А потым той жа бульдазерыст Гуліцкі патлумачыў, што і сам не ведае, як зачапіў тую злачасную бетонную перамычку – да яе яшчэ было ладна адлегласці. Не думаў, што зачэпіць, і не думаў, што ўпадзе менавіта туды, дзе бетоншчык замуроўваў свой падман…
І зноў жа – нешта ў гэтым здарэнні было не так, не лагічна, адным словам. Бульдазерыст – чалавек вопытны, можна сказаць, ювелірна працуе. Так аб ім адгукваўся галоўны інжынер трэста, які даўно ведаў яго. А “сам не ведаю, як” – адказ для яго не падыходзіць, бо вельмі ж ненатуральна і бездапаможна выглядае. Новая экспертыза. Цяпер ужо на спраўнасць тармазной сістэмы. Колькі гадзін па просьбе Зінчука знаёмы механізатар “ганяў” бульдозер па пляцоўцы, што была побач з бальніцай. Праедзе метраў з дзесяць – тармозіць, зноў праедзе – рэзка спыняе…
На трэцяй гадзіне атрымаўся першы збой – тормаз на нейкія секунды выйшаў з-пад улады. Праз паўгадзіны – тое ж самае.
Тады Зінчук піша ліст на завод – ці можа такое быць? Доўга не было адказу. І з аказіяй у тым горадзе быў следчы з суседняга раёна – і Зінчук папрасіў яго, каб заскочыў на завод да галоўнага інжынера.
Той пісьмова пацвердзіў, што такое можа здарацца ў рэдкіх выпадках – калі бульдозер акажацца ў нахіленай плоскасці. Па тэхнічнай дакументацыі дапускаўся нейкі працэнт “непаслухмянасці”…
За паўгода, як цягнулася следства, Зінчук пабываў з дзесятак разоў на будаўніцтве аб’екта.
А аднаго разу нечакана наведаўся дадому да Зубрыцкага, хаця той і не запрашаў яго да сябе… Вельмі здзівіў гаспадара і гаспадыню.
У двухпакаёўцы было ўтульна і ціха. Кнігі на паліцах шафы, тэлевізар у куце. Убачыў за шклянымі дзверцамі граматы. Не ўтрымаўся, нахіліўся, каб прачытаць.
– А гэта адкуль? – пацікавіўся, паказаў на адну з іх, вялікую, якая адрознівалася ад стандартных, савецкіх, якія ўручалі будаўнікам светлага будучага.
– Гэта Цэдэнбал падпісаў. Будавалі мы ў Манголіі дамы. З жонкай былі. Тры гады.
– Спякотна было?
– Невыносна. Першы год думалі, што не вытрымаем. А потым неяк уцягнуліся.
Размова, адчувалася, не клеілася. Зубрыцкі адчуваў сябе няхай не скавана, дык па крайняй меры насцярожана, бо следчы не дзяліўся сваімі думкамі, трымаўся заўсёды аднолькава – сур’ёзна-разважліва, з задумлівым выглядам. Зрэдку ўсміхаўся, але гэта калі размова заходзіла пра нешта іншае, па-за межамі асноўнай тэмы.
Глядзелі фотакарткі ў альбоме. Васіль Андрэевіч тлумачыў, дзе і ў якім годзе былі зроблены здымкі. Сам шмат здымаў, быў вялікім аматарам фотапалявання. – Гэта ў школе, разам з дырэктарам – Міхасём Пятровічам, а гэта ў вучылішчы будаўнікоў разам з сябрамі.
– А гэта?
– Кладзем першыя дамы. Здымаў завуч для стэнда будаўнічай школы…
– І колькі вы дамоў пабудавалі ў Гомелі? – спытаў Зінчук, загортваючы альбом. – Я і сам некалі быў падручным рабочым у муляра…
– Колькі? – перапытаў Зубрыцкі, узяў альбом, паклаў на паліцу за спіной. – Ды іх цяжка пералічыць. Амаль усе, што праспекце Леніна, які вядзе да вакзала. Потым – гасцініца, сам вакзал, дзве бальніцы, ну і высоткі – з дзесятак…
Госць крутануў ухвальна галавой, самкнуў губы, брыво выгнуў:
– Ого! Не кожны можа пахваліцца такой будаўнічай біяграфіяй. А самі ў такой малой пражываеце…
– Ды ў такім грамадстве жывем – робіш для іншых, а для сябе потым. “Раньше думай о Родине, а потом о себе”. Так, здаецца, у патрыятычнай песні гаворыцца?
– Так, усё правільна.
– З шаснаццаці гадоў пачаў класці цагліны. А пасля работы кіраваўся на заробкі – будаваў людзям падвалы. Пасля вайны ўсяго не хапала – яды, адзення… Але арганізм малады, вытрымліваў нагрузкі, хаця на галодны жывот цагліну не падымеш…
– Так, так, Васіль Андрэевіч… Ведаю па сабе. Памятаю.
Гарбата духмяная і пахкая. Ад кубка ідзе пара.
Зінчук любіў гарбату. Асабліва з палескіх зёлак. Ранней прывозіў з лесу цэлы мяшок, сушыў у цемнаце на скразнячку. Пакаваў у розныя пакеты і падпісваў. Потым стала бракаваць часу, і пачаў купляць у бабулек гатовыя. Нават заказваў, прасіў, што неабходна было. А потым, як здарылася чарнобыльская катастрофа, у лесе нельга было збіраць ні грыбы, ні ягады. Тым больш зёлкі…
Але бабулькі ўсё роўна нарыхтоўвалі і прадавалі, не звяртаючы ўвагі на забароны і ўказы. Куплялі ў іх людзі багун і чабор, чагу і сухія чарніцы…
Ужо як змерклася, Зінчук апамятаўся – паабяцаў жа жонцы, што паможа з дзіцём, падменіць яе на гадзін колькі, пакуль яна паспраўляе ў горадзе свае жаночыя клопаты. Сварыцца, ведаў, не будзе, але пакрыўдзіцца – маўчаць будзе, нічога не гаворачы…
Читать дальше