Бацька i Дземідовіч, а за імі астатнія пакорпаліся ў кішэнях суконных чорных фрэнчаў, дасталі капейкі (плату за гарэлку i за музыку), паклалі на стол i пайшлі з карчмы.
— Панове,— выбег ім наперад гаспадар,— пасядзіце яшчэ, выпіце, паслухайце музыку, паспявайце... Усё абыдзецца добра. Маладыя ж пеўнікі любяць падзяўбціся... Спусцяць дурную кроў — супакояцца...
Але мужчыны не паслухалі яго, усе гуртам падаліся, відаць, на вечарынку, каб уціхамірыць задзіракаў.
Тыя, што засталіся, сядзелі позна. Дзяжко i Гарбуковіч упіліся; Чарноў, аблакаціўшыся на стол, зноў заснуў; Лядзяш, дадаўшы да фужэра яшчэ колькі чарак гарэлкі, як кажуць, акасеў і пачаў прыдзірацца да ўсіх. Чапляўся, падышоўшы, да Алеся (да яго падсеў Сцяпан Супраневіч), а пасля прыліп да Чорных, папікаючы ix за бязбожнасць. Слова за слова — i схапіліся загрудкі. Лядзяш i Міхайла. Відаць было: яны аднагодкі, але вёрткі, жылісты Чорны натаўчэ суперніка-таўстуна.
Сцяпан i Алесь кінуліся развесці запальчывых крыкуноў, бачачы, што могуць пабіць уплывовага Ледзяша, а таксама памалаціць вокны, сталы ды лаўкі, гаспадар пачаў выправаджваць позніх гуляк дадому.
— Пане Дзяжко, пане Гарбуковіч,— пачаў ён упрошваць то аднаго, то другога,— будзіце пана Чарнова i вядзіце яго ў цёплую i мяккую пасцельку! Пане Аляксандра, пане Сцяпан, памажыце зайсці да свайго дому пану Ледзяшу.
— Ты што, вырыванец? — пачуўшы гэта, Лядзяш схапіў карчмара за камізэльку.— Ты за каго мяне лічыш? За п'яніцу?! — Рвануў безабароннага гаспадара за камізэльку, аж запырскалі з яе гузікі.— Не смей, нехрысць! Я афіцэр! Салдат яго вялікасці, Айчыны! Што захачу, тое i зраблю!
— Што вы, пане,— залепятаў той, не вырываючыся, а паслухмяна вытрымліваючы ўсе здзекі.— Хіба ж я слоўца кепскае сказаў на вас? Хіба не паважаю? Я хачу, каб пане Аляксандра i пане Сцяпан пайшлі разам з вамі, каб вас ніхто не зачапіў, каб вы здаровенькія i цэленькія былі, яшчэ многа паслужылі на карысць...
Лядзяш прыхінуў яго да сябе, няўцямна пазіраючы таму ў бегатлівыя вочы, а пасля, мусіць, зразумеў, што яму толькі што сказалі, задаволіўся.
— Ладна! — адштурхнуў ад сябе ахвяру.— Ты — жулік, але патрэбны чалавек. Нясі гарэлку. За свой кошт.
Алесь міргнуў гаспадару: не трэба больш нікому даваць пітва, бачыце, якія ўсе ап'янелыя. Той адказаў яму таксама падміргваннем: лепш даць, чым пашкадаваць. Не дасі — перавернуць усё тут дагары нагамі, дасі — вып'юць, зусім ап'янеюць i стануць болей рахманыя, бязвольныя.
Сапраўды, пазней i Лядзяш, i Чорныя пацішэлі. Сцяпан павалок дадому братоў, а Алесю прыйшлося клапаціцца пра ненавіснага Ледзяша (Дзяжко, Гарбуковіч, каб не весці Ледзяша, неўзабаве шмыгнулі з карчмы).
Лядзяш, ацяжэлы, лічы, віснуў на Алесевым плячы i, як кажуць, ганяў гусей — хістаўся ў бакі, гроб нагамі зямлю, падаў. Каб кінуў яго, дык i не падняўся б, заснуў тут жа на дварэ.
Ішлі паблізу цёмных ужо платоў, часта абапіраючыся на ix. Адпачывалі з хвіліну, а пасля Алесь вёў Ледзяша далей. Усё бліжэй да Засценка.
— Куды ты мяне цягнеш? — нібы бараніўся, нібы бурчэў бязвольны «ісцінны абаронца веры, цара i Айчыны».— Ці не да Шуры? Ці не ўтапіць? — Спатыкаўся, падаў, i Алесь з цяжкасцю зноў ставіў яго на ногі, вёў.— Чаму не, Ледзяша можнa ўжо i ўтапіць... Ледзяша, ісціннага патрыёта, можна праганяць як сабаку са службы, заганяць у гэты глухі кут... Але не, Лядзяш не прападзе. Ён дакажа, падатрэ ўсім нос... Мемуары...— Прамовіў, ледзь не ўсхліппуў.— Нідзе, нi ў Вільні, ні ў Пецярбурзе, не бяруць... Як i мае праекты дзяржаўнай перабудовы... Не трэба ім. Ёсць, бачыце, большыя розумы, патрыёты, чым Лядзяш... Адпісачкі ўсякія з насмешачкамі мне даюць. Насмяюцца! На сваю галаву!
Лядзяш то тупаў, то бег нібы не сваімі нагамі, бубніў i бубніў i, мусіць, зусім не цяміў, хто i куды яго цяпер вядзе. Алесь жа цярпліва слухаў гэтыя п'яныя нараканні, д'яблаву споведзь, сам сабе не верачы ў тое, што чуе. Няўжо чалавек не адчувае, што займаецца лухтою?
— Убачаць! Ацэняць хутка Ледзяша! — не сціхаў той.— Калі прачытаюць маю цыдулку пра казнакрада Сяргеенку, пра п'яніцу айца Феадора, пра гультая Дзяжко i доўбню Гарбуковіча, фанабэрыстага хвалько Петухова ды зламысніка Нямкевіча... Kaлi даведаюцца, што я пачаў хадзіць па вёсках i збіраць старыя кнігі, рукапісы, дакументы. Прыстрашу — аддаюць. Аддадуць — палю ўсё ўпотай... Пакідаю без памяці, гісторыі... Каб былі ніхто! Хай жывуць, каб толькі даваць мяса, малако, жыта, бульбу, лёп, садавіну i гародніну, рыбу, лес... З'едзена, выпіта — i ўсё забыта...
Читать дальше