Падняўся. Стукнуў Пятра накалкам на галаве. Той захістаўся.
— Заб'ю! — зашыпеў, кінуўся i пачаў душыць за шыю. Яны счапіліся, пачалі валтузіцца. Ён быў нізшы, але больш таўсматы, учэпісты. Збоку скакаў Міхайла, тоўк у бакі.
Валтузіліся, пакуль не дабеглі Нямкевічы. Сам Ясь i сыны.
Ясь стары, але мігам параскідаў ix.
— Ці не здурэлі вы, людзі! — не могучы аддыхацца, прысароміў.— Святы дзень, а вы бойкі заводзіце!
— Сам жа, Ясь, бачыш,— паскардзіўся Гарбацэвіч.— Не я, а яны... На мае поле ўзлезлі, бойку завялі.
— А вы, старыя ўжо людзі, што робіце?! — пазіраючы на Чорных, паківаў галавою стары Нямкевіч.
— Калі. ж цярпенне лопнула...— сказаў Пятро.— Вялікдзень, a ў нас нi хлеба, ні сала. Заціркі няма з цаго зварыць. Дык колькі ж гэта будзе, га?! У яго валока, a ў мяне дзве дзесяціны пясоцку!
— I я не багацей,— прамовіў Нямкевіч,— дык што, i мне сілаю забіраць у некага зямлю? Самаадумам? Не. Так зямлі не возьмеш. Трэба чакаць закону. Каб па законе ўсё...
— Закон! — усхліпнуў Пятро.— Калі ж i ён не за нас!
Мацнуў рукою па лобе над шапкаю: рука стала чырвоная. Відаць, на галаве была рана ад Гарбацэвічавага накалка. Неўзабаве па шчацэ яго пацёк струёк крыві.
Якраз у гэты час дапалі i кабеты — Міхайлава i Пятрова жонкі, дочкі, Вікця з Анелькаю.
— Кроў! — заламала рукі Пятрова жонка, Франя.— Ой, забіў, ірад! — гэта ўжо на Гарбацэвіча.— Каб цябе пярун забіў! Каб цябе свінні лычамі варочалі! Каб ты дзень i ноч на сцяну дзёрся!
— Ціха ты! — сыкнуў на яе Ясь Нямкевіч.— Чаго крычыш? Жывы твой Пятро! А кроў яму дурную спусцілі. Вот сабралася за доўгую зіму, за пост вялікі — дык i спусцілі... Сам вінаваты... Чаго лез на чужое?
Вікця i Анелька не кідаліся да Гарбацэвіча, не шкадавалі. Ці баяліся яго, ці саромеліся людзей. I гэта вельмі ўразіла сёння Гарбацэвіча.
«Як не муж, як не бацька я ім,— горка падумаў ён.— Бы чужаніца сяроўна...»
— Разыходзьцеся, людзі,— спакойна, але цвёрда сказаў усім Ясь.— Ніякага ні дзіва, нi бяды тут няма. Выпілі крыху людзі — дык затуманіла ім розум гарэлка...
— Не гарэлка, Ясь, вінаватая...— паспрабаваў ці агрызацца, ці апраўдвацца Пятро.— Не толькі гарэлка...
— Пайшлі, пайшлі дадому,— настояў Ясь, i Гарбацэвіч паддаўся яго волі. За імі пакрочылі i кабеты. Чорныя засталіся яшчэ на полі, але i ix жонкі ды дочкі пачалі ўгаворваць ісці на Сяло.
— Божа мой, божа! — жахалася Нямкевічыха.— Падурэлі людзі! Адзін на аднаго пайшлі! З каламі! Дабро чужое адбіраць!
— Яшчэ не тое будзе, мама...— прамовіў Алесь.— I ў горадзе, i ў вёсцы... Пa ўсёй Расіі. Не такая бойка будзе за зямлю!
— I заступіцца няма каму...— упершыню падала свой голас Вікця.— Пабегла да Сяргеенкі — не ідзе. Кажа: я святкую. Пабегла да Петухова — а ён схаваўся...
— Баяцца Чорных...— прамовіла Нямкевічыха.— А тыя пашалелі!
«Спаляць ці звядуць са свету мяне Чорныя...— ідучы разам з Нямкевічамі дадому, думаў Гарбацэвіч.— Адзін жа тут, без радні, без апоры... Цяпер то іменна трэба радніцца з Нямкевічамі. Нямкевічы, калі што якое, абароняць. Калі папросяць i добры пасаг, дык трэба будзе даць. Усё ж зямля будзе за дачкою, а не за чортам лысым...»
I ён цяпер паклікаў Нямкевічаў дадому. I, на яго радасць, маладыя, Алесь ды Янка, падзякавалі i не пайшлі, згадзіліся завітаць толькі старыя.
Па-сапраўднаму «дурную кроў» спусцілі ўжо ўвечар, на забаве.
Хлопцы «купілі» хату ў Сцяпана Чорнага, даўшы яму бутэльку гарэлкі, апольчык сала i бохан хлеба, прывялі з Крычатоў музыканта, гарбаценькага баяніста Бліна. Сышлася, лічы, уся янкавінская моладзь, прысунуліся сталыя людзі.
Старыя — сярод ix сядзеў i падпіты, ружовы, здаецца, дабрадушны сёння Лядзяга — паселі на лавах, на тапчанах, сачылі за ўсімі i шэптам абгаворвалі ўсіх; маладыя, хто ўмеў, танцавалі вальс, польку, падыспан, кракавяк, лявоніху, юрачку ці спявалі, дурэлі, выходзілі на двор астудзіць плечы i пакрыху плялі павуціну змоў, дзелячыся на варожыя групкі, зласнелі для бойкі.
Праўда, спрабаваў задзірацца Пятро Чорны. Падыходзіў то да аднаго, то да другога хлопца, прасіў: «Дай закурыць. Даўно не курыў, аж вушы паапухалі»,— хто не даваў, хто даваў, але з гэтага прыставання бойка не ўзнікала.
Збоку цяжка было i ўбачыць завадатараў. Бо яны самі не высоўваліся на вочы, падбухторвалі да бойкі спадцішка, праз іншых. Таму i пільныя кабеты, i сталыя мужчыны не бачылі: сёння сярод хлопцаў хоча «спусціць дурную кроў» Уладак Дземідовіч. Яго даўно ўжо брала цяга адпомсціць Янку Нямкевічу. За тое, што Янка пабіў яго летась на вялікдзень, сёлета колькі разоў бухаў яго ў сцяну ў Сцяпанавых сенцах. I яшчэ прычынаю была Зося. Уладак не мог выцерпець, што да яе ходзіць Янка.
Читать дальше