— Садзіся, садзіся во тут,— падспешыў госця Васіль, усаджваючы таго тварам да партрэта імператара. Няхай, падумаў, крыху паёрзаецца, панікне перад неадчэпным позіркам яго вялікасці.— Павячэраем чым бог паслаў.
— Ды не крыўдзіць вас бог! — прамовіў Алесь.
— Гавары! — азвалася Антаніна.— Што ж тут такога? Звычайная вячэра.
Васіль, вялікі любіцель i спец выпіць ды закусіць, лагодна ўсміхаючыся, спрытна сарваў з пляшкі каньяку накрыўку, наліў спачатку крышку сабе, пасля госцю i жонцы, тады ўжо дапоўніў i сваю чарку. Рабіў спакойна ўсё, годна, не так, як вясковы гаспадар. Той стараецца дагадзіць госцю, не зважае на сябе. Васіль жа не мітусіўся, не ўгоджваў, ведаў сабе цану.
— Ну, прыбівайся да надзейнага берага! — сказаў i зазваніў верхам сваёй крышталёвай чаркі аб верх госцевай.
Алесь падзякаваў, пасля дакрануўся да чаркі, што трымала Антаніна. Тут жа адыым махам кульнуў усё пітво сабе ў рот. Васіль усміхнуўся: хіба так п'юць каньяк? Антаніна выпіла маленечкімі глыточкамі менш паўчаркі, а ён, каб не саромець госця, паволі апаражніў усю. Убачыў: Алесь успыхнуў чырванню. Адчуў свой промах.
«Мужыкі вы яшчэ, хлопцы,— падумаў, пацешыўся Васіль,— Каб зрабіць з вас сапраўдных інтэлігентаў, дык трэба вас яшчэ шараваць ды шараваць, навучаць добрым манерам...»
I пасля, калі пачалі закусваць, Алесь, здаецца, пакутаваў: яму муляла, не ўдавалася як след трымаць сярэбраны відэлец у левай руцэ, а нож — у правай. То не мог адрэзаць тупым нажом кавалачак кілбасы, соўваў-коўзаў яе па сваім сподачку, то не здольваў зачапіць скрылік відэльцам. Відаць, у думках кляў таго, хто выдумаў такі этыкет, парушыўшы сялянскую натуральнасць.
Неўзабаве Антаніна, як па яе камандзе пакаёўка падала на вялікай талерцы вараную бульбу з кавалкамі тушанай курыцы i капусту, захацела пакінуць ix. Алесь спрабаваў затрымаць яе, але Васіль з іранічнаю ўсмешкаю перапыніў:
— Няхай ідзе. А то яна зараз i задрэмле. Сон — самы любімы яе занятак.
Васіль пасміхаўся, але насмешачка яго была своеасаблівая. Было, ён не толькі кпіў з жонкі, але i ў запале злосці бэсціў i біў Антаніну.
— Ну, Мушка! — не пакрыўдзілася, а, здаецца, паасцерагалася спрачацца яна ды паскардзілася: — Табе толькі б насміхацца з мяне перад чужымі людзьмі...
— Ідзі-ідзі, дай маленькага храпачка,— мякка падагнаў ён i нават легка ляпнуў яе па мяккім клубе.— А мы з Алссем яшчэ пафіласофствуем крыху.
— Толькі не грызіцеся, як ты счэплшаешся з Сямёнам,— перасцерагла.
— Хіба Алесь такі кіпень, як Сямён? — усміхнуўся ён. Застаўшыся ўдвух, наліў яшчэ ў чаркі. Ужо гарэлкі. Да бульбы.
— Расказваў табе той баламут пра свае зацятыя спрэчкі з Юрыем? — усміхнуўся Васіль, скідаючы нінжак ды сцягваючы гальштук. Застаўся ў белай кашулі i камізэльцы. Параіў i Алесю скінуць верхнік, але той адмовіўся. Можа, i таму, што яго кашуля была не вельмі новая.
— Расказваў.
— Ён мне ў пачатку года з месяц галаву тлуміў пра гэта...— ён сеў, закурыў, адкінуўся на спінку крэсла.— Тое, што спрачаюцца разумныя людзі, не бяда. Няхай адточваюць розум, шукаюць ісціну. Які ж чалавек, a інтэлігент тым больш, без думак, ідэй, палемікі?! Я табе скажу шчыра: я, як многія знаёмыя мне хлопцы, што займаюць адказныя пасады, нi за Сямёна, нi за Юрыя, хоць некаторыя Сямёнавы думкі мне падабаюцца. Я адчуваю, бачу, пра што ён гаворыць, за што кліча трымацца. Юры заваблівае туды, чаго я не ведаю i не бачу. Я не спяшаюся ісці за ім. Мне хапае таго, што мы жывём пад адным небам, дыхаем адным паветрам, па-руску кажучы, общаемся. А па-другое, я не спакушаюся на рай! Першыя людзі, Адам i Ева, бадай, сапраўды страцілі яго назаўсёды... Хто — Юры яго верне ці новы створыць?
Алесь уважліва слухаў. Той — закаранелы вясковец, прагны да чужых думак, але не спяшаецца сказаць сваю, каб не асароміцца. Ён, Васіль, таксама часамі тое-сёе недагаворваў, але па іншай прычыне, каб патрымаць патрэбныя веды пры сабе, не паказаць сваё «я». Але сёння яму хацелася пагаварыць. Можа, i ад добрага настрою. Можа, i ад жадання паказацца лібералам, а то i Алесь, а Сямён удвая, лічыць яго за кансерватара.
— Я не з сялянскай сям'і, як ведаеш, але з вёскі... — сказаў Васіль, прыжмурваючы левае вока ад дыму.— Moй бацька — сельскі лекар, маці — настаўніца. Маленства, дзяцінства прайшлі ў вёсцы. Яна дала мне шмат добрага i прыгожага. Таму я люблю яе, спачуваю гаротнаму селяніну. Але я не стаўлю такой вялікай стаўкі на вёску i селяніна, як ставіце вы з Сямёнам... Чаму? — зірнуў пільна.— Патлумачу. Табе. Сямён — вясковы фанатык, Юры — незычлівец... Помню, гады два таму ён, Юры, запрасіў мяне схадзіць на вечарынку Ігната Буйніцкага. Але як запрасіў! «Хадзем,— кажа,— паімітуем захапленне «высокадухоўнымі» мужыцкімі скокамі ды песнямі-завываннямі!» Паздзекаваўся, а мне ў душы аж усё перавярнулася... Увогуле Юры — сектант нейкі. Чаму? — ухмыльнуўся.— Бо ні кроплі гарэлкі не бярэ. Беражэ сябе для «вялікай місіі»... П'е толькі сокі i прастаквашу перад сном... Але давай паразважаем пра вёску i сялян... Што самае галоўнае для чалавека? Доўжыць жыццё на Зямлі? Працаваць? Асвойваць, губіць i берагчы прыроду i ўсё жывое? Шчыраваць? Сумленнічаць? Кахаць? Ненавідзець? Несці нейкую высокую місію, што даецца толькі чалавеку? Не несці ніякай місіі, жыць як набяжыць i не імкнудца нават нешта змяніць? Усё жыццё пакутаваць, але верыць у выпакутаванае шчасце на тым свеце?.. Хто ж ведае! Але, мусіць, усё ж некалі глыбока зразумелі мудрыя людзі: вельмі важнае для чалавека — пазнаць самога сябе...
Читать дальше