— Можа, i здолеем,— адказаў той.— Але не хутка.
— Дык ці разумна адкладаць вялікую i, галоўнае, патрэбную культурную работу? Ды яшчэ пакідаць на некалі i на некага?! — зноў спытаў Муха.— А па-другое, чаму такое нявер'е ў народ?
— У нас няма сваёй інтэлігенцыі, а без яе, культурнага нацыянальнага пласта, не можа быць паўнацэннага народа, нацыі...
Слухаючы спрэчкі запалістых прамоўцаў, Алесь Нямкевіч увесь час парываўся падняцца i сказаць сваё слова, але яго апярэджвалі болей смелыя i красамоўныя. Калі неўзабаве палеміка аціхла i Муха збіраўся ўжо зачытаць рэзалюцыю, якую ён накідаў тут на хаду, Алесь паадолеў нерашучасць i падняўся.
— Ты таксама хочаш сказаць мудрае слова? — пажартаваў Муха.
Усе i ў прэзідыуме, i ў зальцы суцішыліся i зірнулі на яго паважліва. Мусіць, калі не на як героя, то на таго, хто працаваў настаўнікам i не на словах, а на справе ўжо тое-сёе рабіў, пра што яны цяпер гавораць, i адбываў за гэта турэмнае пакаранне.
— Я разумею, калегі, чаго мы сабраліся тут,— з хваляваннем прамовіў ён.— Але дзве рэчы трывожаць мяне. Па-першае, я здзіўляюся, што мы гэтак спрачаемся наконт таго, пра што не павінны спрачацца... Па-другое, я здзіўляюся, што i на сумесным пасяджэнні, i тут у нас мы гаворым пра многае, але пра адно з самых важных клапоцімся мала...
Захваляваўся. Нават звыш меры. Сэрца, здаецца, ледзь не разрывалася.
— Словам, амаль усе мы — сялянскія дзеці,— зноў загаварыў.— Значыць, мы добра ведаем клопаты нашых бацькоў-сялян. Пра пэўную долю гэтых турбот мы ўжо сказалі, але пра вялікую палавіну чамусьці гаворым мімаходзь. Бадай, толькі Васілевіч i пасланец Мінскага Савета сказалі...— Паволі пачаў супакойвацца, тым больш што слухалі яго вельмі ўважліва.— Маю на ўвазе, што мы павінны больш дбаць пра мір, пра зямлю... Якраз, скажу вам шчыра, пра гэта найперш думае мой бацька, дзеля грошай, дзеля таго, каб купіць кавалак зямлі, на некалькі гадоў паехаў у Амерыку на заробкі мой брат... Паверце, калі мы не будзем гаварыць i пра гэтыя клопаты нашых сялян, то яны нас не зусім зразумеюць i не падтрымаюць, ахвотней пойдуць за тымі, хто ім штосьці падакляруе...
— Ясна,— прамовіў Муха, зірнуў на яго.— Усё?
— Бадай, усё,— прамовіў ён i сеў.
— У нашай камісіі свае мэты, але пра тваю думку я скажу ў сваёй справаздачы,— сказаў Муха.
...Як уведаў пазней Алесь, палеміка, сутычкі ўспыхвалі i ва ўсіх астатніх камісіях.
5.
З запісной кніжкі Васіля Мухі
26 сакавіка 1917 года
Яшчэ шарай раніцаю зноў сабраліся ўсе разам. Абралі новы з'ездаўскі прэзідыум. З нашай, мінскай, суполкі ў яго трапілі Лашковіч, Васілевіч i я, з іншых мінчукоў — Скураны, Мяцельскі. Як Гартны, Бурбіс, а з нашых Васілевіч ні заміналі, старшынёю апынуўся Скураны, i якраз ужо ён узнёсла павёў рэй далей.
Спачатку паслухалі старшынь камісій, пасля — праект рэзалюцыі. Калі я сам выступаў ca словам, слухаў справаздачы іншых, урэшце гэты праект, дык увесь час думаў, што не будзе ўсіхнага паразумення i з'езд, як кажуць, разваліцца. Ды не, той-сёй толькі захацеў унесці свае папраўкі, як я лічу, ніхто нават не спрабаваў зглуміць тое, над чым карпелі два дні. Паслухалі папраўкі, трохі паспрачаліся i рэзалюцыю зацвердзілі цалкам.
Гэтая рэзалюцыя, па-мойму, не толькі засмелая, але i добра-такі фантастычная. Я, помнячы Дзядзеў наказ, не выскакаў, не крычаў, што «мы звыш меры фантазіруем», карацей, не замінаў, але ў душы ўвесь час аж пасміхоўваўся з ілюзій тых, хто пісаў рэзалюцыю.
Канечне, з'езд можа абраць Беларускі нацыянальны камітэт, можа даручыць яму «арганізаваць Беларусь у кантакце з Часовым урадам», «падрыхтаваць выбары ў Беларускую краёвую раду i ва ўсерасійскі Устаноўчы сход»— гэта значыць тут, на неакупаваных беларускіх землях, пачаць утвараць у гарадах i вёсках свае органы самакіравання i пакрыху прыбіраць уладу ў свае рукі.
Канечне, з'езду не цяжка абавязаць гэты БНК «узяць клопат пра сялян, азнаёміць ix з палітычным становішчам у краіне пасля Лютаўскай рэвалюцыі», а таксама склікаць сялянскі i настаўніцкія з'езды, утварыць іхнія саюзы, падабраць лектараў, палітычную літаратуру i паслаць ix ва ўсе паветы, пачаць утвараць кааператывы.
Канечне, з'езд можа пажадаць, каб выкладаць у пачаткоўках беларускую мову, літаратуру i гісторыю, гэтае ж увесці i ў настаўніцкія, духоўныя семінарыі, a ў сярэдняй школе мець гэтае за факультатывы. Добрая рэч i задуманыя курсы, лекцыі, народныя дамы, каб знаёміць з народнаю культураю, а таксама спроба адкрыць свой універсітэт.
Читать дальше