I на кухні, i ў зале было ўжо даволі цемнавата; як ішоў, ён бачыў, што ў спальні на акно апушчана цёмная штора i там зусім морачна, ледзь відаць справа белая падушка, краёк беленькай коўдры, пад якой, як i заўсёды ў такую хвіліну, з галавою схавалася Эла.
Так i было: Эла ляжала ўжо накрыўшыся, толькі плямінкаю цямнеўся на падушцы хвосцік яе валасоў. Навіцкі прыпыніўся, зачыніў дзверы — i ўжо ў цемені пачаў хуценька распранацца, кладучы адзенне на загадзя пастаўленае сюды Элаю крэсла.
...Прачнуўся ён раптоўна, як i заснуў. Спачатку не мог разабрацца, што цяпер: ноч ці ранне. Але пасля, калі ўбачыў, што ляжыць не дома, у сваім пакоі-кабінеце, дык адразу ўведаў, што цяпер пазнаваты вечар, уведаў, дзе ён, адчуў з трывогаю, што затрымаўся, што павінен ужо гэтай хвілінай быць дома.
Эла — ужо ў доўгім расшпіленым халаце — стаяла паблізу, ля шафы, адна яе нага была на падлозе, другая — на крэсле. Яна пазіралася ў люстэрка, што было на дзверцах шафы, i расчэсвала доўгія валасы. Праз расчыненыя дзверы з залы падала сюды жаўтаватае святло, асвятляла Эліну спіну, шафу, а тут, дзе ляжаў ён, быў паўзмрок.
Пакуль ён спаў, Эла прыбрала на кухні, памылася i нават высушыла валасы. Як здагадалася, што ён ужо не спіць, хуценька захінула грудзі i жывот халатам.
Не раз засынаў ён i раней (толькі разам з Элаю), i тады, калі прачыналіся, яна лашчылася, старалася не адпускаць дадому, баялася, можа, застацца адна. Але сёння яна расхвалявалася, злавалася на яго, колькі разоў таўхала ў плячо, каб ён не спаў, а пасля здалася, заціхла, ляжала з заплюшчанымі вачыма...
Навіцкаму было сорамна цяпер загаварыць, бо адчуваў, што ўсякае яго слова можа ёй не спадабацца, i гэтаксама нельга было хітраваць — прыкідвацца, што ён яшчэ спіць. Было мулка ляжаць вось так ціха на спіне, баяцца нават паварушыцца, i ён не вытрымаў, крыху павярнуўся на левы бок, да ружаватай у паўзмроку сцяны. Падумаў, што па-добраму дык i не ведае, якога колеру тут, у спальні, сцены, бо заходзіць сюды заўсёды ў цемнаце.
— Табе пара ўжо... Падымайся, — прамовіла Эла, i яго, хоць i не адчуў у яе спакойным голасе злосці, усё ж апанавала крыўда, што яна не назвала па імені, не падышла ды не прытулілася. — Хутка дзесяць гадзін вечара — цябе чакаюць ужо дома...
Яна не падыходзіла, моршчылася, пазірала ў цьмянае люстэрка i расчэсвалася, i ён не падклікаў, бо не мог цяпер дураслівіцца, ведаў, што яна пакрыўдзілася, а то, можа, болей ужо i не кахае яго. Можа, расчаравалася ў ім.
— Бяжы, мілы... — як адумалася, што ёй не трэба крыўдзіцца, ужо ласкавей сказала яна, хоць зноў не падышла, падалася ў залу, каб ён змог падняцца i адзецца, i — ужо не то сур'ёзна, як разумеючы яго, не то з крыўдаю на свой лес — загаварыла адтуль: — Ідзі, Том, бо ты ўсё ж сем'янін... А я... Я адзінокая. Ніхто не спытае, чаму i дзе я позна затрымалася ці чаму дома заседзелася...
Навіцкі з сорамам падхапіўся, адзеўся. Адчуў, што валасы высахлі, збіліся ад лежатні на адзін бок. Расчасаўся i выйшаў: Эла чакала яго ў калідоры, стаяла ля вешалак, прыпёршыся спіною да сцяны ды склаўшы рукі на грудзях.
Ён падышоў, яшчэ больш засаромеўся, стараўся вытрымаць Элін спакойны, але незразумелы позірк, абуўся, адчуваючы, што спяшаецца i ад гэтага становіцца горача ў твар, паўз яе ўзяў свой плашч, брылёўку. Апрануўшыся, хацеў прытуліць Элу i не змог. Як не мог i нешта сказаць.
— Ну... Ты... — як бачыў, што i яна чамусьці маўчыць, ён паспрабаваў неяк па-людску развітацца. — Я... Я табе...
— Прыходзь, мілы,. — яна, відаць, зразумела, што ён хацеў сказаць, абняла яго за плячо, усміхнулася. — Буду чакаць... Калі абараню дысертацыю, дык тады, можа, не пушчу, маладога якога знайду... — I, як паказваючы, што жартуе, паляпала яго, разгубленага, зусім асаромленага, па плячах. — Ну, будзь! Да той пятніцы, мілы! — цмокнула ў шчаку, адхінулася, сама адчыніла дзверы i легка падштурхнула яго на калідор, адразу ж, як ён выйшаў, i зашчапілася...
3.
Калі вярнуўся дадому, Навіцкі яшчэ ў калідоры адчуў, што дома дачка i сын: на вешалцы віселі іхнія белыя плашчы. Але чамусьці ні галасоў ix, ні музыкі, ні спеваў ды гамонкі з тэлевізара ці з магнітафона, без чаго, здаецца, жыць не маглі дагэтуль дзеці, не чулася. У чатырохпакаёвай кватэры стаяла нязвыклая вячэрняя цішыня.
Ён распрануўся, разуўся i ўжо ў мяккіх тапачках зайшоў у ванную, паглядзеўся ў люстэрка — i не спадабаўся сабе. Памыў пунсовы твар, прымачыў злеглыя валасы i расчасаўся. Тады ўжо, думаючы, што трэба здацца вельмі стомленым, зайшоў у вялікую, агульную для ўсіх залю, дзе яны звычайна глядзелі тэлевізар, сядзелі з гасцямі, i здзівіўся: тут, а не ў сваіх пакоях, далека адно ад аднаго, нахмурыўшыся, сядзелі дачка i сын: Тоня — танклявая, дробная на твары, сімпатычная, як i яе маці ў маладыя гады, з вузкімі плячыма дзяўчына — падкурчыўшыся, паўляжала на канапе i падпілоўвала нефарбаваныя пазногці, Вова — не па гадах высокі, з шырокімі плячыма, увесь у яго, у бацьку, з чарнаватымі ўжо вусамі пад буйным носам, з доўгімі, амаль па плечы, чорнымі валасамі — сядзеў на крэсле ля шырокага акна, уткнуўшыся ў газету.
Читать дальше