Ідучы без пэўнай мэты, Алесь апынуўся каля Універсітэцкага пляца. Даўно ўжо цар Мікалай I зачыніў той славуты стары, з 1579 года, універсітэт — дарэчы, старэйшую вышэйшую навучальную ўстанову Расійскай імперыі,— але назва старая ўцалела. Бог ведае чаму, але Алеся сюды заўжды вабіла.
Можа, хацеў зірнуць на шаноўны будынак, можа, цягнула кінуць позірк на чыгуннага Мураўёва, які стаяў на пляцы, падпёршыся кіёчкам, i — мёртвы — па-ранейшаму пільна пазіраў на Вільню i край. I на цябе таксама. Здаецца, не ты, а ён лавіў твой позірк i прыжмурваў вочы. Спачатку хацелася ўбачыць, што ў тых генералавых вачах, які выславіўся не ў перамозе над чужым ворагам, а на крыві, слезах сумленных людзей? I што якраз цяпер?! Раскаянне? Спагада?
Шмат хто казаў: доўга пазіраць у тыя чыгунныя вочы няможна. У ix застыла пагарда, злосць, пагроза, i гэтая застыласць ледзяніла душу, паралізоўвала волю.
Але цяпер, здаецца, статуя ссутулілася. Можа, i ад Алесевай усмешкі.
Алесь успомніў адзін смелы ўчынак, калі пацешыліся з Мураўёва. Як паставілі гэты помнік, нехта ўночы вымазаў яго воўчым тлушчам — раніцай з усёй Вільні збегліся сабакі i нарабілі брэху...
«Божа, чаму ты такі крыўдзіцель? — падумаў.— Помнік душыцелю, вешацелю лепшых сыноў даўно ўжо стаіць, a помніка ахвяры няма i немаведама, калі яго паставяць...»
2.
— Во спакутаваўся! — ціснучы руку, бойка сустрэў Алеся Васілевіч.— A схуднеў! Вочы запалі! Скроні пасівелі!
Алесь быў збіты з панталыку. Па-першае, перад гэтым саромеўся заходзіць у рэдакцыю (нямала часу патаптаўся вакол будынка, перш чым зайсці сюды), а Сямён атакаваў яго гэтак знянацку, па-другое, у пакоі сядзеў франтаваты дзядзька, які слухаў i з іроніяю пасміхоўваўся. З ix абодвух. А Сямён — нізкі, Алесю па плячук, кучаравісты, у шэрым даўгаватым сурдуце — не зважаў нi па што, гаварыў тое, што думаў. Ён такі — шчыры, эмацыянальны, без ніякіх хітрыкаў, можа, часамі i залішне ўжо непасрэдны,— быў заўжды.
— Ды распрані ты, балаболка, чалавека, дай яму аддыхацца,— паўшчуваў яго франтаваты дзядзька.
— Распранайся,— Сямён пачаў сцягваць з яго паліто.— У нас, праўда, не зусім цёпла, бо беражом вугаль i дровы, але ты, як i кожны вясковы чалавек, не павінен баяцца холаду...
I, як толькі ён распрануўся, прычасаўся, павалок яго з пакоя.
У пакоі, куды неўзабаве падштурхнуў яго Сямён, сядзела двое мужчын. Адзін бландзін, у сціплым, але акуратным шэрым гарнітурчыку, з невялікімі вусікамі, гадоў дваццаці пяці, гэта, відаць, i быў Янка Купала (Янку Купалу на той час было ўжо крышку за трыццаць), другі мужчына быў гадоў пяцідзесяці, мажнаваты, з буйнымі вусамі.
— Выбачайце, дзядзька Янка. Я прывёў госця, Алеся Нямкевіча,— сказаў Васілевіч.
— Прыемна,— прамовіў маладзейшы, устаў, падаў руку. Зірнуўшы зблізку, Алесь убачыў: у Янкі Купалы амаль карыя вочы, узмужалы, хітравата-насмешлівы позірк.— Янка. А гэта,— кіўнуў на старэйшага,— дарагі наш Ігнат Буйніцкі.
Той гэтаксама падняўся i падаў Сямёну i Алесю цёплую руку.
— Яшчэ раз выбачайце,— папрасіў Сямён,— не будзем замінаць, зойдзем пазней.
— Пасядзіце з намі, калі ласка,— грудным голасам прамовіў Янка Купала.— Замінаць нам вы не будзеце. Бо мы гаворым не толькі пра сваё, а пра наша агульнае. Вось дзядзька Ігнат хоча туды пад май даць такую аб'яву...— узяў са стала паперку, падаў Сямёну,— а што датычыць вас, дарагі Алесю, дык працуйце. Я веру Сямёнавай атэстацыі. Сямён пакажа вам ваша месца, дасць вам работу. А пагаварыць яшчэ пагаворым не раз.... Жыць вам у Вільні будзе нялёгка, дык прыйдзецца, можа, знайсці яшчэ які i пабочны заробак... Калі не памогуць вам знайсці яго вашы сябры, дык звяртайцеся, можа, памагу яго знайсці я...
— Дзякую,— схіліў галаву Алесь.
— Калі ласка,— усміхнуўся той. I ў яго вачах бліснуў ужо не ўсмешліва-гарэзны ці перасцерагальна-пільны, як Алесю здавалася напачатку, а спрыяльны позірк. Адчувалася: гэты бландзін-прыгажун эмацыянальны, але стрыманы, а то нават i сарамлівы чалавек.— Выбачайце, Алесю, вы з католікаў?
— У нас, у прыналібацкім краі, амаль усе католікі. Але я з праваслаўнай вёскі,— адказаў Алесь.— У праваслаўе мы трапілі пасля 1863-1864 гадоў...
— Дык ваша веска моліцца на ўсход сонца, a ўсе астатнія вакол — на заход? — усміхнуўся Купала.
— Нe. I ў нас, i ў іншых вёсках амаль усе сяляие лічаць сябе «тутэйшымі»...
— Дзякуй богу, калі так! — прамовіў Купала.— Бо нам з дзядзькам Ігнатам, на жаль, шмат дзе i тут, у Вільні, гэтаксама прыходзілася бачыць якраз адваротнае. Занепакоены, я нават думаю напісаць i надрукаваць пра гэта спецыяльны артыкул... Як, на ваш погляд, вось такія думкі? — Ён узяў са стала лісток i пачаў чытаць з яго: — «Апрача палітычнай i эканамічнай залежнасці, была i другая прычына, асляпіўшая светапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрысціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва i праваслаўя. Гэтыя дзве царквы — заходняя i ўсходняя, ведучы вечную спрэчку паміж сабою, раздзяляюць наш ядыны народ на дзве часці, адных i тых жа дзяцей сваёй маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за святы знак хрысціннства — крыж... Гэта змаганне дзвюх вер не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў ix свядомасць i пачуццё нацыянальнай еднасці. Беларусу-католіку ўгаварваюць, што раз ён католік, то ён — паляк, i не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу-праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец, i католіка-беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк. I што з гэтага выходзіць? Расце нязгода, расце нянавісць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагаў нашага народа...»[ 7 7 Артыкул Янкі Купалы «Вера i нацыяпальнасць» надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 27 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1970, т. 7, с. 212.
]
Читать дальше