— Казу,— падаў голас Язэп Чорны.
— Дурань! Як i ўсе Чорныя! — абсек яго Дземідовіч.— Перавязе дзядзька казу — воўк капусты есці не будзе,— падняў уверх закарэлы здаўна палец, прыплюшчыў шэрае вока.— Вернецца дзядзька, што цяпер возьме? Забярэ капусту — каза з'есць яе, забярэ ваўка, кіне яго i паедзе па капусту — воўк з'есць казу... Ну...— пастукаў пальцам у скроні.— Хто адкажа? У каго галава не дурная?
Усе маўчалі. I Ясік, Алесеў пляменнік, i пляменнікі Грыгарцэвічы ды Касцюкевічы, i Мішуковы дзеці, i пляменнік братавай Ядзі — адзін хлопчык, хто прыйшоў сюды з Засценка. Астатнія шляхцюкі-засцянкоўцы дзяцей сюды не пусцілі.
— Ну што, нябесныя опухі?— ззяў вачыма дзяк.— Ніхто не цяміць?
— Я,— нясмела падняу руку Кастусь Чорны.— Дзядзька завязе казу, потым прыедзе па капусту. Капусту кіне, забярэ з сабою казу. Казу пакіне, забярэ ваўка. Воўк жа капусту не з'есць. А тады вернецца i забярэ казу...
— Ах, каб на цябе халера! — здзівіўся дзяк, пляснуў рукамі.— Расшалоніў! I хто, Іванавіч! — па-змоўніцку павярнуўся, зірнуў на Алеся.— Чорны! Галадранец!
— Тады задача па арыфметыцы,— падняў зноў брудны палец угору дзяк.— Вот. Слухайце. Тры рублі рублямі, рубель пятакамі, рубель i пятак, тры капейкі па капейцы i капейка так... Дык колькі гэта будзе?
Усе маўчалі.
Дзяк зноў паўтарыў сваю задачку.
— Баранэ! — пасля махнуў рукою.— Не вучыць ix трэба, Іванавіч, а дакладаць да работы. Праўду кажа Шлёма, мужыцкія галовы дурныя, не для навукі!
— Няпраўда, Пятровіч,— мякка не згадзіўся з ім Алесь.— I нашы, мужыцкія галовы здатныя для навукі. Калі будуць умовы, калі будуць добра вучыцца, дык i з ix,— кіўнуў на дзяцей,— могуць вялікія людзі быць. Вучоныя, пісьменнікі, артысты, генералы.
— З Чорных — генералы?! — ухмыльнуўся дзяк.— З ix парабкі ўсе. Ды канакрады, бандзіты! Толькі адзін іхні дзед,— кіўнуў на Язэпа i Кастуся, Сцяпанавых унукаў,— не дурны. Але звар'яцеў ад чытання. Бо што ні кажэце, мужыцкія галовы не могуць мець вялікі розум...
— А я, Пятровіч, думаю іначай.
— Ну што ж,— усміхнуўся дзяк.— Можа, вы, Іванавіч, i зробіце з ix вучаных. Вучыце. Калі маеце ахвоту. А вы, баранэ,— павярнуўся да дзяцей,— шануйце бога i слова божае. Бо вам найперш з боскаю навукаю трэба жыць. Вот хто ты? — тыцнуў у грудзіну Язэпа.
— Язэп,— адказаў той.
— Дурань. Ты раб божы!
Алесь зморшчыўся. Пакутліва слухаў, як дзяк пачаў расказваць пра стварэнне свету, пра Адама i Еву, іхні грэх, пра патоп, пра Хрыста, яго пакуты, смерць i ўваскрэсанне. Пасля папырскаў святою вадою — з вярбы — хату, дзяцей, перажагнаўся i пасунуўся з хаты. Але паклікаў з сабою i Алеся.
— Іванавіч,— лісліва загаварыў у сенцах,— вот, лічы, на праступнасць пайшоў дзеля вас! Бацьку вашага i вас самога паважаючы. Айцец Феадор казаў сёння: не ідзі, не бласлаўляй, бо праступна. А я пайшоў. Дык...
Алесь дастаў з кішэні рубель. Даў.
— Благадаран,— усміхнуўся.— Чалавек не быдла: гарэлкі на ваду не мяняе...— сагнуўся ў паклоне дзяк. Шмыгнуў з сянец.
— Цяпер ён, Алеська, будзе драць i драць з вас,— сказала з печы гаспадыня, старая Собаліха, калі ён вярнуўся ў хату.— З ім звязацца — як у бруд выкачацца...
Алесь, усміхнуўшыся, падышоў да дзяцей. Стаў пасярод пакоя.
— Дзеці,— прамовіў з хваляваннем,— не апускайце галовы. Няхай вы i забыліся шмат, чаму вучыліся, няхай вы яшчэ шмат чаго i не ведаеце, але верце: i вы здольныя да навукі. Няпраўда, што нехта іншы, «панскі», здольны, а вы, сялянскія дзеці, не! Няпраўда! Здольныя i мы да навукі ды культуры. Вы гэта рана ці позна самі ўбачыце. З месяц мы павучымся па некалькі гадзін вечарам, а потым, як пойдзе работа ў полі, трэба будзе пасвіць каровы, будзем вучыцца i ў полі ці на пашы. Я не буду ні крычаць на вас, ні біць, ні ставіць у кут ці на калені. Не. Я хачу, каб вы хадзілі сюды толькі па сваёй волі, каб вы самі ведалі: вы павінны ведаць i родную мову, культуру. Вот вам алоўкі, папера,— расшпіліў сумку i раздаў, што меў з ранейшых запасаў, што дала яму Кацярына.— А вучыцца мы будзем не па званку, а па вашым жаданні. Я не буду ні ставіць ацэнкі, ні строга правяраць дамашняе заданне. Але спачатку я вось што хачу ў вас запытаць. Як вы думаеце, хто мы з вамі? Як народ?
Усе маўчалі.
— Не бойцеся,— усміхнуўся Алесь.— Гаварыце тое, што думаеце. Я не буду злавацца, караць.
— Мы рускія,— сказаў Язэп Чорны.
— Не,— запярэчыў Ядзін пляменнік.— Мы не рускія. Мы палякі...
— Не,— яму запярэчыў Язэп.— Мы не палякі. Мы ж не гаворым, як у Налібаках гаворыць пан Невядомскі.
Читать дальше