Б а л б е к а. Усё ж нам, камуністам, трэба ясна сказаць сваё слова пра лёс нашага краю. Бо там, адкуль мы прыехалі, пра гэта шмат блытаніны, спрэчак. Адны кажуць: трэба савецкія рэспублікі, Беларусь таксама. Другія — не, не трэба, бо гэта ўсё пашкодзіць перспектыве сусветнай рэвалюцыі.
Бяганскі. Сапраўды, таварышы, давайце вызначым цвёрдую лінію: ці трэба асобная Беларусь і якая менавіта? А калі вылучым тэзіс абвяшчэння сваёй рэспублікі, то давайце заадно і пагаворым: як, з каго будзем фарміраваць яе ўрад?
Жылуновіч (Каб не ўспыхнулі лішнія спрэчкі і не затапілі Канферэнцыю, падняўся і спажыў права старшыні). Таварышы! Той, хто паклікаў вас на гэты з'езд, не дабіваўся, каб ужо па ім мы ўтварылі рабоча-сялянскі ўрад Беларусі. Нам, камуністам, найперш трэба прыйсці да адной думы: варта патрабаваць Беларускай Рэспублікі ці не? Па ўсім відаць: наш з'езд мае сваю ясную лінію. А іменна: трэба самаазначэнне нашага краю! Што да мяне, дык я за тых таварышоў, якія раяць паслаць нашы сілы ў Мінск і там разам з камуністамі, з працоўнымі ставіць падмурак для нашай дзяржаўнасці. Але гэта не значыць, што мы, белнакомаўцы і камуністы з нашых сэкцый, тут, у Маскве ці ў іншых расейскіх гарадах, можам сядзець склаўшы рукі. Не. Мусім сваё рабіць і мы. Сваімі шляхамі ды сіламі, каб, як кажуць, разам трапляць у адну цэль. Тым больш павінны болей старацца тыя, хто працуе тут, у Маскве, блізкі да цэнтра.
Н я ц э ц к і. Нам цяпер, таварышы, трэба болей пільна зірнуць самім і паказваць у цэнтры, на правінцыі, на інтрыгі міжнароднага імперыялізму. Якраз яны найбольш змушаюць, каб мы паклапаціліся пра рабоча-сялянскую Беларускую Рэспубліку.
Рыбак. Таварышы! Паколькі, сапраўды, усе мы дружна за тое, каб пад камуністычным сцягам абвясціць Беларусь, дык раю: спрэчкі спыніць і прыняць рэзалюцыю.
Жылуновіч (падняўшыся і зірнуўшы ў залу). Як, таварышы?
Галасы:
— Спыніць спрэчкі!
— Давайце праект рэзалюцыі!
З рэзалюцыі, прынятай Першай Канферэнцыяй беларускіх камуністычных секцый па нацыянальным пытанні, аб палітычным становішчы Беларусі і ўзаемаадносінах паміж палітычнымі партыямі, а таксама пра пытанне аб стварэнні на Беларусі рабоча-сялянскага ўрада:
«Сучаснае становішча Беларусі — выключна складанае і адказнае. Створаныя нямецкім бронявым кулаком і імпэрыялістычнай Антантай дзяржавы Польшчы, Літвы і Украіны, на чале з прадстаўнікамі буйнае буржуазіі і нацыянал-шавіністых, з першых жа дзён свайго існавання выяўляюць імкненьне да імпэрыялістычнага захопу і прыгнечаньня суседніх з імі народаў, у тым ліку і Беларусі. Нямецкая акупацыя зусім разбурыла Беларусь у эканамічных адносінах і, імкнучыся дарэшты зьнішчыць рэвалюцыйны пастрой рабочых і сялянскіх гушчаў, нечувана жорсткімі рэпрэсіямі душыла кожную праяву самачыннасьці і спробы беларускага народа да вызваленьня з-пад ярма прыгоньнікаў; карыстаючыся на сваім крывавым шляху дружным падтрыманьнем духавенства, памешчыкаў, капіталістых і ўсіх выглядаў іхных паслушных — да сацыял-згоднікаў уключна,— уся гэта зграя намагалася затуманіць рабочых і сялян рознымі хлуслівымі, абмоўнымі нападамі па Расійскую сацыялістычную рэвалюцыю, старалася заглушыць іх клясавую сьвядомасць і пераняць ненавісьць да іх адвечных ворагаў-капіталістых,— каб гэткім чынам калі і не зусім абмінуць, дык адцягнуць на магчыма доўгі час канец іх неабмежаванага панаваньня і глуму над рабочымі гушчамі. Але, нягледзячы на самае жорсткае занішчэнне ўсякага рэвалюцыйнага руху сярод беларускага пралетарыяту і сялянства, рэвалюцыйны дух у іх не забіты, а, наадварот, яшчэ болей рэвалюцыянізаваў іх. З прычыны дзевяцімесячнай вакханаліі на Беларусі нямецкага бронявага кулака, які часткаю зьнішчыў і адправіў у нямецкія вастрогі, часткаю прымусіў эмітаваць у Расійскую сацыялістычную рэспубліку лепшых правадыроў беларускага пралетарыяту і вясковай беднаты, цяпер зусім мала засталося на мясцох сьвядомых і дасканала падрыхтаваных да сацыялістычнага будаўніцтва працаўнікоў. Тыя, што засталіся там, стараюцца як мага выкарыстаць спагаднае для іх становішча. Але вядома, што паны-згоднікі, якія ўжываюцца з нямецкім імпэрыялізмам, калі сусьветная гісторыя зробіць паварот, вельмі лёгка могуць зьмяніць нямецкую арыентацыю на арыентацыю амэрыка-ангельска-французскую з тым, каб зноў прадаць справу сацыяльнае рэвалюцыі па Беларусі ў рукі літоўскіх і польскіх паноў, каніталістых і клерыкальнага духаьенства. Усе гэтыя паказальныя факты ўладна вымагаюць стварэньня, у шчыльнейшым кантакце з вялікаю Расійскаю сацыялістычнаю фэдэрацыйнаю рэспублікаю, моцнага Беларуска-сялянскага ўрада, выяўніка волі беларускае беднаты. Трэба, каб гэты ўрад мог з прыязнай дапамогай Расійскай сацыялістычнай рэвалюцыі абараніць беларускую беднату ад сусьветнай контррэвалюцыі, якая пасуваецца ў выглядзе вызваліцеля нацыянальнасьцей ад «запрыгоненьня іх расійскім бальшавізмам» і іх самавызначэння, каб гэты ўрад даў магчымасць і беларускаму пралетарыяту зрабіць свой уклад на карысць наспяваючай сусьветнай сацыяльнай рэвалюцыі».
Читать дальше