Тым годам моцна разлілася Чарацянка.
Крушнікі раздзелены той рачулкай. Яна летам непрыкметная, вузкая, пераступіць можна. Летам праз кладкі людзі пераходзілі, калі неабходна было перайсці з вуліцы на вуліцу, зімой лёд служыў пераходнікам. Вадзілася шмат уюноў у Чарацянцы, хлапчукі і дарослыя кломляй летам лавілі іх і насілі кашамі.
Згубіліся берагі пад вадой, і новага берага не знайсці, не вызначыць – паводка разлівалася ўсё шырэй і шырэй, адваёўваючы ў зямлі ўсё больш і больш прасторы.
У Васіля лёгкі човен, які рабіў некалі бацька. Прасмалены добра, таму за столькі гадоў ні кропелькі не сапсаваўся. Узмах вясла – і човен нячутна і доўга слізгае па вадзе, спрэс пакрытай шыгаллем і струхлелай карой, толькі чуваць, як яна журчыць, віхурачыся за кармой.
У затоцы ён паставіў надоечы жакі. Таксама ад бацькі, але і сам аднаго змайстраваў – маці навучыла плесці сетку, а дзед Міхась дапамог асадзіць. Заходзілі ў жакі ліны і шчупакі. Смачную тады маці гатавала юшку. Сушыла на зіму рыбу, тады ад таго кіслага баршчу, – з грыбамі ды сушанай рыбай, і за вушы не адцягнеш.
Маці рыхтавала такія стравы падчас пасту. Сама пасціла і сына прывучала да таго. Малітвы з ім развучвала, вучыла звяртацца да Бога па дапамогу…
Недзе тут жа стаялі і жакі Рукана. Казалі хлопцы, што на чаўне плаваў, прыцемкам хаваўся ад людзей, – мусіць, не толькі ў свае жакі заглядваў…
Падумаў пра яго і тут жа сплюнуў – з-за пакручастых карчоў выплываў, седзячы ў чаўне, Рафал Рукан.
Не даплыўшы метраў з дзесяць, крыкнуў:
– Дык во хто, выходзіць, мае жакі пустошыць? Ну, тут я з табою і разбяруся. І за жакі, і за гадзюку, што ледзьве не ўджаліла мяне. Разбяруся без сведкаў. Ён падграбаў бліжэй і бліжэй, стараўся як хутчэй даплысці да Васіля, каб сплаціць свой чорны доўг, адпомсціць, балазе, што нікога і не было вакол – сапраўды, мог адправіць на той свет і канцоў ніхто не знайшоў бы…
Васіль напяўся, бы струна, напруціўся, але адкінуў ад сябе ўнутраны страх – як і тады, пры спатканні з гадзюкаю, чакаў ужо, калі падплыве ненавіснік бліжэй.
Нічога добрага ад Рафала не чакаў, і ведаў, што жывым яго не пакіне – злосны і адчайны выраз твару пра тое гаварыў, і паратунку Васілю не было ад каго чакаць…
Падплыўшы амаль побач, выняў з вады важкае і доўгае вясло, і замахнуўся ім, занёсшы яго за спіну, абдаўшы самога сябе кроплямі вады і шумавіннем, што злятала долу, вырачыў помсліва вочы, перакрывіўся ў твары, адчуваючы асалоду помсты, нахіліўся ўбок, каб ямчэй ударыць…
І мог бы раструшчыць хлапчука, рассекчы яго на двая, як вострым мечам, – кляновае вясло важыла ці не пуд з гакам, і каня-стаенніка мог забіць…
І ўжо над галавой Рукана было занесена вясло, ужо скіроўваў яго на Васіля, ды злаўчыўся нечакана хлапец, у імгненне вока выхапіў з-пад ног дзедаву стрэльбу і, не цэлячыся, стрэліў некуды ўверх, туды, адкуль павінна было ляцець вясло-меч на яго галаву…
Выбух скалануў нізіну, рэха паляцела-паскакала па гладзі разліву і невядома дзе страціла сваю моц...
На галовы пасыпалася-пацерусілася здробненае лісце, што толькі ўбіралася ў сілу, і дробная труха – ад галін вербалозу…
Вясло адляцела назад, вырвалася з рук Рафала, і шчапа ад яго дробненька разляцелася ўбакі, асядала, як снег, у сінім дыме.
Рукан тут жа, як камель, паваліўся ў лодку, выпусціўшы з рук рэшткі вясла – кароткае дзяржанне і засталося ад яго.
“Забіў?! Няўжо – забіў? – трывожна падумаў хлапчук, паклаўшы на дно чаўна стрэльбу. – Што ж цяпер рабіць? Уцякаць? А дубэльтку ўтапіць ці схаваць дзе, ды так, каб ніхто ў свеце не знайшоў… Але ж каму трэба, той знойдзе…”
Рукан, аказваецца, не ляжаў, а стаяў на ўсколенцах, сагнуўшыся ў чоўне. Калаціўся, баяўся нават падняць галаву.
“Жывы… Слава Богу – жывы”.
– Ану, сядзь, сволач! – загадаў Васіль. – Сядзь і паглядзі мне ў вочы. Ну-ууу!..
Рукан паслухаўся, сеў, павярнуў галаву. Твару не пазнаць – як у калюжыну з брудам пляснуўся: потны, страшны, перапалоханы да смерці, ніжняя сківіца адвісла, трэслася, зуб на зуб не пападаў…
Ад таго Рукана – злоснага і непрымірымага – і следу не засталося, выглядаў ён нікчэмна і нічога чалавечага ў ім не засталося, быў падобны на злоснага звера, які папаўся ў цянёты і павінен быў адказваць за свае пачварныя ўчынкі па ўсёй строгасці чалавечага закону…
На яго было прыкра нават глядзець.
Васіль чакаў, калі ў яго позірку з—явіцца нешта накшталт цікавасці ці ўвагі, адчуваў, што дрыготка ва ўсім целе не праходзіла.
Читать дальше