача ні холадна, што хлопцы марнуюць маладосць за кратамі, што іхнія бацькі пакутуюць...
— Ну, што табе карціць? — зірнуў спадлоб'я Муха.
— Што — у Петраградзе?
— А ты хіба газет не чытаеш? — ухмыльнуўся той.— Яны ж пра ўсё пішуць...
— Я сур'ёзна, Васіль. I пра сур'ёзнае. Пра тое, што на самай справе.
— Урад кіруе, дбае пра Расію-матухну i пра нас, яе сыноў i дачок, пра перамогу ў вайне, Дума засядае, дэпутаты вернападданыя...
— А «чрезвычайные обстоятельства»? Што гэта такое?
— А няма ніякіх «чрезвычайных обстоятельств»,— пацвельваўся Муха.— Як кажуць, стаіць лёгкі марозік, не холадна, дык па горадзе бегаюць падасланыя падшывальцы i галёкаюць, што няма хлеба... Да гэтых галёканняў прыслухоўваюцца жанчыны, рабочыя, а то нават i салдаты, выходзяць на вуліцы, блындаюць, спрабуюць рабаваць хлебныя лаўкі — карацей, сталіца ўзбуджаецца ні з таго ні з сяго...
— Значыць, трэба славуты рускі мароз! — пакпіў i Васілевіч.— Вось бы ён-бацюхна памог бы i ворага перамагчы, i люд свой утаймаваць...
Муха, бадай, упершыню цёпла ўсміхнуўся: спадабаўся кпін.
— Цяпер як нiколi ўсе шукаюць у газетах навін, але як ніколі газеты няшчырыя,— сказаў Васілевіч.
— Бо газеты пад абцасам у ваенных, паліцыі, цэнзуры. Бадай, ні адно слова не друкуецца без іхняга дазволу.
— Дык што ўсё ж значыць — «чрезвычайные обстоятельства»? — зноў пра адно i тое ж запытаў Васілевіч, асцерагаючыся, каб Муха не перавёў размову на іншае, на пабочнае.
— Што ж, ты ўнюхаў...— ухмыльнуўся той, хітнуў галавою.— Сапраўды, у Петраградзе да парахавой бочкі паднеслі запалены кнот...
Васілевіч адчуў: па жылах шпарчэй пацякла-пабегла кроў, а сам ён яшчэ болей узбуджаецца.
— Учора, у Міжнародны дзень работніцы, як я пачуў, былі ўжо не дробныя «хуліганствы» зялёнай моладзі, не «хлебныя жаночыя гармідары», a ўспыхнула ўсеагульная стачка,— урэшце без кепікаў загаварыў Муха,— I вунь пад якімі лозунгамі: «Далоў вайну!», «Далоў голад!», «Няхай жыве рэвалюцыя!» Учора, як кажуць, выйшла на вуліцы больш сотні тысяч чалавек, а сёння, гавораць, можа, вываліць удвая болей...
— Што ты кажаш?! — усклікнуў Васілевіч.— Дык гэта ж новы 1905-ты! Яшчэ адна сутычка з Miкалаем Другім!
— Ды цішэй ты! — устрапянуўся, сыкнуў Муха, з насцярогаю агледзеў ваенны патруль, які стаяў ля афіш гарадскога тэатра i імгненна азірнуўся на Сямёнаў радасны ўскрык.
Прайшлі кавалак Падгорнай, павярнулі на Петрапаўлаўскую вуліцу, шпарка падаліся па ёй.
— Здорава! —усцешыўся Васілевіч.— Вось гэта дык петраградцы! Малайцы!
Ён спяшаўся ісці побач з Мухам, пасля нечакана, як меншы ростам, ткнуўся яму ў плячук, калі той раптоўна запыніў хаду. Зазірнуў у Мухавы глыбокія вочы, убачыў у ix таксама калі не ўзбуджэнне, не радасць, дык ажыўленне.
— Сталіца, мала сказаць, загула, забурліла,— прамовіў Муха.— Сталіца рыхтуецца змяніць уладу...
— Што ты кажаш? — зноў усклікнуў Васілевіч.— I гэта рэальна?
— Які ўжо час, дарагі, ясна: усё ў Расіі ішло, ідзе, з аднаго боку, уніз, а з другога боку, вельмі спрыяльна,— ажывіўся Муха.— Т ы м , х т о х о ч а п р ы й с ц i д а ў л а д ы , ужо няма патрэбы пакручвацца каля цара, клясціся яму ў вернасці, штурхаць яго да прорвы, напышліва прамаўляць у Думе альбо, наадварот, не вытыркацца, ляжаць на глыбіні. Прыйшоў ужо час б р а ц ь у с ё ў с в а е р у к i. Цар, урад, самадзяржаўе не толькі зганьбаваныя, але i абяссіленыя. Усе ўжо ў свеце бачаць: Мікалашка — блазан, варты жалю чалавек, a імперскае нутро ў язвах. Распуцін, «глас божий», «русская душа», усё дабіў. Ён выдатна зрабіў тое, што даручылі яму тыя, х т о я г о н а в у ч ы ў, у с у н у ў у ц а р с к i п а л а ц. Сам жа ведаеш, як нават ужо наш цёмны i верны люд пацяшаўся ca слепаты царскай сям'і, з «прароцтваў» мужыка-шарлатана. I з царскага ўрада заадно: «кувырк-калегія!» «Глас», «душу» звялі ўрэшце, але ж язвы не залячылі. Наадварот, раны яшчэ пабольшалі. Вайна давяла да галечы, разгневала люд, азлобіла армію. Мікалашка схамянуўся, пачаў шаптацца з Вільгельмам, шукаючы паратунку ад выбуху. Гэта ж адразу спажылі прагрэсісты, акцябрысты, кадэты i іншыя апазіцыянеры. Яны хітра ды каварна пачалі пакрыху ліць масла ў агонь i б р а ц ь х о д п а д з е й у с в а е р у к i. Праўда, не зусім рашуча. Як я лічу, такі момант ужо настаў пасля 10 лютага[ 3 3 Маецца на ўвазе 10 лютага 1917 года. Тут i далей даты па старым стылі.
] калі Радзянка як старшыня Думы пабываў у Царскім Сяле са сваім «всеподданнейшим докладом». Ён праўдзіва высцябаў урад, найперш міністра ўнутраных спраў Пратапопава, падказваў: Расія «находится накануне огромных событий, исхода которых предвидеть нельзя». Ён прасіў прадоўжыць паўнамоцтвы Думе, бо гэтага хочуць не толькі члены Думы, але i саюзнікі. Іначай, перасцярог, «изнемогая от тягот жизни, ввиду создавшихся неурядиц в управлении, страна может сама стать на защиту своих законных прав. Этого допустить нельзя, это надо всячески предотвратить». Мікалай Другі не згадзіўся. Бачыце, яго народ супраць ЯГО не пойдзе! А на словы Радзянкі: «Нельзя ставить во главу всяких Распутиных, вы, государь, пожнете то, что посеяли» — адказаў: «Ну, бог даст».
Читать дальше