За імі забралі выпускнікоў – Смоліча, Чурылу, Майсеню і Генаша. Узялі Барэвіча, выкладчыка Гайдучыка ды яшчэ і яшчэ, каго цяпер, на вялікі жаль, ужо і не ўспомню.
Паводле чутак, усіх абвінавацілі ў антыкалгаснай прапагандзе. А Барэвіча з Гайдучыкам – у змове для страшэннага злачынства – забойства першага сакратара Гарадзенскага абкама партыі Сяргея Прытыцкага.
Зрэшты, ці такое абвінавачанне было на самай справе, ці гэта толькі плётка, ніхто толкам сказаць не мог. Адно шмат гадоў пасля рэабілітацыі яны расказалі прычыну мне самі. Для астатніх ахвяр энкэўсаўцы не змаглі прыдумаць і важкіх абвінавачванняў.
Чаго ім толькі не прыпісвалі! Аднаго студэнта ўзялі, бо выключыў у пакоі радыё, калі гралі «Інтэрнацыянал». Другога пасадзілі на дзесяць гадоў у лагер, бо сказаў, што надта ж любіць, калі іграюць замежныя акардэаністы. З суседняга з маім пакоя ўзялі хлопца, бо, збіраючы грыбы, бачыў бандытаў. Студэнт пра іх адразу і заявіў, але гэта было няважна. Маўляў, выйшлі бандыты, бачыце, не да каго іншага, але да яго!
Яшчэ хлопца ўзялі, бо ў час студэнцкага суботніка, падышоўшы да сяброў, калі ўсе курылі, пакпіў:
– Ну ж і працуеце вы, як стаханаўцы!
Дачка дырэктара шклозавода вярнулася з рынку і праспявала фразу, якую пачула ад п’янай бабы:
Ах, калхознічкі, канарэечкі,
Усё ро-обім мы за капе-ечкі!
Сястра паўтарыла другую п’яную:
Шла ў калгас – юбка нова,
Шла з калгаса – попа гола, ух, ух!
Абедзвюх блізнятак ноччу забралі, і больш іх ніхто не бачыў і не чуў.
Неўзабаве яшчэ некалькі дзесяткаў студэнтаў выключылі з інстытута бытта бы за дапамогу акупанту ды за тое, што ўтаілі мінулае, – бачыце, яны былі дзецьмі «ворагаў народа».
Студэнтку Ліду Перагуд прыперлі, бо, выходзячы замуж, шлюб брала ў царкве. З-за канспірацыі абрад рабіць ездзіла ў Вільню, аднак знайшліся даносчыкі, і хітрасць Лідзе не дапамагла.
У лік выключаных трапілі нават інваліды ВАв (М.Якімовіч ды іншыя), а таксама хлопцы, якія ў вайну маглі быць толькі пастушкамі. Яны вучыліся пры немцах у беларускіх школах, там іх механічна залічылі ў Саюз беларускай моладзі, і энкэўсаўцы завялі на іх справу як на падсобнікаў акупанта.
Кожнага з іх я добра ведаў. Абвінавачанні супраць хлопцаў і дзяўчат былі недарэчнымі. Але ж зноў ніякіх афіцыйных тлумачэнняў – ні рэктарату, ні родным, ні мне, старшыні прафкама.
Пад уладай чырковых
Усведамленне таго, што ўзятыя і выключаныя з інстытута нічым абсалютна не адрозніваюцца ад астатніх, у тым ліку і ад цябе, што існуе нейкая пачварная, усемагутная сіла, якая творыць беззаконне, чалавека аглушала ды паралізавала. Ты ўвесь час быў наструнены ды чакаў: вось-вось і да цябе, голуба, дабяруцца. Напэўна дабяруцца, як ні круціся. Што ж, па іхніх мерках і ты гэтага варты: жыў не так, як ім хацелася б. Выходзіць, я шкоды нарабіў?
I я зноў перабіраў усе падзеі мінулага да дробязей, так і гэтак смакуючы, ды зноў нічога не знаходзіў. Хоць ты пад зямлю залазь.
На калісьці ціхай, з пышнымі кустамі бэзу вулачцы Лермантава віднеўся масіўны асабняк. У ім цяпер азотна-тукавы камбінат абсталяваў гасцініцу на 35 чалавек. Па горадзе папаўзла раптам вестка, што ў будынку тым пасяліўся начальнік НКУС Гарадзенскай вобласці – грозны Фралоў. Што менавіта ад яго ідуць усе тыя страхі. Таму будынак за бэзам, хто толькі мог, абыходзіў.
I смех цяпер у гэтым прызнацца, але надалей мяне ўвесь час мучыла, тачыла і свідравала непераадольнае жаданне – эх, трапіць у Маскву, дабрацца да таварыша Сталіна ды расказаць ЯМУ пра ўсе-ўсе злачынствы, якія ад яго імя твораць тут розныя самадуры! Хто падкажа, як гэта зрабіць?
Вядома, пасля апошніх «вывазак» знайшліся зноў такія, што не змаглі перажыць той атмасферы ды ўцяклі ў лес, павялічыўшы банды. Аднак пераважная большасць усё ж цярпела. Бо і дагэтуль людзі перажылі шмат. Народ паступова прызвычаілі існаваць у якімсьці здранцвенні, вечным страху, маўчанні. Разам з усімі маўчаў і я. Тым больш, набліжаліся дзяржаўныя экзамены. Затым меўся адбыцца выпуск, а разам з ім і надта знамянальная для мяне з’ява – атрыманне дыплома, аб якім у маёй вёсцы да вайны гаварылі, як аб нечым недасяжным і магутным: ён бытта бы ўсюды для цябе адкрывае дарогу. За 25 кіламетраў на захад ад Гародні знаходзіўся раённы цэнтр Сапоцкіна. У ліпені 1949 года мяне накіравалі туды загадчыкам раённага аддзела народнай асветы.
Будучы студэнтам, я ўсё ж такі быў далёкі ад рэальнага жыцця, бо на самай справе яно аказалася куды страшнейшым, чым мне здавалася. З ім давялося сутыкнуцца ўжо пры афармленні на работу ў абласным аддзеле народнай асветы. Выседжваючы ў прыёмнай аблана, пакуль афармлялі мне накіраванне, я стаў сведкам, як загадчык аблана ўгаворваў нейкага чалавека згадзіцца на пасаду дырэктара дзіцячага дома ў Парэччы.
Читать дальше