— Ой, жанкі, ой...— паспела яна яшчэ крыкнуць і пачуць свой крык, не адрываючы вачэй ад рукі, што аплывала крывёю. А далей ужо нічога не памятае. Паваліліся, пападалі снапы, што так добра былі складзены на полі, такія цёплыя на сонцы, цёплым сонцам палілося з гэтых снапоў жыта, засыпала яе, заліло чырванню, зрабілася солана і горка ў роце. I ўсё.
I далей усё так, як праз сон. Дачка расла сама па сабе. Чорненькая, таму што ўдалася ў яе, маці, і ад таго, што ўвесь час корпалася ў зямлі, залазіла ў пясок па самыя вушы — Ненене больш за ўсё і на памяці гэты слядок, адбітак дзіцячага цела на зямлі, калі яна выхоплівала яе з пяску — дачка зрэдку летам давала знаць пра сябе, ціхім віскам патрабуючы есці, узімку ж замаўкала на печы зусім. Ненене і рада была б прыгарнуцца да дачкі, прыціснуць яе да сябе, напесціць, палашчыць, але калі тое было песціць і лашчыць. Часу і то не заўсёды хапала толькі на тое, каб падумаць пра ласку, адчуць яе ў сабе, а далей усё памірала ў ёй, мярцвела, яна душыла пяшчоту, таму што блізка-блізка былі слёзы: вочы натыкаліся на гэтыя слядкі дзіцячага цела па вільготным спрасаваным пяску. Дзве ўпадзінкі ад дзіцячых гладкіх палоек, дзве зморшчынкі ад ног-стручкоў, збоку слядкі пальцаў, кіпцюрыкаў-скрабушак і цёплая, зацярушаная пяском галоўка дачкі ў яе далонях. I цёплае дакорлівае сонца пад дачкой і маці.
Ні на кога не наракала, нікога не кляла — так жылі ўсе. Так раслі ўсе — што гарох пры дарозе, хто ні ідзе, той і ўшчыпне. Неўпрыкметку падымаліся на ногі, атрасаліся ад пяску, адмываліся ад лета, ад дзяцінства, бралі торбачку і па жоўтым лісці, пажухлых травах, скрозь паветра, горкае ад дыму запаленага бульбоўніку, спяшаліся да школы, да вучобы, да працы. Неўпрыкметку рабіліся дарослымі ці ўпоравень з дарослымі. Рукамі, што былі яшчэ ў чарніле, бралі лён, сушылі, мачылі яго, калі ўжо прыпадалі халады, калі лёд ужо прыкіпаў да берага, у Вясковым возеры. Ох, лён той, лён, у песнях толькі пра яго хораша: «На гары лён, на гары лён, белы кужаль...» А даставаўся ён... Вясковае пры беразе — што шкло. А ты босая на гэтым лёдзе, спадніцу падаткнеш, каб было потым чым ногі абсушыць, выцерці. А дачка каля цябе, памочніца. Выпадала нейчым дзецям, якія пры бацьках, выпадала і шчасце, дабіваліся даведак, пакідалі вёску, беглі ў горад, выходзілі ў людзі, прытыкаліся рабіць ці то на чыгунцы, на пуцях, ці то на якой будоўлі. Сваёй дачцэ яна таксама выплакала даведку. Праз гэтую даведку яна і на той свет пайшла. Ох, недарэмна гавораць: у багатага сам чорт дзяцей калыша, а беднаму...
Непрыкметна вырасла дачка, непрыкметна і пакінула яе, нечакана, як і мужык. З'ехала ў горад, на вучобу. Навучылася. Горад звёў у сырую зямельку. Знайшоўся там чалавек, ваенны, афіцэр. Пакарыстаўся і пакінуў, ды не адну. З гора, у роспачы і налажыла яна на сябе рукі. Вось з таго часу, ноччу, упершыню Ненене і пачала сваю гутарку з тым, каго ўжо даўно не было. Усё за долю сваю спаўна выказала. I ўцягнулася плакацца і жаліцца. Жыць ёй стала крышку лягчэй. З яго дапамогай зусім не цяжка было ёй адмовіцца і ад дапамогі «братоў і сясцёр-баптыстаў». Яны ўжо зусім былі. пратапталі сцежку да яе хаты, ледзь-ледзь змеркнецца — пад рукі і да сябе, на маленні. Добрыя людзі, нічога не скажаш, памяркоўныя, і прыбрана ўсё ў іх, і прэсвітэр адукаваны, памяркоўны. Яны ўжо ёй і па гаспадарцы дапамагаць пачалі, прыйшлі плот ставіць. I мо паставілі б, выгарадзілі яе. Але тут дзядок, адзін з братоў, не так ужо каб і зусім дзядок, ад маленняў сваіх хутчэй састарэў, узяўся расказваць Ненене соп свой. Нібыта сасніў ён, як ад яго хаты да хаты Ненене перакінулася: пітка, пітка ад брата да сястры. I пачаў ён тую нітку цягнуць, але выцягнуў чамусьці не яе, Ненене, а мужыка.
— Якім жа з сябе той мужык быў? — спытала Ненене дзядка.
— А нікуды мужык,— хітра ўсміхнуўся дзядок.— Ні кожы, ні рожы, адны косткі толькі. Шынялёк на ім вайсковы...
— Прапалены збоку і не зашыты, руды...
— Руды, прапалены, шапка вайсковая.
— Не шапка, а шлем кавалерыйскі з зоркай.
— А ты адкуль усё ведаеш?— здзівіўся дзядок.— Сон, сястра, мой.
— Казёл ты стары,— уз'елася Ненене.— Я такая табе сястра, як ты маёй Мілцы брат. То ж мужык мой быў... Каб і духу тут вашага не было.
Браты пачалі супакойваць сястру, але яна пагнала іх ад хаты зусім не па-брацку, мацюком. I не злосць, а жах былі ў тым яе мацюку, страх вар'яцтва поўнага ўжо, і не толькі начнога, але і сярод дня. Гэта ж і днём яна будзе гаварыць з тым, каго няма, хто і пры святле ходзіць па зямлі ценем. Яна сама стане ценем. Улезуць, ужо ўлезлі ў вушы і сэрца гэтыя браты і сёстры. А яна хацела і хоча толькі сама па сабе, толькі самой сабой. Добрае, благое, а ўсё яе, усё пры ёй. I вар'яцтва ўначы — толькі яе. Гэта яе жыццё. I яна панясе пры сабе і па сабе ўсё, што наканавана ёй, да самага крыжа. I несці ёй не так ужо і мала, і не толькі благога. Дык навошта ж разам з благім закопваць, хаваць і добрае. Картопля, слава богу, яшчэ родзіць, на булку хлеба яна заробіць у калгасе, карэц малака ўдзень дасць ёй Мілка. Што ёй яшчэ трэба. Таго, што было, не вернеш, а ад таго, што будзе, не ўцячэш і нідзе не схаваешся. Яна, як здольна, наколькі яе хопіць, хацела давесці сваё жыццё да канца, да кола, таго, што выпала, як выпадала ўсім, з кім побач ішла, з кім разам нарадзілася, дзяліла ўсё на гэтай зямлі, у роднай ёй хаце. Дайсці да канца, нікуды не збочваючы, ні перад кім не пакрывіўшы сэрцам. I тым самым як бы адліць, адплавіць сваё існаванне, сваё жыццё на гэтай зямлі ў нейкую завершаную форму, у якой усё ёсць: пачатак, працяг, заканчэнне — і, здаецца, нічога няма — усё ў той жа форме, як у завершанасці кола, пярсцёнка. I ў гэтым ёсць і няма яна бачыла і нейкае ззянне, нейкі срэбраны звон чуўся ёй. Мо то быў звон вясельных бразготак, а мо й нешта зусім іншае, той звон і тое ззянне, якім абвяшчае аб сваім нараджэнні кожны новы дзень, калі яшчэ і не ўднела як трэба, толькі сонца ўзыходзіць, толькі травы ў росах гараць, і ва ўсім, нават у паветры,— толькі абяцанне. Усё гэта было невыразнае ў словах, у выказваннях, але не ў адчуваннях. I само гэтае імкненне да завершанасці не было чымсьці толькі яе, асабістым, яно перадалося ёй ад той жа зямлі, на якой ёй выпаў талан парадзіцца, ад той працы, якую яна рабіла. На зямлі ўсё ж было завершаным, прадугледжаным. Хто прадугледзеў гэта — невядома, але ён усё разлічыў, усё так разумна прыстасаваў: вясну да лета, восень да зімы, снег да вады, ваду да людзей, кожнай істоце ўстанавіў месца і прызначэнне. Тое ж самае было і з працай: сяўба, збор і ўдабрэнне. Разумнае ўдабрэнне ўсяго, што акружала чалавека, яе, Ненене, яе мужыка, іх дачку.
Читать дальше