«Відаць, усе паспрачаліся... — падумаў Навіцкі, зайшоў у залю i адчуў перад дзецьмі вялікую няёмкасць, бо яны, надта ж дачка, пільна акінулі яго з ног да галавы позіркамі. — Валя разнервавалася, сышла ў спальню, а яны тут... Панадзімаліся во, як сычы...»
— Ну, што тут у вас? — запытаў ён, хоць перад гэтым думаў прывітацца: усё ж не бачыўся з імі сёння, сеў пасярод пакоя — ля стала.
Дзеці прамаўчалі, як i не пачулі яго запытання. Гэта крышку пакрыўдзіла: настрой настроем, а яго ж, бацьку, павінны паважаць. Ён апусціў галаву, зірнуў сабе на грудзіну — i адчуў, як хлынула цяплынь да твару: верхнія гузікі кашулі былі зашпілены няроўна: адна палавіна кашулі была вышэй, а другая — ніжэй. Падняў рукі і, не здымаючы гальштука, перашпіліў гузікі.
— Маці дзе? — пасля падняў галаву i запытаў, стараючыся вытрымаць позіркі дзяцей.
— «Хуткая» забрала... — буркнула дачка. — Нешта з сэрцам.
— Што? — з разгубленасцю i вінавата шапнуў ён, адчуў, што задрыжалі рукі, і, каб не паказаць гэтага, хутка апусціў ix пад стол — сабе на калені.
— Проста... Расхвалявалася во з-за яго, нашага дзесяцікласніка... — Тоня перастала падпілоўваць пазногці, неяк вельмі ж стала зірнула на яго, на бацьку, i нават змусіла яго апусціць галаву. — Паперка прыйшла пад вечар з міліцыі, каб на тым тыдні прыбыў туды з бацькамі... «За недастойныя паводзіны ў грамадскіх месцах...»
— Пачакай, — разгубіўшыся ад такіх навін, Навіцкі спыніў дачку. — Скажы спачатку пра маці... Няўжо інфаркт? Ці яшчэ што?
— Можа, i не інфаркт, — адказала яна, — але ў яе раптоўна забалела сэрца. Урачы сказалі, што ёй трэба паляжаць у бальніцы, ёй трэба спакой.
Ён, крышачку супакоіўшыся, моўчкі, але з крыўдаю зірнуў на сына: «Вось да чаго ты, сын, давёў матку! Вось які ты! Я ў твае гады стараўся вучыцца, працаваць, цяпер такою цяжкою працаю зарабляю для вас усіх грошы, даю, колькі i на што каму трэба, маці корміць, абмывае, а ты... «Недастойныя паводзіны...» Ды гэта ўжо адзін крок да...»
— А тады з-за цябе... — сын не пакаяўся, а, здаецца, са злосцю агрызнуўся на сястру. — Напалохала, што пераводзіцца на завочнае i выходзіць замуж... Вось мама i адгаворвала яе, плакала... А пасля схаваліся ад мяне на кухні, яшчэ пра нешта гаварылі. А потым мама ўскрыкнула i павалілася...
Навіцкі слухаў дзяцей ды пазіраў на ix, сёння ўпершыню падумаў, што яны маленькія былі такія дружныя, любілі адно аднаго, а цяпер нібы розныя людзі. I яшчэ скеміў, чаго магла ўскрыкнуць чуллівая жонка: Тоня, можа, прызналася ёй, што яна ўжо... Не толькі маці, жанчыне, але i яму, мужчыне, цяжка паверыць, вытрываць, што іхняе дзіця, зялёнае дзяўчо, хоча выходзіць замуж.
— Што ж вы так, дзеці? — спытаў ён з дакорам, зірнуў спачатку на дачку, i тая мігам апусціла ад яго позірку галаву, а пасля глянуў на сына, ён не ведаў, што з імі, такімі вялікімі ўжо, рабіць, што ім гаварыць. — Ты ж, сын, вучань, брыдка табе хуліганіць. Пасядзі лепш лішнюю гадзіну з кнігаю, рыхтуйся ўжо да экзаменаў. I боксам сваім больш займайся...
— Не смяшы, ён даўно ўжо кінуў займацца ім, як раней пакінуў лыжы, футбол... — асекла яго дачка. — А прыахвоціўся да цыгарэт, да чарачкі, прывык хадзіць па парках i заводзіць бойкі...
— Гэта, гэта ж... — у Навіцкага ад гневу аж сціснула дыханне, прапалі самыя патрэбныя словы. — Ты ведаеш, куды можа прывесці гэтая твая дарога?
— Яму сумна, бачыце, хочацца прыгод... — ухмыльнулася Тоня, якая, як ён помніць, яшчэ змалку мела такую нядобрую звычку — пакепліваць з другіх.
— А табе — вельмі хочацца замуж? — папікаў сын.
— Хочацца, — спакойна адказала тая. — Хоць табе яшчэ гэтага не зразумець.
— Ты гэта сур'ёзна? — Навіцкі павярнуўся да дачкі. — За маімі i за мамінымі плячыма табе ўжо кепска?
— Па-першае, я не маленькая ўжо, а маю дваццаць гадоў, якраз гэтулькі, у колькі мама выходзіла за цябе... — Смела, з гонарам сказала дачка, строга зірнула на яго. — Так што магу ўжо тое-сёе i сама... Па-другое, я люблю яго, i ён мяне любіць. А гэта, як ведаеш, нешта значыць...
— I даўно ў вас гэтая любоў? — з іроніяй спытаў Навіцкі.
— Ды другі год ужо...
— I хто ж ён, твой Рамэо? — ужо спакайней спытаў Навіцкі.
— Студэнт... Нашага інстытута...
— I дзе, на што вы, абое студэнты, думаеце жыць? — запытаў ён. — Ці добра ўжо абдумалі, на чый усесціся карак?
— Не пакеплівай, калі ласка... — незалюбіла дачка, успыхнула злосным чырванцом на маладых, свежых шчоках. — У нас гэта сур'ёзна. Пажывём першую пару тут, у маім пакойчыку. Калі будзеце прыдзірацца — сыдзем, знойдзем прыватную кватэру. Пойдзем працаваць, дык будуць i грошы. Ды i вы, i яго бацькі, якія жывуць у вёсцы i жывуць добра, не чужыя нам, паможаце. Так што мы ўжо пра ўсё напраўду дамовіліся, застаецца толькі адно — каб вы згадзіліся. А не будзе вашай згоды, дык мы i без яе... А цяпер я хачу пагаварыць з табой адным... — прамовіла i, не чакаючы, што ён скажа, падалася з залі ў калідор i, як чуваць было, пайшла ў самы крайні пакой — у яго рабочы кабінет.
Читать дальше