— Засумаваў, малютка... — З пяшчотаю пагладзіў яе па спіне, можа, крышку i з дураслівасцю, але са шчырасцю прашаптаў ён, зноў пашукаў яе вуснаў.
— Не трэба... Пасля... — гэтак сама шэптам, не то сур'ёзна, не то з жартам, сказала яна, разняла яго рукі. — Распранайся, праходзь. Будзь, як i ў кожную пятніцу, гаспадаром маёй сціплай двухпакаёвачкі.
Навіцкі зняў брылёўку, плашч, разуўся i падаўся за ёю ў невялікую залю, дзе справа, пры глухой сцяне, пафарбаванай у жоўты колер, стаяла зялёная, з рудаватымі падлакотнічкамі канапа, пасярод — ненакрыты стол, ля акна ў кутку — тэлевізар на журнальным століку i злева, ля кухоннай сцяны, стаяла невялікая шафка на посуд i кнігі. Гэтую зальку, спальню пакінуў гаспадыні былы яе муж. Пра яго, праўда, яна ніколі не расказвала, i ён, Навіцкі, ніколі не распытваўся.
Ён сеў на канапе, Эла — ля яго.
— Што з табою, Том? — спытала яна, узіраючыся ў яго твар, узяла яго правую руку ў свае маленькія белаватыя ручкі. Нa ix было аж чатыры пярсцёнкі. Глядзела як па-мацярынску, з клопатам, хоць гэта ёй не зусім удалося, бо была вялікая розніца ў ix гадах, i як яна ні старалася быць надта сталай, усё роўна, гэтулькі не пражыўшы, не магла столькі ведаць, адчуваць, так думаць, як адчуваў, думаў ужо ён. Таму яе гэтая наўмысная сталасць была крышку смешнаватай.
— Абы-што... — адказаў Навіцкі, бо не хацеў усяго расказваць. — Непрыемнасці, словам. На рабоце, дома...
— ЧП якое ў нашай лабараторыі? — усё не выпускаючы яго рукі, спытала Эла. — Бо сёння, сам ведаеш, не была там.
«I з-за гэтага перапала...» — хацеў пажартаваць, але стрымаўся, бо ўжо добра ведаў, што лепш памаўчаць, чым лішне сказаць, толькі прамовіў: — Не, няма ніякага ЧП, дзякуй Богу. Але трэба наводзіць, як сказаў шэф, дысцыпліну...
— Думаю, што ты згодзішся, каб я i надалей засталася гэтакай недысцыплінаванай?
Ён нічога не адказаў, толькі з жартам паківаў пальцам.
— А дома — што? — зноў сур'ёзна спытала яна, трымаючы яго за палец, на якім быў шлюбны, пацямнелы ўжо за многія гады пярсцёнак. — Жонка здагадваецца? Пілуе?
— Ай! — ён зморшчыўся, махнуў рукою. — Сямейныя нелады... A ў мае гады, прызнацца, нялёгка пераносіць адмоўныя эмоцыі...
— Ты ніколі мне нічога не расказваеш пра сваё, Том... — як пакрыўдзілася Эла, надзьмула прыгожыя вусны, зірнула з дакорам. — Усё тоішся... Ці не верыш мне, ці лічыш лішнім расказваць. Маўляў, нашто мне ўсё ведаць?
— Не крыўдуй, малютка, — папрасіў ён. — Напраўду, не заўсёды хочацца табе расказваць пра непрыемнасці...
Яна прыхілілася, памаўчала крыху.
— Але табе заўсёды калі цяжка на рабоце ці дома, то добра ў мяне. Так, Том? — спытала шэптам. — Іменна ў мяне ты сярод жыцейскай прозы знаходзіш паэзію. Так? Бо я вельмі люблю цябе, свайго маленькага Томіка, заўсёды чакаю i ніколі не злуюся, не папікаю... Так, Том?
— Так, малютка, так, — шапнуў ён, пакратаў вуснамі яе мяккія пахкія валасы, i яна скокнула яму на калені, прытулілася. Яны моцна пацалаваліся.
— Яшчэ што скажы, мілы, — шапнула яна, з жартам кратаючы вуснамі яго вузкаваты падбародак.
— Што табе сказаць, малютка? — усміхнуўся Навіцкі, бо ведаў, пра што яна думае.
— Ці любіш ты яшчэ мяне, мілы?
— Ты ж ведаеш... — прамовіў ён. — I даўно ўжо.
Яна ўсміхнулася i саскочыла на падлогу, узяла яго за руку.
— Хадзем, я пачастую цябе за такія добрыя словы.
Яны зайшлі ў невялікую кухню, дзе стаялі халадзільнік, белая шафка, светла-зялёны стол, няроўна накрыты белым ватманскім лістом.
Эла ўзняла ліст — i паказаліся стравы: сухая кілбаса, сыр, нарэзаныя i аблітыя смятанаю памідоры, чорная ікра, масла, чорны i белы хлеб, на беленькіх, з чырвонымі абадкамі талерачках стаялі чарачкі. Ля ix ляжалі відэльцы i нажы.
— О! — здзівіўся ён, цмокнуў яе ў шчаку. — Ты цуд, малютка!
— Ведаю, мілы, якія ты любіш прысмакі, — усміхнулася яна, села насупраць яго. — Каб дагаджаць табе, дык наўмысна завяла знаёмствы ў магазінах.
— Ты малайчына! — ён працягнуў руку i пагладзіў яе па плечуку.
— Еш, будзь дужы... — пасля, калі крыху выпілі i закусілі, шапнула Эла, паднялася, пацалавала яго ў шчаку i падалася з кухні.
Схадзіла ў ванную, уключыла там святло, пусціла з кранаў ваду — ён, пазіраючы ўверх, на невялікае акенца, з хваляваннем бачыў, як зажаўцелася за шклом. Пасля Эла выйшла з ваннай.
Навіцкі выпіў чорнай кавы, выцер сурвэткаю губы, тут жа, у кухні, спаласнуў пад кранам пальцы, выцер ix беленькім ручніком. Пасля дастаў з унутранай кішэні пінжака прыхаваную дзесятку, адчыніў пазногцем шыбіну ў шафцы i, як заўсёды, паклаў яе туды — на верхнюю маленькую талерачку.
Читать дальше