Матко боско! Езус Хрыстус!.. Я ж вам галоўнага — перадачы ад нашай Дануські — не дала! Чаго ж я, старая, маўчу!.. Псік, не лезьце пад ногі, пачакайце! — старая кінулася да шуфляды ў чорнай і паточанай шашалем шафе.
Мяне працяло балючае прадчуванне нечага новага і надзвычай важнага.
Езус Хрыстус! Пан Ян не быў аж пятнаццаць гадоў у нас. Божа свенты!
Прыціскаючы да грудзей добра вядомую мне скрыначку са сла-новай косці, у якой Дануся трымала свае стужкі і шпількі, жанчына не ведала, што рабіць. Яна баялася, каб вестка мяне не забіла.
— Ну, не цягніце, цётка Антося! — узмаліўся я. У часы нямецкай акупацыі ў Вільні сярод палякаў развіўся падпольны рух. Кіравала ім нацыяналістычная арганізацыя Арміі Краёвай. Дануся служыла ў камендатуры і была звязана з гэтай арганізацыяй.
Пасля забойства Станеўскага Данута яшчэ служыла амаль паўтара года ў камендатуры і ратавала людзей, якія пападалі немцам у лапы. Затым яна наладзіла сувязь з савецкімі дэсантнікамі і нават пабывала ў іх.
— Я яе збірала тады ў лес,— расказвала цётка.— Яна выходзіла ўпэўненая, што вас убачыць, а вярнулася сумная — слова нельга было выдабыць.
Вясной 1944 года фашысты западозрылі Дануту. Пачалі сачыць за ёй, потым арыштавалі. Пасадзілі і мачаху.
Па дзіўнаму непаразуменню фашысты перш за ўсё расстралялі чалавека, менш вінаватага,— пані Вацлаву! А Дануту доўга пратрымалі ў Лукішках.
Тым часам польская адміністрацыя, якая была на службе ў немцаў, пачала за яе, дачку генерала, клапатаць. Немцы пайшлі на ўступкі: Дануту судзілі па ўсіх законах, нават дазволілі наняць адваката.
На працэсе суддзі і пракурор заявілі: «Яна — сапраўдная поль-ская патрыётка, небяспечная для Трэцяга Рэйху, і яе перавыхаваць, на жаль, немагчыма, а таму яна падлягае знішчэнню!»
Перад смерцю ёй удалося напісаць пісьмо для мяне. Яго і падала Антося ў скрыначцы.
Я пайшоў на двор і сеў на нейкую бочку.
«Веру, ты маё пісьмо атрымаеш,— чытаў я на пажоўклым ад часу і вільгаці лісточку паперы, спісанай звычайным алоўкам.— Янэчак, я не толькі не злую на цябе, але тваім учынкам ганаруся. Тысячу разоў думала, што так і павінна было стацца. За гэта цябе і люблю. Ты мяне нібы ўстрасянуў, і я прачнулася. Пасля таго вечара я зразумела, што калі расстрэльваюць чалавека, мала яму толькі спачуваць і крадком перад смерцю падаць кубак вады. Успомніла, што мяне вучылі быць ахвярнай, сумленнай і адважнай, ад мяне нечага асаблівага чакаў тата...
Я прыйшла да сваіх і пачала дзейнічаць. Пастаралася ўгаварыць наша панства лічыцца з вамі, пераканала шукаць сувязі з беларускімі партызанамі. Нават сама вызвалася пайсці на сустрэчу...
I вось я ў лагеры Сокалава. Пра ўсё дамовілася з ім і толькі ў адным спазнілася: капітан мне паказаў цябе з іншай, і я вырашыла, што лішняя. Пра гэта, думаю, расказаў табе сам Сокалаў.
Якая ж потым была мука адчуваць твой локаць і адначасова разумець, што ты ўжо не для мяне!.. Ты, мабыць, і не падазраеш — я табе разведала, што пад цюкамі прасаванага сена немцы вазілі танкі, а ў бутлях не газы, а — кісларод для запраўкі самалётаў?!.
Жыць засталося лічаныя гадзіны. Я слабая. Паміраць страшна. Пан Адам, які вынесе пісьмо, сёння шапнуў: фронт ля Мінска! Я ведаю розумам, што жыву ў гістарычныя дні, а гісторыя чалавецтва пішацца слязьмі і крывёю, я — толькі адна з мільёнаў ахвяр, але бунтуюся: чаму менавіта я павінна быць гэтай ахвярай?
Часамі ўгаварваю сябе, што не можа быць, каб я зусім знікла з гэтага свету, каб нічога не чула і не бачыла. Мне лёгка сябе ўгава-рыць, што нічога не зменіцца, хоць мяне і заб'юць. Ведаю, Янку, ты або мой тата смерць сустрэлі б горда і спакойна, як сапраўдныя мужчыны. За гэтую сілу я цябе і кахала... Адно пэўна — каб цяпер хто вярнуў жыццё, рабіла б зноў тое самае!
Якая я была калісьці наіўная! Дзеля бацькоў вырашыла стаць Марыляй Верашчакай, і мне здавалася: у гэтым маё найбольшае геройства! Я марыла, што аб маім учынку даведаецца пісьменнік, напіша раман, і тады я стану несмяротнай.
А магло стацца, што, скончыўшы школу, выйшла б замуж за самаўлюбёнага маньяка і прыдурка Любецкага і існавала б, як тое дрэва без верхавіны. Самай большай падзеяй за дзень для мяне было б тое, што муж зламаў ногаць, а ўжо трагедыяй — калі б у час не атрымала моднай сукенкі з Парыжа або на аперэту з артысткай Янінай Кульчыцкай дастала б білет не ў першы рад, а ў пяты!..
Звіняць ключы! Гэта па мяне!..
...Не ведаю, ці доўга была без свядомасці. Апрытомнела разбітая і мокрая на ложку ў сваёй камеры. О праклятыя нарманы! Вы толькі спачатку маглі мець поспех, пакуль культурны свет апамятаўся! Вы не можаце перамагчы, бо вяртаеце гісторыю да гунскага перыяду!.. Будзе, Янэк, час, паспрабую апісаць табе ўсё, што было са мной на допыце. А цяпер прадоўжу пісьмо.
Читать дальше