— Уладак,— прашаптала, ужо ідучы.— Бяда.
— Якая?
— У мяне няма...
— Чаго?
— Ну, на кашулі...
— Як гэта? — здзівіўся. Гэтага яшчэ не хапала!
— Ды, здаецца, я...— запнулася.— Ну, нібы грубая я...
— Ты што?— аж стаў, аж забіла яму дыханне. Што за дурны дзень сёння! Адны непрыемнасці! Адчуўся воўкам у пастцы. Зазлаваў. Ужо на Веру. Разява!
— Я не вінаваты,— прамовіў.— Не магло быць ад мяне.
— Уладачак! Пабойся бога! — узмалілася.
— Можа, ты яшчэ з кім гуляла?!
— Уладачак! — сказала ўсёю душою,— Што ты кажаш! Як у цябе язык на такое?.. Hi з кім, далібог жа. Толькі з табою...— прыгарнулася,— Дык што рабіць?
— Адкуль я ведаю!
— Парай... Тваё ж гэта...
Маўчаў. Хацелася збегчы. I больш нікога не бачыць. Hi вёскі, ні сваёй радні, ні Веры. Збегчы ў які лес, на край свету.
— Можа, у Крычаты схадзі...— пасля адумаўся,— Там, кажуць, ест баба, што...
— А ты не хочаш?
— Што?
— Каб яно было...
Каб бачыла яго твар у цемені, дык згледзела б: ён вылупіў вочы. Па яблыку.
— Ты што? — аж задыхнуўся.— Ты што надумала?
— Ты ж казаў: возьмеш мяне. Дык няхай i будзе... Наша ж...
«Бачыш ты яе, як разрахавала ўсё!»
— А да бабы я баюся ісці...
— Баюся-баюся! — перакрывіў.— Мала што баішся. Трэба ісці. Бо яшчэ невядома, ці дазволіць мне бацька браць цябе...
— Як? — жахнулася.
— Вось таго - ён хоча, каб я браў багатую. Анельку Гарбацэвіч.
— Ты ж казаў: настоіш — i ўсё будзе па-твойму.
«Мала што казаў! Казаў, каб абдурыць цябе!»
— Настоіш!— прамовіў уголас.— Паспрабуй з маім бацькам настояць!
— А ты кляўся! Я ж паверыла табе.
Замаўчаў.
— Дык ты ашукваў? Скажы: ашукваў? — прыстала, трасянула за белую кашулю.— Ну? Дабіваўся толькі ўцехі, дурыў мяне?
— От прычапілася! — адкінуў яе рукі, адвярнуў твар.
Закрыла твар далоньмі. Заплакала.
— О, божачка! — забедавала. Рэзала яго гэтым плачам нібы сярпом па сэрды.— Якая я дурніца! Самая дурная на свеце! Вось плата за маю веру! За мой грэх!
Ён маўчаў, ні супакойваў, ні дакляроўваў нічога. Яна ў роспачы кінулася прэч, да свайго дому. Ён не затрымліваў, не бег услед. Радаваўся, што ўцякла, збавіла яго ад згрызоты. Хоць гэтае збавенне было часовае, маласуцяшальнае: наперадзе былі яшчэ вялікія непрыемнасці. Не тыя Чорныя людзі, каб дараваць яму такі грэх. Ды i бацька, калі даведаецца пра ўсё, усыпле дык усыпле.
...На гэты вялікдзень Алесь добра падгуляў. Дома, пасля дадаў яшчэ ў аднаго i другога дзядзькі. Адмаўляўся, але тыя змусілі пачаставацца. Грэх, казалі, не выпіць на вялікдзень, не прывітаць вясну, работу ў полі, цеплыя, вясёлыя ды жыццярадасныя дні.
Увечар, калі скончылася гасцяванне нa хатах, мужчыны пацягнуліся ў карчму. Хто хацеў тут яшчэ выпіць, хто ішоў, каб паслухаць i пагаварыць пра жыццё-быццё — здаўна Янкавіны сыходзіліся ў карчме нібы на нейкае сваё, вясковае веча. Тут можна было пачуць усе навіны, разумныя парады, строгія ацэнкі i прысуды, справіць свае клопаты і, капечне, падвесяліцца — пажартаваць, пакпіць, паспяваць песні, паслухаць музыку, паплакаць, даць некаму ці самому атрымаць па карку. Гаспадар карчмы, гарэлка добра выяўлялі: хто што варты i як трэба з кожным паводзіцца.
Карчмар найбольш пакручваўся каля ганаровых людзей. А ix сёння было нямала. За сталом, што быў блізка каля перагародкі, у куце, сядзелі Дзяжко, Гарбуковіч, Чарноў (быў з імі i Лядзяш, але, калі ап'янелы Чарноў аблаяў яго пры ўсіх, дык знік адгэтуль). За другім сталом размясціліся браты Дземідовічы, Гарбацэвіч, Алесь, бацька з братамі.
Ззаду, пасярод залы, сядзеў Мішук з Емельяновічамі, а далей, пры самым парозе, уселіся Чорныя (Пятро, калі карчмар перастаў даваць напавер гарэлку, пашыбаваў услед за Ледзяшом у вёску, на танцы, думаючы там чым-небудзь пажывіцца).
За Алесевым сталом пілі мала — узялі па чарцы, прыкусілі хлебам, скрылікам кілбасы i гурка ды гаманілі. Баяў байкі вясёлы сёння стараста, Дземідовіч; стары Нямкевіч слухаў, зрэдзь устаўляючы i сваё паважнае слова; Гарбацэвіч, пачырванелы i, бадай, упершыню сёлета не нудны, не хмурны, зусім маўчаў, чуючыся са сваімі шаноўнымі ў вёсцы суседзямі, як за сцяною. Здаецца, зусім не баяўся Чорных, што люта апякалі позіркамі яго спіну.
— Пры гэтай, як кажуць, сталыпінскай рэформе можна нажыцца, калі маеш крыху ў кішэні i ў галаве...— гаварыў Дземідовіч.— Можа, i дарэмна мы баяліся зрывацца з месца, ісці на хутары. Хто не мае ніякага запасу, дык, капечне, прападзе там, а вось той, хто мае, не прападзе. Наадварот, пабагацее. Каб іншы які хітрун, дык не баяўся б, а мы, кажу, асцерагаемся ўзяць тое, што нам даюць...
Читать дальше