— Надзька...
— Што Надзька? Вось і ты ўжо лічыш, што я і табе нешта павінна. А я не хачу так, разумееш, не хачу, каб і тыя, каму я пялёнкі гэтыя буду апратваць, таксама немаведама каму абавязаны ўжо былі. Разумееш ты гэта?
— Разумею,— адказаў Васька, хоць нічога і не зразумеў. Але Надзя патрабавала ад яго менавіта такога адказу, і ён падпарадкаваўся ёй. Яго ж уласнае жыццё было куды прасцейшае, яно складвалася проста з дзён, што беглі сабе і беглі, і ён не наракаў на іх, не паўставаў перад гэтай іх нястрымнай плынню, ахвотна рабіў тое, што хацелася яму рабіць, без асаблівай ахвоты, але таксама рабіў і тое, што не вельмі хацелася, прыстасоўваўся і прыстасоўваў да сябе гэтыя «хачу» і «не хачу». I з кожным днём меншала «не хачу», таму што падмянялася на «так трэба».
— I зараз я хачу,— сказала Надзя,— зусім не тое, што хочаш ты. Хачу, каб мы пайшлі на вуліцу і адразу ж пайшоў снег. Хачу снегу, разумееш? Снегу на Новы год.
Гэта ўжо Васька разумеў, таму што сапраўды Новы год без снегу не быў Новым годам, і ў жаданні Надзі не было ніякага капрызу. А калі і быў ён, капрыз, то за ім цяпер сапраўды ўжо паўставала Надзя, і ён недзе пачаў ужо разумець гэтую Надзю. I ўпершыню па-сапраўднаму адчуў сябе перад Надзяй неяк няёмка, сарамлівасць нават нейкая з'явілася. Былі ў яго дзяўчаты і да Надзі, але тым, іншым дзяўчатам, патрэбен быў толькі сам ён. I гэтая іх самасць хутка надакучвала яму. А Надзя трывожыла і палохала яго. Ён спалохаўся яшчэ больш і стаіўся, падпарадкаваўся ёй канчаткова, калі яны выйшлі на вуліцу і Надзя прамовіла зноў:
— Хачу снегу!
I снег пайшоў. I які яшчэ снег. Ён ніколі не бачыў такога снегу ў горадзе, нібыта ў чыстым голым полі ці на заліўных сенажацях каля ракі, што ў іх Кпяжборы на Балоні. Прыхапіла іх мяцеліца, завіхурыла, закарагодзіла і панесла, навяла немаведама куды, у бок ад вуліц, хат, жытла, у тую белую, шалёна закручаную зямлю, якой яны нават і не ведалі, але здагадваліся, што яна ёсць, павінна быць, і з такім вось характарам, з такой вось беллю і гладдзю і цішай такой, дзе толькі свішча вецер, дзе голас толькі ў мяцеліцы, дзе пахне малаком і ўласным сырадойным, чыстым дыханнем, а яшчэ добра ўляжалым яблыкам. І вымарачана забелены горад аціх пад гэтым снегам, як нешта дараванае, вышэйшае і вельмі дарагое прымалі снег дахі хат, дрэвы, голле іх і нават адзін мяккі і напалову пусты аўтобус, які, пэўна, заблудзіў у гэтай навагодняй начы, прыстаў на хвілінку да аўтавакзала іх горада, кожную хвіліну быў гатовы бегчы далей са сваімі пасажырамі, што маўкліва і ціха выглядвалі з акон. Акрамя тых, што сядзелі ў аўтобусе, на аўтавакзале і каля яго былі яшчэ іншыя пасажыры, але яны таксама нікуды ўжо не спяшаліся і як бы аб нечым сумавалі. Двое толькі з іх корпаліся на лаўцы каля прамарожанага ларка «Піва-воды». Корпаўся, уласна кажучы, адзін, другі нерухома ляжаў на лаўцы і не кратаўся, і таварыш тузаў яго за рукавы і выгаворваў:
— Іван, падніміся... Іван, падніміся,— сціхаў, азіраўся і зноў — як напілкам па шкле: — Іван, падніміся, Іван, падніміся...
Аўтобус не вытрываў, з дзвярэй яго і акоп выбухнула:
— Да падніміся ж ты, Іван.
Іван не падняўся, аўтобус крануўся і знік у віхуры. I Васька з Надзяй пайшлі далей, самі не ведаючы куды, даверыліся дарозе і снегу. Горад ім хаця і быў не чужы, ало і родным яшчэ не быў. Не мелі яны яшчэ ў гэтым горадзе патаемных сваіх куткоў, запаветных мясцін, завулкаў і вуліц, якія належалі б толькі ім, нічога іхняга не было тут, ні крыўды, ні радасці. Усё было пакінута ў Княжборы — і смех, і слёзы, захапленне і здзіўленне светам, што раскрыўся перад імі на хаду, на бягу праз боль, страх і радасць, якія яны зведалі на родных княжборскіх дарогах і сцежках. Тут яны толькі ўваходзілі ў свой свет, пазнавалі яго на дотык, спачатку нагамі і толькі потым сэрцам. Так дайшлі яны вуліцамі Савецкай і Кастрычніцкай, Леніна і Першамайскай да помніка, танка, што стаяў на высокім пастаменце. I хоць яны, здаецца, усё ведалі пра гэты танк, таму што паставілі яго тут ужо на іх памяці, і ён, танк, спачатку як бы не згадзіўся стаяць, ноччу сышоў з угатаванага яму п'едэстала, разбурыў яго, прапоўз метры са тры і спыніўся, пацэліўшы ў неба ствол сваёй гарматы. Але зараз Надзя з Васькам як бы нанава адкрылі для сябе гэты танк, крануўшы спачатку баязлівымі рукамі яго халодную браню, а потым, нібы ім нешта перадалося ад гэтага дотыку, асмялелі, сышліся рукамі на танку, абагрэлі іх уласным дыханнем і як бы самі сагрэліся і, здаецца, парадніліся, дзякуючы прысутнасці трэцяга, які злучыў іх рукі, і рушылі далей. I снег, які да танка быў колкім, пранізлівым і халодна-блакітным, памякчэў і паружавеў, стаў ужо касым, світальна-лёгкім, падаў ім: на спілу, не трапляў больш за каўнер, задумліва ляцеў паперадзе іх, нібыта вёў іх за сабой, паказваў ім дарогу, усцілаў яе ружовай і рухомай беллю.
Читать дальше