І – не ўбярогся, як прасіла маці.
Падцікавала усё ж яго гадзюка, пеканула джалам у лытку праз парваную калашыну. Ці то наступіў на яе і яна так абаранялася, ці то тая самая, якая неўзлюбіла яго і чакала яго, сачыла-назірала за ім… А мо і за вужыка помсціла, хто ж пра тое ўведае… Ён і не бачыў яе, а толькі адчуў, як быццам хто дакрануўся да нагі жарынай з агню, ці як хто сярнічку запаліў ды ткнуў у цела…
Выскачыў на прагаліну.
Перш-наперш закасаў калашынуну – і ўгледзеў сляды ўкуса – дзве жоўтыя кропачкі. Нага пачала апухаць на вачах. Ведаў, што ісці цяпер небяспечна – ад напругі атрута можа расцячыся па венах і дайсці да сэрца. І стаяць не выпадала – трэба было шукаць якой-небудзь рады.
Успомніў, што непадалёк была дарога на Бобрык, кудой часта хадзілі машыны – вазілі на мазырскі прамкабінат лес. Паскакаў на адной назе, апіраючыся на дручок, здагадаўшыся перад гэтым перавязаць раменьчыкам нагу вышэй дзвюх жоўтых кропачак.
Спыняўся часта, узмакрэў, але праз якое паўгадзіны выбіўся на галоўны шлях. А яшчэ праз паўгадзіны з боку Бобрыка паказалася гружоная лесам машына.
– Дзядзечка, падвязі да горада – мяне гадзюка ўкусіла, – папрасіўся ён, калі машына спынілася і з кабіны выглянуў пажылы, у паношанай майцы, вадзіцель.
Той усё зразумеў, адчыніў дзверцы з другога боку, загадаў:
– Сядай, падвязу!
І ўсю дарогу назіраў за ім, супакойваў, што ў бальніцы дактары хутка дадуць яму рады і ён вечарам вернецца дадому.
Што ні рабілі дактары, нічога не дапамагала. Давалі ўколы і таблеткі, пералівалі кроў і ставілі кропельніцы, а нага была што бервяно – ні стаяць на ёй, ні паварушыць нельга было…
Так і выпісалі праз тры дні дадому – дактары бездапаможна развялі рукамі.
Маці здагадалася, найперш сэрцам адчула, што раз не вылечылі, то адправілі дадому… паміраць.
А Васіль нічога не ведаў, нават не здагадваўся ні пра што, бо верыў таму, што сказаў вадзіцель, што падвозіў яго да самай бальніцы, сказаў, давёўшы да дзвярэй прыёмнага пакоя: “Медыцына ў нас самая лепшая, савецкая, падлечаць як трэба…” Ён і радаваўся, калі ехаў з маці дадому – на калгаснай фурманцы, думаў, што яго вылечылі, і цяпер усё пойдзе на папраўку.
Мальвіна папрасіла старшыню калгаса Дубікоўскага, каб даў падводу прывезці сына з бальніцы. Старшыня не адмовіў, уважыў жанчыну.
Дачуўся пра лясное здарэнне Васілька дзед Міхась.
Ранічкай прытрухаў да хлопца.
– Што, ёлкі-маталкі, не ўбярогся?
– Не ўбярогся, дзядуля. Яна, гадаўка, даўно палявала за мною, я ведаю. Апошнім разам уратаваў мяне вужык, а тут я сам падсунуў ёй сцягно…
– Пакажы, нябожко, сваю нагу…
Стары мацаў, круціў і так, і гэтак, хмурыўся аднак, хітаў галавой, і пільна глядзеў на хлапчука – як церпіць боль.
– Пазнавата, ёлкі-маталкі, але паспробуем. Чаму ж адразу, як здарылася тое, не прыйшоў да мяне? – злаваў дзед і кашчавымі рукамі не пераставаў абмацваць нагу.
А яна была ўся сіняя, як не чорная, не было бачна пражылкаў.
– Машына акурат ехала ў Мазыр – падвёз шафёр. Ён жа і памог мне адразу да дактароў…
– Да дахтароў, да дахтароў… Ну, што твае дахтары? Дадому выкінулі цябе. Як паміраць сядно. Ты мне вось што, ёлкі-маталкі, скажы: ці зможаш паказаць тую мясціну, дзе яна жыве, дзе ўкусіла цябе? Ну, маліннік той знойдзеш?
– Ды ведаю я яго добра – Гіблае балота, пачатак Чэрценя. А навошта табе?
– Эх, ёлкі-маталкі! Адабраў ты ад мяне юнацтва, а старасць я табе і сам аддам, – уздыхнуў дзед, паклаў рукі на кавеньку, падпёр бараду, прымружыў на момант вочы.
Таго, што сказаў дзед Міхась, Васіль не зразумеў.
Пра стрэльбу зразумеў – яна яго маладосць. А як жа ён можа адабраць у яго старасць. Але спытаць не паспеў – яго зноў ахутаў імговы сон, і ён ужо нічога не чуў, нікога не бачыў…
… – тут вось, – паказаў Васіль на малінавыя зараснікі.
– Ну, добра, пасядзі пакуль на возе, а я паразмаўляю з тваёю крыўдзіцелькай. Пачакай мяне – я не забаўлюся…
Дзед пайшоў да малінніка, сеў на грудок, адвярнуўшыся ад хлапчука.
Потым Васіль пачуў, як дзед Міхась пачаў ціхенька працяжна насвістваць – цягне доўга, а потым перастае… Зазыўны быў яго свіст, усё роўна як з некім размаўляў на незразумелай мове. Пасвішча – і перастане, перапынак зробіць, пасля зноў так, але ўжо трошкі даўжэй, – і зноў нечага чакае.
Дзіўна было збоку назіраць за дзедам, бы не пры сваім розуме ён быў, бы здзяцінеў.
Пра старога ў Крушніках паданні цэлыя хадзілі.
Ён лячыў ад пуду, нават жывёлу на ногі ставіў. Мог сказаць, дзе знаходзяцца каровы, якія адбіліся ад статка і намерыліся начаваць у лясных нетрысках. Валодаў ён нейкім таямнічым дарам. Пэўна ж, адчуваў, як ніхто, душу і сэрца не толькі чалавека, а і ўсяго жывога на зямлі.Прыязджалі да яго з розных і далёкіх краёў. Нават і з Сібіры.
Читать дальше