— Але на нашым дрэўку абрэзана зашмат каранёў і кроны, Язэпе...— з болем сказаў Жылуновіч.
— Усяк бывае, Зміцер. Здараецца, параненае жывое цела надта чэпкае за жыццё...
— То здаровае, дужае цела, Язэпе...
Зноў адчыніліся дзверы, і ў пакой зайшлі ўжо два мужчыны. Абодва ў хромавых ботах, у вайсковай форме, чарнявыя.
— Дазвольце, таварышы,— прыстойна па-беларуску загаварыў старэйшы. Хутка акінуў усіх позіркам, усміхнуўся Лагуну. Значыць, быў з ім знаёмы.
Жылуновіч запыніўся каля акна і напружыўся: хто — гэтыя парламенцёры? Што скажуць? Старэйшы тут жа скіраваў позірк якраз на яго.
— Таварыш Жылуновіч,— прамовіў.— Як ведае ваш калега,— хітнуў галавой на Лагуна.— Мы — з Мінска. Я — Рэйнгольд, старшыня Мінскага губеранскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, а ён — Берсан, старшыня Мінскага ваеннага савета.
— Слухаем вас,— спакойна сказаў ён.
— Наша дэлегацыя просіць вас, таварыш Жылуновіч, адмовіцца ад байкоту і прыйсці на пасяджэнне Цэнтральнага Бюро Кампартыі Беларусі.
— Скажыце, калі ласка: вы ведаеце ўсіх, хто ўвойдзе ў беларускі ўрад?
— Не.
— А я знаю, хто павінен быў туды ўвайсці. Але цяпер у мяне няма ўжо веры ў дамову са Сталіным...— прамовіў Жылуновіч.— Дык што мне рабіць? Паступацца сумленнем? Быць блазнам?
— Я разумею вас, таварыш Жылуновіч,— спакойна сказаў Рэйнгольд,— Сітуацыя вельмі цяжкая. Я мала ведаю таварыша Сталіна, але я добра ведаю Мяснікова. Супярэчлівы, уладны чалавек, вялікі прыхільнік Троцкага. Ён, канечне, засцярогся, каб не страціць сваіх пазіцый...
— Дык што — патураць яму?
— Як вы ведаеце, таварыш Жылуновіч, мы яму падпарадкоўваемся,— добра трымаючы сябе ў руках, адказаў мінскі пасланец.— Але мы не заўсёды з ім згодныя. У нацыянальным пытанні найперш. Пагэтаму мы, мінуўшы яго, далі з Мінска тэлеграму таварышу Свярдлову, каб абвясціць Савецкую Беларуска-літоўскую рэспубліку.
Усе, таксама Жылуновіч, уважліва слухалі гэтага чалавека.
— Канечне, не ўсё ідзе гладка, так, як хацелася б...— дадаў той.— Але заляжалы лёд крануўся, растае. Дык, адчуйце, не варта, нават небяспечна хоць нейкім чынам не спрыяць гэтаму працэсу...
— Добра,— нават нечакана для самога сябе сказаў Жылуновіч і кіўнуў Лагуну.— Хадзем.
Калі яны зайшлі ў прасторны пакой, то ўбачылі: усе «смаленскія» члены ЦБ сядзяць купкаю і, усміхаючыся, слухаюць Мяснікова, які стаіць паміж першым і другім радам крэслаў наперадзе іх ды штосьці баіць ім вясёлае.
Убачыў іх — абцягнуў на сабе гімнасцёрку, разагнуўся, аж большаючы ў росце, і ветліва паказаў рукою на рад перад сабою: прашу, сядайце на самым ганаровым месцы! Але Жылуновіч з Лагуном селі не там, а ззаду ўсіх. Наўмысна. Нібы сіроты.
Ды Мяснікоў толькі іранічна, пераможна ўсміхнуўся з гэтага.
— Мы тут віншавалі ўсіх з абраннем у ЦБ Кампартыі (б) Беларусі,— прамовіў ён.— Адпаведна, віншуем і вас, таварышы Жылуновіч і Лагун.— І, убачыўшы, што яны не зважаюць, паапускалі галовы, не затрымаўся, перавёў гутарку на іншае: — Цяпер нам, ЦБ, трэба разгледзець спіс, структуру ўрада Савецкай Беларусі. У выніку перамоў з таварышам Сталінізм мы прыйшлі да думкі, што на першым часе ва ўрадзе павінна быць 17 наркомаў. А як вы, таварышы? Згодныя?
— Згодныя,— падаў голас хтосьці з першых радоў.
Прагаласавалі.
— Старшынёй Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі рэкамендуецца таварыш Жылуновіч — рабочы, вядомы беларускі грамадскі і культурны дзеяч. Няма пярэчанняў?
— Няма,— зноў пачуўся чыйсьці незнаёмы голас.
Прагаласавалі.
— Членамі ўрада прапануюцца камісары,— Мяснікоў дастаў з кішэнькі гімнасцёркі лісток і пачаў чытаць з яго.— Земляробства — Андрэеў, дзяржаўнага кантролю — Берсан, працы — Дыла, унутраных спраў — Іваноў, харчавання — Калмановіч, юстыцыі — Квачанюк, ваенных спраў — Мяснікоў, аховы здароўя — Пузыроў, поштаў і тэлеграфаў — Разенталь, фінансаў — Рэйнгольд, шляхоў зносін — Савіцкі, замененых спраў — Фальскі, народнай асветы — Чарвякоў, сацыяльнага забеспячэння — Чарнушэвіч, па нацыянальных справах — Шантыр, старшыня Саўнаргаса — Пікель.
«Тут нас восем чалавек,— налічыў Жылуновіч.— Дыла, Квачанюк, Пузыроў, Фальскі, Шантыр, Чарвякоў, Чарнушэвіч і я».
— Далей,— сказаў Мяснікоў.— У Прэзідыум урада прапануюцца тры чалавекі: Жылуновіч, Мяснікоў, Калмановіч. Кіраўніком спраў урада — Кнорын. Друкаваны орган — газета «Известия Временного Рабоче-Крестьянского Советского Правительства Белоруссии» на чатырох мовах...
Читать дальше