— Дык не праўда, Уладачак? — прыпала.— Ты ж кахаў i кахаць мяне будзеш?
— Хіба не бачыш? — хіхікнуў.
— Я не пра тое,— ціха прамовіла.— Я пра тое, што ў цябе на душы. Ты ж цяпер мне i ласкавaгa слова не кажаш...
«Ну i Чорная! — здзівіўся.— За жывое, за душу тую ж бярэ...»
— I па душы тое,— заспакоіў.— Ці ты думаеш: я каменны ўжо нейкі?! Як той Гаспадар-камень? Калі мала гавару, дык ужо зчужэў, ці што? Не. Што было, тое i маю.
— Родненькі! — Вера абхапіла за шыю рукамі, асыпала яго пацалункамі.— Дык ведай: я за табою i ў агонь, i ў ваду, i на край свету пайду...— пакорпалася ў кішэні кажушка, дастала штосьці белае.—На...
— Што гэта? — нібы здзівіўся. Узяў у руку. Хустачка.— Нашто?
— Як нашто? — здзівілася i яна.— Хіба не ведаеш? Гэта знак такі, памяць, што я ўжо твая, а ты мой...
— А...— прамовіў расцягваючы, нехаця сунуў хустачку сабе ў кішэню, думаючы, што цяпер будзе шмат марокі. Трэба ж будзе хаваць яе i ад бацькоў, i ад меншых брата i сястры.
«Вар'ятка! — падумаў.—Вот i адчапіся ад такой!»
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
1.
— Дык, кажаце, інтэлігенцыя ў Вільні дыспутуе? — усміхнуўся Казлоў, папраўляючы на плячах кажух. Быў пасля нядаўняй хваробы зусім худы, бела-жоўты, а вусы i бародка-клінок усохліся ды ссівелі.— Пасля маніфеста «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» у Думе i па-за Думаю нямала чарнасоценцаў, цемрашалаў, але i нямала лібералаў, звычайных гаваруноў. Апошнія, лібералы i гаваруны, заўсёды красамоўнічалі, але, бадай, i заўсёды не ішлі далей сваіх мудрых i прыгожых слоў... Ваш сябрук Муха — яркі прыклад... Ён дзеля свайго дабрабыту будзе да магілы служыць «веры, цару i Айчыне», пальцам не варухне, каб нешта змяніць у затхлай сістэме... Зразумела, зусім зразумела, чаму ён накінуўся рысем на вас, калі вы сказалі цёплае слова пра нас, бальшавікоў, заклікалі ісці з намі... Ён звярыным нюхам адчувае, чаго мы хочам, i баіцца гэтага... Я такіх тыпаў добра ведаю: на словах ён — змагар за ўсё светлае, на справе — учэплівы прыстасаванец... Ці не так гавару?
— Бадай, так,— прамовіў Алесь.
— Іншыя вашы сябрукі мяне таксама насцярожылі...— зморшчыўся Казлоў.— Васілевіч, як я зразумеў, шчыры, няўрымслівы, але ўсё ж у нечым абмежаваны, катэгарычны, a Лідскі — спекулянт... Таму, даражэнькі Аляксандр Іванавіч, не буду таіцца: я вельмі рады, як вы з імі паводзіліся, што гаварылі. Вы выказвалі найбольш свядомыя думкі. I пра тое, што i цяпер, у цяжкі час, трэба быць разам з Расіяю, яе народам, i пра тое, што трэба дабівацца лепшай будучыні з рускімі перадавымі людзьмі, у прыватнасці з намі, бальшавікамі. Так што шчыра дзякую...— паклаў белую руку на яго, ружаватую i свежую.
— Да Pacii, яе народа ў мяне заўсёды, Юры Васільевіч, былі сімпатыя, павага, любоў,— усміхнуўся Алесь,— а вось увагу да бальшавікоў выхавалі ў мяне вы... Без вас я не разабраўся б у праграмах шматлікіх нашых партый.
— Рады, рады гэта чуць, Аляксандр Іванавіч,— Казлоў, як ніколі, быў сёння ўзрушаны.— Як i дакляраваў, дам вам сёння пачытаць работы Леніна. Наўмысна папрасіў у івянецкіх сяброў іменна для вас.— Дастаў з кішэні кажуха згорнутыя сашмараваныя лісткі, паклаў на стол,— Тут «Крытычныя заметкі па нацыянальнаму пытанню» i яшчэ тое-сёе. Я вам ужо гаварыў: Ленін вымушаны жыць за мяжою, хавацца ад царызму, але сочыць за Расіяй, за вашай Беларуссю таксама. Нямала піша пра вас, падтрымлівае ваш нацыянальны pyx. Праўда, толькі яго дэмакратычны пласт. Супраць рэакцыйнага рашуча змагаецца.— Адгарнуў вокладку.— Глядзіце: якая дасведчанасць, вастрыня ўжо з першага сказа «Крытычных заметак»: «Что национальный вопрос выдвинулся в настоящее время на видное место среди вопросов общественной жизни России, это очевидно,... все это безусловно обязывает нас уделить больше, чем прежде, внимания национальному вопросу».— Перагарнуў старонку.— Ці вось яшчэ: «Национальная программа рабочей демократии: никаких безусловно привилегий ни одной нации, ни одному языку; решение вопроса о политическом самоопределении наций, т. е. государственном отделении их, вполне свободным, демократическим путем; издание общегосударственного закона, в силу которого любое мероприятие (земское, городское, общинное и т. д. и т. п.), проводящее в чем бы то ни было привилегию одной из наций, нарушающее равноправие наций или права национального меньшинства, объявляется незаконным и недействительным — и любой гражданин государства вправе требовать отмены такого мероприятия, как противоконституционного, и уголовного наказания тех, кто стал бы проводить его в жизнь». Чулі? Клянуся вам: так сумленна i смела цяпер не кажа ні адна партыя, апрача нашай!
Читать дальше