Янка падхапіўся, пабег дадому — не ў хату, а да недалёкай дзікай грушы на сваім полі, дзе ўсе блізкія жнеі паставілі свае збанкі з вадою ў цені. Прынёс, падаў Галене. Тая набрала ў рот вады, апырскала Анцін твар, лінула вады той на губы. Вада не трапіла ў рот, пацякла па худой маршчыністай шыі.
— Давайце ж, бабы, занясём яе ў цень над грушу...
Але Янка, апамятаўшыся ўжо, не даў, падняў сам маці на рукі i легка нанёс. Як маленькую. Яны, кабеты, рушылі следам. Цяпер ужо загаманілі. Хто — што.
— Можа, i сонца, а можа, i сэрца.
— Век у рабоце i ў рабоце...
— У яе ж век малакроўе i малакроўе...
— A глядзіце, бабы, які ўжо дужы яе меншы сын!
— Спраўны хлопец!
Зося, ідучы ўслед, зірнула на Янку: i праўда, высокі, шырокі ў плячах. I пасля, калі Янка данёс маці да грушы, паклаў у цень, калі кабеты пачалі то падкладаць свае фартухі Анці над галаву, то мачыць у вадзе хусткі i класці той на лоб, Зося пазірала на Янку — засяроджанага, з апушчанымі светла-рыжымі бровамі, з цёмным шчаціннем над носам i на падбародку.
«Як ён любіць маці!— падумала.— Ён, мусіць, цяпер надта пакутуе?»
Ён неяк адчуў гэты позірк i перавёў вочы на яе. I зірнуў так, нібы ўбачыў яе ўпершыню: абгледзеў i белую касынку на галаве, i яе твар, i невысокія яшчэ грудзі, аголеныя да плячэй, загарэлыя, з белымі крапінамі — ад ржышча — рукі, босыя ногі. Яна аж сцялася ад гэтага позірку, адчула: ён ужо не дзяціны — хлапечы. Збянтэжылася, схавалася за спіны.
I пасля, калі жала зноў, калі Анця паляжала крыху над грушаю i зноў вярнулася на поле, яна не-не дый кідала позірк на Нямкевічава поле, на Янку, i ён, здаецца, часта пазіраў сюды, на яе, бянтэжачы яе i трывожачы.
Пасля гэтага дня адчула: Янка чагосьці пачаў назіраць на яе незвычайна — пільна, учэпіста. Аж яе сэрца замірала. Ёй было брыдка, яна i сама баялася яго гэткіх позіркаў, i асцерагалася, што пачнуць абы-што гаварыць людзі. Але дзіва: на вячорках ці забавах, пры выпадковых сустрэчах пазірае пільна, а не загаворыць, не зачэпіць. З кожным годам хлопцы ўсё больш i больш ліплі да яе, нібы толькі яна адна была дзяўчына ў Янкавінах — жартавалі, спрабавалі абдымаць,— а ён не. I яна пачала баяцца яго: нешта ён носіць у душы на яе няладнае. Уцякала, хавалася, каб не трапіць яму на вочы. I дзіва: больш думала пра яго, хацела бачыцца i зноў адчуваць тыя магічныя позіркі. Можа, i яшчэ б доўга маўчалі, баяліся б адно аднаго, каб ён гэтак нядаўна не пасмялеў, сілаю не затрымаў яе, калі вярталіся ад Чорных. А як пацалаваў тады першы раз — пацалаваў без яе згоды,— дык усю ноч не спала. Адчула: любіць яе. Таму i назіраў так дагэтуль, маўчаў. Збаялася, хадзіла з тыдзень як чужая. Праўда, цяпер ужо спіць. Не баіцца ні яго, ні сустрэч. Чакае ix з нецярпеннем...
— Зося! — паклікала яе раз-другі Галена,— Ты што? Не бачыш: i сама абліваешся, i ток мелам зліла? Паменей мачай.
Схамянулася. Задумалася i не заўважыла, што марнуе мел.
«Сёння ж падакляравала, што вышываную хустачку яму дам... — зноў думкі клікалі на сваё.— Прыгатавала, схавала над сенніком. Хоць бы толькі мама ці Юзя не агледзелі...»
Пазней, калі маці выйшла на двор, да Зосі загаварыла Галена:
— Ці не злуеш ты па мяне, Зоська?
— Маеш жа доўгі язык! — адказала.
— Ходзіш-такі з ім? — усміхнулася тая.— Не маняць людзі?
— А вот не скажу!
— Дурненькая! — Галена лагодна зірнула на яе, апусціла, відаць, здранцвелыя рукі.— Не злуй! Я ж хачу, каб табе як найлепей было. Сама ты ні тату, ні маме ніколі не скажаш, каго любіш, за каго замуж выйсці хочаш. Па сабе ведаю. Бо нейкая дурная брыдкасць вочы i душу выядае. А я цяпер магу сказаць. За цябе. Хай ведаюць старыя, раяцца, хай не будуць табе ворагамі...
«I праўда,— надумала Зося.— Можа, яно так будзе i лепей».
Усміхнулася ў адказ. I Галена лагодна ўсміхнулася. Файная яна. Высакаватая, поўненькая, з пышнымі грудзьмі. Чарнявая. Як цыганка. Усе кажуць: Зося па ёй пайшла. Толькі яшчэ танейшая i не такая чарнявая.
— Хоць я табе, сястра, праўду горкую скажу: няма вялікага шчасця замужам... — уздыхнула Галена. — Работа i работа, клопаты, трывогі. Зусім не тое, як думаеш пра замуж дзяўчынаю. Але ж,— i ўсміхнулася,— i без замужжа няможна. I людзі засмяюць, i сама грызці душу сваю будзеш... А ён табе надта да вока прыпаў?
Зося збянтэжылася. Апусціла позірк на міску з квачом.
— Ну, прызнайся. Я ж нікому не скажу.
— А табе? — усміхнулася.
— Наравіцца,— прызналася Галена.— Ён, відаць, хлопец добры, ласкавы, гарачы. Ён па Гіполю пайшоў. А Ядзя кажа: Гіполь гарачы...
Читать дальше