— Я сапраўды шмат што праспаў ужо! — усміхнуўся са збянтэжаннем.— А то i ўвогуле нічога яшчэ не дабіўся ў жыцці... A людзі як кажуць? Калі да дваццаці гадоў не вырас, да трыццаці не набраўся розуму, да сарака не жаніўся, да пяцідзесяці не разбагацеў, дык гані таго ў хлеў!
Васіль усміхнуўся. Не з адказу-прымаўкі (хоць ён гэтай прымаўкі яшчэ i не чуў), а з госцевага адзення. З суконнага чорнага не новага касцюма (гузікі на пінжаку былі розныя), з падрапаных наскоў чаравікаў (відаць, недзе спатыкнуўся i падрапаў ужо тут, у горадзе). Але ведаў: правінцыялы — людзі чунныя, самалюбівыя, востра ўсё адчуваюць, дык хутка адвёў позірк ад адзення, падаў руку.
— Думаю ж, да сарака ажэнішся i да пяцідзесяці разбагацееш... — зноў уступіў ён у гамонку, Антаніна маўчала. Відаць, усё не магла валодаць сабою. Вочы яе бегалі-бегалі, як у вінаватага дзіцяці. Хоць можна было падумаць, што яна саромеецца невялікай сваёй касавокасці.— А розум трэба набіраць усё жыццё... — узяў над локаць.— Сядай, калі ласка. Відаць, каб не запрасілі, дык i не зайшоў бы да нас. Пакрыўдзіўся, можа, на нешта, як i Сямён.
Адчуў з радасцю: змусіў таго збянтэжыцца, пачырванець. Замітусілася i Антаніна, затупалася, а пасля папрасіла выбачэння i падалася з гасцінай, павёўшы з сабою i дачок.
— Ну, як найшлася праца ў «Нашай ніве»? — як бы нічога i няма няёмкага ў гэтую хвіліну, запытаў.— Строгі ваш рэдактар?
— Яшчэ не разабраўся. Колькі ж я працую... Пакуль што Сямён, лічы, усё за мяне робіць. I вучыць, i карэспандэнцыі апрадоўвае.
— Ты менш слухай таго баламута. Во ён затлуміць табе галаву сваімі ідэямі i завіхрэннямі...
Бачыў: Алесь не можа пазбавіцда ад збянтэжанасці. Відаць, вагаецца: убачыў учора Антаніну ці іншую кабету палічыў за яе?
Пасядзелі, пагаварылі пра навіны ў Вільні, Пецярбурзе, у свеце, пра чуткі пра новую вайну. Ён сказаў, што вайна будзе. За перадзел свету. I, відаць, пачне вайну Германія. Ёй менш, чым каму з вялікіх дзяржаў, дасталося чужых зямель, калоній. А што такое чужыя землі, калоніі? Гэта — будучыня, магутнасць. I ў гэтым перадзеле кожны, Мікалай II таксама, пастараецца ўварваць сабе яшчэ болей, каб быць гаспадаром, дыктатарам у свеце.
— Вайна, канечне, будзе,— сказаў Васіль.— Па той простай i складанай прычыне, па якой была не адна тысяча войнаў i да нашых дзён... Калі яна пачнецца — можа, ніхто толкам i не ведае. Бо, можа, пачнецца раптоўна i з нейкай дробязнай зачэпкі... Хоць не здагадваешся, чаму цяпер яшчэ i наўмысна буржуазны друк, ідэолагі палохаюць вайною, знішчэннем? Не задумваўся?
Алесь паціснуў плячыма.
— Ці не запалохваюць люд, змушаюць яго думаць пра небяспеку, пра смерць?! — усміхнуўся Васіль.— Напалоханы чалавек (а кожны разумны чалавек хоча жыць) будзе дрыжэць i не зважаць на «дробязі»... На беднасць, на прыгнечанне сваё, на тыранію i рэакцыю... Дзе тут да жыру, быць бы толькi жыву! Як ты лічыш,— прыжмурыў вочы,— ці не ёсць такое свядомае запалохванне?! Ці не карыстаюцца старым прыёмам, страшачы судным днём, канцом свету?!
Алесь не паспеў адказаць. Якраз заявілася Антаніна — ужо ў новай, чорнай з чырвонымі вялікімі кветкамі сукенцы, у гарсэце (у гарсэце патанела, але гэтая «грацыя», мусіць, прыносіла ёй нямала нязручнасцей ды пакут), пры залатых пярсцёнках i завушніцах, падфарбаваная, ненатуральна ўрачыстая ды пыхлівая — i запрасіла ix у залу.
Праз асобны калідор, дзе стаялі масіўныя, выразаныя шафы з кнігамі, дзе вісеў тэлефон, зайшлі ў ярка асветлены электрычнымі лямпачкамі, прасторны пакой. Святло падала з высокай прыгожай крышталёвай i пазалочанай люстры, асвечвала файныя, з чырвонага дрэва камоды з дарагою нямецкаю пасудаю, жоўценькі паркет, шыкоўную канапу з круглымі жоўтымі аксамітнымі падлакотнікамі i круглы стол з вытачанымі круглымі ножкам i, што стаяў пасярэдзіне пакоя i вялікага шматколернага персідскага дывана. На палічцы аднаго з камодаў стаяў вялікі кандэлябр з шасцю адгалінаванымі лямпачкамі ў выглядзе свечак.
Алеся, здаецца, найбольш з усяго ўразіў вялікі партрэт Мікалая II. Той быў намаляваны ва ўвесь рост, у ботах, пры ўсіх сваіх рэгаліях, без галаўнога ўбору, строгі і, здаецца, зычлівы.
— Не зважай... — усміхнуўся Васіль,— Даніна модзе... Не больш таго... Сядай за стол.
Стол быў не бедны. Пасярод красаваліся бутэлькі марачнага каньяку, гарэлкі i віна, абапал ix — фужэры i чаркі, вялікія i малыя, круглыя i прадаўгаватыя нямецкія талеркі з абчышчаным i пасыпаным зялёнаю цыбуляю селядцом, сухой рудой, з белымі кавалачкамі сала кілбасой, паляндвіцай, квашанінай, мяснымі i рыбнымі салатамі, аздобленых пятрушкай, салёнымі гуркамі, з кружочкамі белай цыбулі.
Читать дальше