«Школьнікі» сабраліся ў малой, здаецца, для рэпетыцый, тэатральнай зале — ix, настаўнікаў, было шмат на з'ездзе.
Кіраваць пачаў Муха. Як член прэзідыума з'езда.
— Ну, што, калегі,— пасля паважна, расцягваючы словы i крышку адставіўшы жывот, санавіта пачаў работу камісіі Муха.— Усе мы добра, цудоўна ведаем, што такое школа ў грамадстве. Усе мы добра, цудоўна ведаем, як пачэсна, але цяжка прадаваць настаўніку ды яшчэ ў нашых умовах... Давайце пагаворым пра нашы школьныя клопаты, у тым ліку i клопаты беларускай школы, прымем пэўнае рашэнне i вынесем яго на разгляд з'езда. Спачатку дазвольце сказаць пару слоў мне. Мушу адразу прызнаць горкую ісціну, калегі: наша школьная справа не была на ўзроўні да вайны, а цяпер зусім змарнела. Ва ўсіх нас, настаўнікаў, высакародная мэта: сеяць разумнае, вечнае, добрае. Але колькі мы ўсе нацярпеліся ад «неукоснительного наблюдения» кожнага «власть имущего». I ад соцкага, i ад школьнага старасты, i ад інспектара, i ад папа, i ад усіх іншых чыноўнікаў. Нам жа, «недержавным», было зусім невыносна. Як ніхто, мы не мелі права на сваё. Любая праява намі роднага выдавалася за «сепаратызм» i груба, жорстка душылася. Вось, калегі, перад вамі жывы прыклад,— хітнуў на Алеся (а ён сядзеў побач, па левую руку) .— Гэтага шчырага рупліўца на ніве асветы за пашану да роднага спачатку звольнілі з працы, а пасля за ўтварэнне прыватнай школкі на роднай мове сфабрыкавалі справу i засадзілі на тры гады ў турму...
Нямкевіч апусціў галаву — засаромеўся. Які ён герой?!
— Цяпер, кажу, школьная справа зусім занядбаная,—прадоўжыў Муха.—Наколькі я ведаю, шмат настаўнікаў на вайне i многія школы — надта па вёсках — пазачыняныя. Дзеці не вучацца. Адпаведна, разумовы i культурны ўзровень народа не расце. А гэта — нацыянальная трагедыя, калегі. Мы цяпер павінны ўзяць школьную справу пад кантроль i, па-другое, намагацца падняць з пылу родную мову, атрэсці яе i даць ёй жыццё ў школе... У якой меры — не ведаю, давайце параімся. Але што трэба нешта рабіць у гэтым накірунку,— бясспрэчна. Не па-гаспадарску, нават злачынна мову ў сем-восем мільёнаў галасоў запіраць пад сялянскімі стрэхамі, не пускаць у свет, глуміць як «не самостоятельную», «грубую», «корявую». Няма ў свеце «дрэнных» моў, усе мовы арыгінальныя, па-свойму цікавыя i вартыя самай пільнай увагі! I найвышэйшы гуманістычны ўчынак не ў тым, каб гвалтаваць, таптаць «нешчаслівую» мову, сілком насаджваць «шчаслівую», a ў іншым — у разуменні, у высакароднай падтрымцы. Ці не так, калегі?
Муха дэмакратычна ўсміхнуўся i абвёў усіх прыязным позіркам. Тут у меншым гурце ўжо не апладзіравалі, сядзелі ціха.
— Ну а цяпер прашу выказацца, даць свае парады.
— Можна мне? — падняў руку Тарашкевіч. Ён сядзеў з правага боку Мухі.
— Калі ласка,— прамовіў Муха i сеў.
— Думаю, не варта шмат красамоўнічаць пра тое, пра што толькі што слушна гаварыў старшыня нашай камісіі,— спакойна прамовіў той.— Гэта ўсім ясна. Загвоздка толькі ў тым, каб змусіць улады лічыцца з намі. Я паўтараю: не прасіць, а — змусіць. На нашы стогны, просьбы не зважалі, нават больш — затыкалі паліцэйскай потнай далоняй рот, замыкалі душу на замок. Аднак цяпер мы павінны не плакаць, а — патрабаваць. Свайго. A іменна: трэба ўтварыць таварыства — можа, i пад умоўнай назваю «Прасвет»,— а гэтаму таварыству не толькі трымаць у полі зроку нашу школу, не толькі ўводзіць у яе сваё, роднае. Трэба яшчэ i большыя намаганні. Але пачнём спачатку. Роднае абавязкова трэба ўзаконіць у пачаткоўцы. Адпаведна, трэба вывучаць родную мову, літаратуру, краязнаўства i гісторыю ў настаўніцкіх i духоўных семінарыях. Адпаведна, трэба ўкараніць родную мову, літаратуру і ў сярэднюю школу. Напачатку хоць бы на факультатыўнай аснове. Далей. Варта падбаць i пра пазашкольныя формы далучэння да роднай мовы, культуры, гісторыі. Для гэтага можна наладзіць курсы, народныя клубы, дамы, дзе самымі рознымі формамі прапагандаваць, ачалавечваць сваё. І ўрэшце рана-позна мы павінны дабівацца вышэйшай навучальнай установы на роднай мове. Без яе мы не паднімемся як нацыя, як культурная нацыя, падкрэслю...
— Дзякую, Браніславе,— сказаў Муха, калі той закончыў.— Хто яшчэ хоча выступіць, штосьці прапанаваць?
— Дазвольце мне,— падняўся ў зальцы высокі чарнявы хлопец і, убачыўшы Мухаў ківок галавою, выйшаў, стаў каля прэзідыума.— Дарашэнка, з «Гомельскага саюза беларускай дэмакратыі»,— загаварыў з вялікім акцэнтам, змякчаючы цвёрдыя зычныя.— Наш саюз вылучае тэзіс «поўнага аб'яднання Беларусі з усёй Расіяй, з шырокім самакіраваннем на дэмакратычных пачатках», «захаванне цэласнасці зямель Беларусі з горадам Вільняй як галоўным яе культурным цэнтрам», «прызнанне бясплатнай перадачы ў карыстанне беларускага народа на аснове закона Устаноўчага сходу дзяржаўных, манастырскіх, даркоўных, удзельных i прыватнаўласніцкіх зямель». Што датычыць мовы, то наш саюз лічыць, што ў навуковых установах усё ж няхай будзе агульнадзяржаўная мова, цалкам зразумелая для ўсіх беларусаў...
Читать дальше