— Ну, скажы, за што не паладзілі? — зноў усміхнуўся Алесь.
— Ды з-за вёскі...— страсна адказаў Сямён.— Скажу табе шчыра. З усіх вас мне некалі найбольш падабаўся Лідскі. Нават больш — я любіў яго. Вясёлы, разумны, разважлівы, смелы... Мы тут з ім шмат перагаварылі. Пра жыццё, пра гісторыю, пра вялікія i малыя народы, пра найвышэйшую мэту чалавецтва, пра ролю культуры, літаратуры ўрэшце... Але гаварылі-гаварылі i, як ты кажаш, не паладзілі. Я лічу: нам трэба найперш трымацца за вёску. Там — наша душа, моц. Праўда, за вёску трымаюцца i сацыялісты-рэвалюцыянеры. Я не за ix (не прымаю іхняй цягі да тэрору, поглядаў на нацыянальнае пытанне). Я — грамадовец[ 12 12 Маецца на ўвазе Беларуская сацыялістычная грамада — «дробнабуржуазная нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку ў 1902-1918 гадах». («Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя», т. 1, с. 102.)
] Я — за сваю праграму. Я, паутару, веру найбольш у пашых сялян i ў іхніх сыноў-інтэлігентаў. А Юры смяецца з мяне: мужык ёсць мужык, на нешта высакароднае, самаахвярнае, вялікае не здатны. Ён — усяго толькі цяглавая жывёліна...
— Няўжо ў яго заявілася такая фанабэрыя? — здзівіўся Алесь.— Ён жа сам з мястэчка! З пашанаю раней гаварыў пра сялян!
— Ён хітры. У яго i цяпер па вуснах мёд: братэрства, роўнасць, воля...
— Нічога не разумею... — прызнаўся Алесь.
— I я доўга не разумеў,— пацішэў, але не перастаў гневацца Сямён.— A нядаўна здагадаўся. Ён вяшчае святыя пачуцці не шчыра, а з хітрыкаю. Ён усыпляе імі. Хоча, каб мы сталі рахманыя. Для чаго? Ды каб узяць нас у свае рукі...
— Перабольшваеш ты штосьці, Сямён,— не згадзіўся Алесь.
— Наадварот, яшчэ мала адчуваю ўсёй небяспекі... — запаліста адказаў той.— Лідскі хоча таго, чаго мы не ведаем. Ён нібы за ўсіх, за ўвесь чалавечы род. Але на самай справе ён толькі за сябе.
— Ды што ў яго за мара? — усміхнуўся Алесь.— З якою ён партыяй?
— Ён — нібы беспартыйны. Ён — агульначалавек, агульназвер з лісы, ваўка i зайца. «Што ж,— гаварыў яму,— дбаць пра ўсіхнае шчасце — высакародна. Але як яго дабіцца?» — «Трэба,— адказвае,— адна для ўсіх рэлігія, культура, мова, эпаноміка».— «Добра,— адказваю.— Цяпер у чалавечым родзе ёсць бедныя i багатыя, светлыя душы i цемрашалы, тыраны i заняволеныя. Як служыць усім? Як ix усіх зрабіць шчаслівымі. Багацеям i тыранам адмаўляюся спрыяць. Хачу служыць толькі бедным, заняволеным. Да такой службы мяне ўпаўнаважваюць тыя ж веска, сяляне, бацькі. А хто даручае табе выступаць ад усіхнага імя? I селянін, i пан, i цар? Дык адкажы, будзь ласкавы: ці не дабіваешся ты, каб нейкі тыран стаў усіхным тыранам, а нас меў за сваіх парабкаў?» Думаеш, толкам мне адказаў на гэта? Не. Напускаў туману, папікаў мяне ў цемнаце, а пасля зларадна засмяяўся: ну, ідзі-ідзі са сваімі мужычкамі — мужыком i застанешся...
— Такой бяды,— прамовіў Алесь.— Няхай ён прапаведуе сваё, а мы будзем рабіць сваё. Час сам пакажа, што будзе з гэтага...
— Дзівак ты, далібог!— Сямён хітнуў галавою, аж адчайна ўсміхнуўся.— Ды ён жа ганьбіць нас, вёску i сялян. Не дае ўзрасці нашай справе. Дык мы што — дзякаваць за гэта яму павінны? Разам з чарнасоценцамі? За тое, што яны не хочуць, каб абудзіліся здаровыя народныя сілы?
— А што Муха? — запытаў Алесь.— Ён заадно з Лідскім?
— Той,— адмысловы сялянскі сын,— схмурыўся Сямён.— Выбраўся з вёскі, выбіўся ў людзі — махнуў на ўсё рукою. Абы яму сыта было. Мы часта кажам: трэба будзіць селяніна. A ці такі ўжо сонны, абыякавы наш чалавек?! Ды ён жа з-за працы, бяспраўя, беззямелля ды пакут не бачыць свету! Нe, браце! Трэба раскатурхваць такіх сялянскіх сыноў, як Муха. Адукаваных, разумных, але хітрых, асцярожных. Яны ўсё разумеюць, умеюць мудра i прыгожа гаварыць, але ні кропелькі не дбаюць пра тое, пра што трэба дбаць...— Уздыхнуў.— Але паспрабуй ты змусіць яго зняць з душы замок, не служыць царскім аднадзёнкам-прадпісанням, а быць мужным, мець у сэрцы хоць кропельку агню i падбаць пра сваіх жа бацькоў!
Сямён жыў на ўскраіне Вільні. Лічы, у вёсцы. Меў у драўлянай хаце чыгуначнага служачага адзін пакой.
Прыйшлі яны сюды ўжо ўвечар, калі пахадзілі па Вільні, пабылі ў «Беларускай кнігарні», нагаварыліся ўдосталь. Сямён, засумаваўшы за гэтую зіму па цярплівым слухачу, лічы, замарыў Алеся сваёю страснаю гамонкаю. Ён лапатаў без перадыху, як млын. Расказваў пра тое, чаго на самай справе хоча Лідскі. Казаў, што ён нямала прачытаў кніг пра такіх, як той, дык ужо добра ведае іхнія мары. Амаль усё, што гаварыў, было разумнае, цікавае, але амаль i ўсё палемічнае, яшчэ добра неасэнсаванае. У Сямёнавай галаве, колькі разоў падумаў сам сабе Алесь, калі не хаос, дык вялізны неспакой, вялізная неўладкаванасць думак. I так Сямён, здаецца, будзе пакутаваць да той часіны, пакуль не знойдзе такога разумнага чалавека, што здолее не толькі слухаць, спрачацца, гаварыць сваё, але адным махам зрыне ўсе яго канцэпцыі, вылучыць сваю, магутную i павядзе, як цяля на вяровачцы, за сабою. Здаецца, Сямён чакае такой асобы. Не дачакаецца — відаць, i далей будзе гэткі з «завіхрэннямі», як кажа Муха. Хоць, здаецца, заадно ў Сямёна ёсць i боязь той магнетычнай асобы.
Читать дальше