Яго вучонасць, уменне паразважаць, пагаварыць — усё гэта было, мусіць, толькі ўласцівасцто інтэлігентаў, што ўмеюць думаць, прыгожа i мудра вяшчаць, але амаль ніколі не жывуць у зладзе са сваімі вяшчаннямі, бо баяцца страціць той кавалак хлеба, свае сувязі, сяброўствы. I ў гэтай боязі могуць паказваць цуды прыстасаванства, цуды раўнадушнасці, а то нават i непрыязні да тых, хто жыве іначай — шчыра, сумленна. Часамі, праўда, i ў ix можа заныць сумленне, зайздрасць за тых, хто жыве бядней, але па законах высокай маралі i высокага абавязку, але ненадоўга. Ды яны пра гэта маўчаць, бо добра ведаюць склад чалавечага розуму: расказваеш пра сябе — шкодзіш сабе. Пахвальбе тваёй мала хто верыць, а вось самапрызнанню ці самазневажанню — з ахвотаю i з трыумфам. У гэтых людзей разлічаны кожны крок. Нават на некалькі гадоў наперад.
Так думаў пра Васіля Алесь. Можа, i памыляўся. Можа, Васіль быў іншы — мудрэйшы, болей зямны чалавек без лішняй рамантыкі ды дзёрзкасці.
Да трохпавярховага асабняка, дзе на другім паверсе яны, Мухі, займалі пяць пакояў, Васіль вярнуўся позна.
Пазваніў — дзверы адчыніла пакаёўка, маладзенькая дзяўчына Вандзя, родам з-пад Баранавіч. Высакаватая, стройная, але не худая, сарамлівая. Вось i цяпер лыпнула на яго смуглявымі вочкамі i апусціла позірк.
— Якая ты сёння файная! — ціха прамовіў ён, тулячы яе да сябе i шукаючы ўпартых дзявочых вуснаў. Як i раней, Вандзя пачала вызваляцца ад яго абдымкаў, адчуваючы пагрозу для сябе.— Ну чаго ты, дурненькая?! Я ж табе новую сукенку куплю, пазней замуж добра аддам...
— Пане Васілю... — вызвалялася i прасілася, не зважаючы на яго дакляраванні.— Ну не трэба... Я баюся... Пані Антаніна дома, госць тут... Ну пусціце, пане Васілю...
Сілком прытуліў, пацалаваў у самкнутыя вусны.
— Заўтра, калі пані Антаніна захоча паехаць да краўчыхі, застанься дома,— прашаптаў.— Скажы, што забалела галава... Чуеш?
Вандзя, не адказаўшы, вырвалася. У яго ж дробна закалаціліся ад хвалявання рукі — ад дзявочай красы i адчування, што ён мог бы ўжо ці неўзабаве i зможа заўладаць ёю. Нідзе не дзенецца, не ўстоіць. Як не ўстояла i тая, ранейшая, пакаёўка.
Толькі павесіла Вандзя яго паліто i капялюш, як зайшла сюды жонка. Можа, i пачула нядаўнюю валтузню. Ён, стрымліваючы хваляванне i збянтэжанасць, пільна зірнуў ей у вочы. Не, тыя былі спакойныя.
— Ну дзе ты так доўга бавішся? — запытала яна.— Алесь каторы ўжо час тут, чакае.
Ён не спяшаўся адказваць, нібы не бачыў, але кожнаю жылкаю адчуваў, як шмыгнула адгэтуль Вандзя, знёсшы з сабою маладую натхнёнасць.
— Ну прабач, дарагая,— прамовіў, абняў невысокую, але поўную жонку, не адчуваючы ад яе ніякага хвалявання.— О, ты ў новай сукенцы!
Антаніна дала яму свае поўныя спакойныя вусны, не парывіста, а звыкла адказала на яго пацалунак, павярнулася:
— Не вельмі нязграбная я ў ёй?
— Што ты, сукенка вельмі табе да твару. I стужкi, i каруначкі, i мой любімы блакітны колер...
— Я ж сёння без гарсэта, адчуваеш? — запытала яна i, відаць, пра самае галоўнае для сябе,— Цяпер ужо кідаюць насіць гарсэт з прамой планшэткай. Цяпер жывот вольны i нават крышку абазначаны. Не нязграбна?
— Выдатна! — усміхнуўся.— Хоць на баль!
— Маглі б некуды i з'ездзіць,— адказала з крыўдаю.— Каб ты не запрасіў госця. А так прыйдзецца змарнаваць увесь вечар, слухаць пра нараканні на свой лёс... Я ніяк не магу зразумець, нашто ён табе?..
— Хоць ён i няўдачнік, але хлопец кемны. Не зашкодзіць ведаць, пра што ён i як цяпер думае, чаго хоча, што яму ўдаецца. Разумееш?
— Пра сябе ты думаеш, а пра мяне ні кроплі,— паскардзілася.— I клопаты. I... Сёння хоць свяці вачыма: я ж пазнала ўчора яго, але адвярнулася...
— Чаго свяціць?! Прыкідвайся: нікога не бачыла, нічога не чула...
Паспакайнелая, Антаніна патупала з ім у гасціную. Там, на канапе, засланай шыкоўным чырвона-сінім пледам, сядзелі іхнія тры дачкі. Усе ў белых сукеначках, з белымі банцікамі. Старэйшая дачка была падобна на яго, на бацьку,— надта яго былі ў яе высокі лоб i глыбока запалыя блакітныя вочы, меншыя ўдаліся ў чарнявую Антаніну. I ў ix, як i ў маці, былі кірпатыя насы, пульхныя шчочкі ды такія ж выпуклый чарнявыя вочы.
— Бачыш, якія ў мяне паненкі ўжо!— усміхнуўся ён, паджартаваў: — Калі яшчэ трохі пахаласцякуеш, дык можаш ужо i ў мяне знайсці нявесту! Юля — вучаніца, Надзі пяты годзік, Вользе — другі...
Госць, Алесь, высакаваты, худы i тонкі, з вялікімі залысінамі, не прыгажун, але i не нязграбны, падняўся з мяккага крэсла.
Читать дальше