Спуджана замычэла, засапла і ўстала на ногі карова. З дня на дзень яна павінна была ацяліцца, і Ненене спачатку таксама падхапілася на ложку, але потым прыгадала, што перад тым, як легчы, яна глядзела на сваю Мілку і сёння за яе, здаецца, яшчэ не варта хвалявацца.
— Ляжы, ляжы, Рабая,— падала яна голас карове, прыкідваючы, ці не той ужо гэта, не яго час. I не памылілася: той ужо быў час, паўночны. З грукатам адчыніліся дзверы. Прыйшоў ён. Прыйшоў у свой час. I ні ценю ад яго, ні цёплага духу. Толькі крокі, крокі. Спачатку па зямлі, гэта там, дзе месца карове, потым па падлозе, па маснічынах, цяжкія, гаспадарскія. I нехлямяжы яе мужычок, а ўсё ж крочыць па-мужчынску. Дзынкнула, засіпела вядро, зазванілі шыбы ў вокнах, нібыта хто друкам прайшоўся па рамах.
— Ой, баюся я цябе, разваяваўся,— сказала Ненене.
Ён моўчкі сеў на табурэт, усё такі ж нябачны, халодны. Толькі парыпванне табурэта і выказвала яго прысутнасць. А мо ёй мроілася гэтае парыпванне. Мо яна ўжо даўно звар'яцела, узяла ў галаву, што ён ходзіць да яе, а на самай справе нікога няма: яна, ды карова, ды мышы за сцяной у дупле дуба. Як гэта можа быць такое: дачка памерла вось ужо дзесяць гадоў і ні разу не прыйшла праведаць маці, а ён кожную божую ночку.
I толькі яна паспела падумаць так, як у хаце стала ціха, карова і тая перастала сапці, жаваць жвачку.
— Не-не-не,— яна спалохалася.— Я ведаю, ты тут, пабудзь са мною.
Ненене пажадала і пачула зноў, як рыпіць табурэт, дзынкае вядро і пазвоньвае шкло ў акне, нібыта хтосьці шыбануў пяском у акно. Яе Іван заўсёды быў паслухмяным. Праз гэтую сваю паслухмянасць і памёр. А мо й не памёр, мо яго ў яе ніколі не было. Час ідзе, і цяжка меркаваць ужо, што было, а чаго не было, аб чым толькі марылася, пра што толькі снілася. Не, гэта яна ўжо дарэмна. Іван быў у яе, быў мужык у яе, вось толькі што здарылася з ім, не памятае ўжо. Памятае, як ён прыйшоў з вайны, яна толькі вокам на яго — і адразу ж зразумела: не да яе, а да зямлі ён прыйшоў, не жыць, а паміраць. I ён адыходзіў, адчужаўся ад яе на вачах, нібыта раставаў, чарнеў, як снег напрадвесні. I непрыкметна растаў, знік, згінуў паміж зімой і летам, жнівом і касавіцай.
— Ох, Іване, да ты ж ніводнага дзянёчка не паляжаў, ніводнага дзянёчка не пахварэў, не адпачыў.— Карова, аднарогая Мілка, уздыхнула разам з ёй.
Адна, усё жыццё адна. Таму і трымае карову ў хаце, цярпліва зносіць кпіны. Хаця адразу пасля вайны нікому не здавалася недарэчным заводзіць карову ў хату. Адны ставілі яе туды, таму што не было гаспадара будаваць хлеў, другія — каб не ўкралі. Пасля той вайны ў іх вёсцы часта такое здаралася зводзілі карову з хлева. Прыходзілі сярод ночы, адмыкалі хлеў — і, нібыта слова такое ведалі, мёртва спалі гаспадары, маўчала, не рыкала і карова, паслухмяна ішла за чужымі людзьмі, толькі капыты ёй анучамі абмотвалі, каб снег не выдаў, каб мякка ступалася. Гарачым, толькі з печы, боханам хлеба падкручвалі ці выпрамлялі рогі, крышку падфарбоўвалі — і на базар. I была карова — здалёку твая, а бліжэй — не.
Даймалі і ваўкі, развялося іх пасля вайны... Ненене прыслухалася: ёй падалося, што недзе каля могілак, як і ў былыя пасляваенныя гады, завылі ваўкі. Але яна тут жа зразумела, што гэта не ваўкі, немаведама чаго і чаму, як нябожчыка чулі, вылі ў вёсцы сабакі.
— Табе ўжо час знікаць,— сказала яна, звяртаючыся да таго, хто сядзеў на табурэце, з кім гаварыла кожную ноч вось ужо дваццаць гадоў. Дваццаць гадоў яна ведала пра сваё вар'яцтва і не здольная была перамагчы яго толькі ноччу, калі не было з кім перакінуцца словам. Калі ж наставаў дзень, усё гэта было не да галавы, выпадала вольная хвіліна — можна было пасядзець, адпачыць і каля акна, не адчуваючы адзіноты, заняць галаву і вочы той я?а дарогай. За здзічэлымі грушамі, за травой яе ніхто не бачыў, а яна бачыла ўсіх: і сваіх, і чужых, хто ішоў з вёскі, хто ішоў у вёску. А ноччу што разгледзіш за акном. Дый глядзець у тое акно было міла, пакуль была жывая дачка. I пра дачку яна падумала таксама, як і пра мужыка: з сумам і болем, але як бы не з яе сумам, не з яе болем. Светлымі былі гэтыя сум і боль — мінулымі, адбалелымі, а праз адбалелае і радаснымі, нібыта і дачкі ў яе не было ці яна ніколі ў яе не памірала. Ненене толькі ўсё жыццё марыла пра яе, марыла аб падтрымцы сабе, аб тых уцешных клопатах, якія будуць у яе. А калі з'явіліся гэтыя падтрымка і ўцеха, не прыпяла, не прыкмеціла за сваім клопатам. Жала жыта разам з жанкамі, жала цяжка, праз сілу заносіла серп, праз сілу несла жывот, як баялася ўкалоць яго аб пожню, парушыць нешта, і раптам адчула палёгку. Пайшло нешта гарачае па целе, нібыта жыццё яе пачало выцякаць гэтым гарачым з цела. Яна паранілася ад нечаканасці сярпом, убачыла на руцэ кроў, і ёй стала млосна ад гэтай крыві.
Читать дальше