Увечар, калі зачынялі магазін, зноў пад'ехаў на матацыкле з каляскай таўсматы міліцэйскі капітан, зноў у яго пышна чырванелі мясістыя шчокі i масляна гарэлі вочкі на Каралёву — яна сёння не ўсміхалася яму, нават нібы саромелася нас, хаваючы ад усіх вочы, але зноў паехала з ім.
Калі я застаўся каля магазіна толькі з вартаўніком— невысокім старым у валёнках, у кажушку i з паляўнічай стрэльбай за плячыма, адным словам, копія вартаўніка, якога паказваюць у кіно, калі матацыкл знік за павароткаю, той, гэта значыць дзед Базыль, забурчэў:
— Ото ўрвіцель! Праходу не дае!
Я затрымаўся, каб па-звыкламу пагаманіць з гаваркім старым, паслухаць яго былі пра дарэвалюцыйныя падзеі i ягоную маладосць, пра першую сусветную вайну, дзе ён быў пры гармаце, але цяпер змаўчаў: асцерагаўся кінуць абы-якое слова пра начальніка міліцыі, які добра ведаў, хто я такі, меў нада мной значна большую ўладу, чым над іншымі. Ён мог не толькі ў любы час цыкнуць на мяне, але i затрымаць за нішто, i я ў любым выпадку быў бы толькі вінаваты. Я, як кажуць, скрозь пальцы глядзеў, што ён, жанаты чалавек, падлабуньваецца да нашай Каралёвай, але сёння мне гэта было вельмі непрыемна: нягоднік спрытна спажывае не зусім шчаслівую долю маладой вабнай жанчыны i крок за крокам, мабыць, разбэшчвае яе.
— Ведае, халера, дзе можна добра пажывіцца, — гудзеў незадаволены поспехамі высокаўладнага бабніка дзед, слінячы i закручваючы жаўтаватымі пальцамі ў мяккай паперыне тытунь. — Баба маладая, спрытная як ззаду, так i спераду, гарыць без мужчыны, дык, брыда, не ўпускае свайго! I, глядзі, даб'ецца, абкладзе яе! Га, Алесь, што скажаш?
Дзед Базыль, прыплюшчыўшы вочы, хітра зірнуў на мяне — я міжволі паціснуў плячыма.
— Шкода, скажу табе, яе, — закурыўшы, дадаў стары. — Пекная i добрая, але ні дзеўка, ні мужатка, ні ўдава... Таўсцюк гэты альбо іншы які ўрвіцель прыйдзе i пойдзе, а яна як была адна, без мужа, так адна i застанецца, будзе плакаць ці гарэлку піць, гора сваё атрутай заліваць... — Уздыхнуў. — Знайшоўся б ёй добры чалавек, шанаваў бы, a калі трэба, i ў руках трымаў бы — добрая жонка была б.
Чуючы гэта, я зразумеў: дзед Базыль гаворыць са мной пра лёс Каралёвай невыпадкова, з ім, канечне ж, заводзіла пра гэта гутарку Матруна, нават, можа, яны, старыя, змовіліся, каб звесці Каралёву i мяне. Мабыць, шчыра хацелі выратаваць сваю начальніцу i мне паспрыяць наладзіць жыццё.
Я яшчэ мала ведаў Матруну, дзеда Базыля i Каралёву. Што да старых, дык адразу адчуў: гэта — цягавіты, знешне просты, нават крыху грубаваты, але шчыры наш люд, на якім, як кажуць, свет наш трымаецца, а вось што да Каралёвай... Не ведаю, праўда, як гаварылі Матруна i дзед Базыль, Бог не пакрыўдзіў яе красой i жаноцкасцю, усяго даў нямала, але гэтыя краса i жаноцкасць былі не зусім звычайныя, натуральныя, але закідкія, нават крыху, як здалося мне па першым часе, пашлаватыя або вульгарныя. Можа, i таму, што на яе глядзелі пажаднымі вачыма, ліплі, а яна, ці то радуючыся, што падабаецца мужчынам, ці то не могучы ўтаймаваць сваю энергію, дазваляла тое, што не павінна дазваляць жанчына. Яна таксама выразна пазірала на маладых i сімпатычных мужчын, часамі непрыстойна жартавала, давалася ў абдымкі (праўда, тут жа i адштурхоўвала завельмі бессаромных), апошні час i на рабоце прыкладалася да чаркі. Да ўсяго гэтага, здаецца, хмялела ад улады i знаёмстваў. Ca мной была стрыманая i сур'ёзная. Можа, i таму, што такі быў i я — амаль заўсёды задуменны, смутны, паслухмяны. Яна, відаць, шчыра лічыла, што я скрытны, а гэта значыць не магла не быць да мяне калі не насцярожанай, дык без лішняй вольнасці. Мы з ёй абое былі нешчаслівыя, але наша няшчасце ўсё ж было рознае, мае было болей цяжкае i пакутлівае. Можа, гэта было i не зусім так, але якраз вось гэтак мне тады здавалася.
Дзед Базыль, мусіць, хацеў яшчэ пагаварыць, споўніць тое, што яму наказала Матруна, але я ўхіліўся ад размовы, баючыся не столькі развярэдзіць душу, колькі таго, каб не завязаўся небяспечны клубок: варта мне i Каралёвай пайсці адно аднаму насустрач, як адразу ж на нашай дарозе заявіцца начальнік міліцыі. Калі б ён быў звычайным Сенем, дык, мабыць, не зусім напужаў бы мяне, але ягоныя пагоны i пасада змушалі быць напагатове. Самім жыццём быў я асуджаны на страх i абачлівасць.
Развітаўшыся са старым, які не хацеў мяне адпускаць i нібы здзівіўся, што я так па-маладому замітусіўся, на гэты раз я павольна крочыў на сваю кватэру — не, я не меў свайго жытла ў гэтым невялічкім гарадку, я нядаўна прыбіўся сюды, калi тут займела пакойчык мая замужняя сястра, — дык вось я ішоў туды.
Читать дальше