Я па-вар'яцку адкінуўся ад люстэрка, чакаючы, што той будзе ўжо тут, у пакоі, пачне са мной размаўляць, цешыцца сабою: маўляў, у кожнага чалавека, у мяне таксама, ёсць у спратах душы яшчэ іншы чалавек, i ён уладае i кіруе... Ды не, ніякай чорнай асобы я не ўбачыў, адчуў толькі невыказна дзікі страх i не мог заснуць. Баючыся цемені, я на ўсю ноч уключыў святло ў пакоі i ўжо гнаў ад сябе прэч думку, каб дзе чаго кульнуць у рот i нібы страціць прытомнасць.
Назаўтра, ужо ў светлы дзень, я зноў падышоў да люстэрка ў прыхожай, уталопіўся туды, датыкаючыся да яго носам, i зноў, ужо не ачмурэлы, угледзеў, што глыбее, гусцее цемень i з яе вымалёўваецца жудасная здань...
Зноў адскочыўся ад гэтага ненавіснага люстэрка, кожнаю жылкай адчуўшы, што той страшны пасланец заяўляецца ў спрыяльны для ягонай перамогі час.
«Гэта — мая смерць!..» — апякло розум i душу. Раней пра гэта, пра свой адыход з гэтага свету, мала думаў, а калі i разважаў, дык як пра штосьці яшчэ няблізкае i тое, што датычыць не мяне, а вось цяпер скалануў, узрушыў да самай глыбіні душы хуткі нябыт...
Я накінуў на сябе плашч, начапіў скамечаную брылёўку i, утульваючы голаў пад асеннім дажджом, пашыбаваў да майстэрні, дзе працавала Рэня.
Кліенты, работнікі майстэрні ды i Рэня літаральна знямелі, калі ўбачылі мяне, такога апушчанага i нашэршанага. Рэня, па-ранейшаму паўнацелая, вабная, але i па-колішняму са смуткам у вачах, сумелася-зніякавела i апусціла галаву.
Аднак калі я паклікаў на калідор, выйшла туды з сумачкай.
— Ну што? — запытала там хмурна. — Даць хоць на піва? «Апошні раз»?
— Не, — тросся я. — Памажы мне ацалець.
Яна зірнула на мяне сумна, нават горка (Хто я табе? Ды пасля тых брыдкіх слоў, што тут ты не раз кідаў мне ў твар?), пасля ўздыхнула i захітала галавою:
— Вось да чаго можна дапіцца! Яшчэ зусім не старому, здароваму мужчыне!
Канечне, яе словы былі непрыемныя, але я мужна сцярпеў іхнюю праўду.
— Цяпер пойдзеш лячыцца?— запытала яна.— Каб зусім кінуць піць?
— Пайду.
— Шчыра?
— Шчыра.
— Лічыш: утрымаешся ад таго страшнага смаку?
— Утрымаюся.
— Што ж, паверу яшчэ раз, але...
— Павер, — запэўніў я. — Хоць не маю ніякага права прасіць пра гэта якраз цябе.
Рэня ўзяла адпачынак на тыдзень за свой кошт, вымочвала мяне ў ванне, адпойвала настоем зёлак, за свае грошы зноў рамантавала маю кватэру, а пасля завяла мяне ў паліклініку, а з паліклінікі — у бальніцу.
Не буду шматслоўнічаць, як я пакутаваў ад зняваг i грубасці санітарак, перамагаў боль, спакусу, маркоту, безцікаўнасць, як пакрыху набіраўся сіл i духу. Рэня прыязджала да мяне зрэдзь, але намагалася, каб яе са мной мала хто бачыў. Калі я праз пэўны час, як пачаў люднець, загаварыў з ёй пра тое, каб нам зноў быць разам, яна адказала: «Не ведаю...»
Праз месяцы два, акрыяўшы, я вярнуўся ў сваю кватэру, настройваючы сябе на тое, што сёння ж пачну шукаць работу, запрашу да сябе Рэню — няхай паглядзіць, што я зусім новы чалавек ці, лепш сказаць, той, які трэба.
Рэня гаварыла мне, што раз-два на тыдзень зазірае ў маю кватэру, каб яе прыбраць i праветрыць, але цяпер, калi зайшоў, з задавальненнем убачыў, што тут не толькі лад, але i чысціня, утульнасць. Нават мая вопратка пачышчаная i адгладжаная, абутак ажно ззяё.
Калі распрануўся i зайшоў у залю, дык аж запыніўся i замёр: на нашым з Рэняй століку, што быў пасярод пакоя, паміж нашымі мяккімі крэсламі, стаяў вялізны букет рознакаляровых руж (цяпер, ужо зімою!), а на канапе, здаецца, пасля цёплага душа, пад коўдрай ляжала-спачывала Рэня. I ў адмыслова-мілай позе: адно яе поўнае i белае сцягно было ненакрытае, як i адна палавінка белых круглявых грудзей, на галаве — махровы ручнік, а на вуснах — шчаслівая ўсмешка аспакоенай жанчыны. Я затаіўся. Мне i хацелася падысці, палашчыць кідкае для вока ненакрытае цела, а то i абцалаваць яго, але мне было i боязна пабудзіць яе, перапыніць, мабыць, лёгкі i прыемны сон. Калі я ўжо збіраўся павярнуцца i на дыбачках выйсці з пакоя, Рэня зусім ужо натуральна i хораша ўсміхнулася, адкінула з сябе коўдру i працягнула да мяне поўныя, да локцяў загарэлыя, а вышэй белыя, са знаёмымі мне радзімымі крапінкамі рукі.
Я ступіў, паў перад ёй на калені; яна, не адплюшчваючы вачэй, прытуліла мой твар да сваіх тугіх, крышку, але прыемна халаднаватых i водарна пахкіх вадой ды мылам грудзей i расчулена запяшчоціла маю патыліцу...
Пасля гэтага мы зноў зажылі як сямейныя людзі, i шчасце гэтае цягнулася... ды не, не цягнулася, а прамільгнула за тры гады. Я, здаецца, ужо здолеў угаварыць Рэню, каб яна развялася i назусім перайшла жыць з дзіцем да мяне, як аднаго дня яна нечакана знікла, пакінуўшы мне новую запіску: «Мы вымушаны разлучыцца. Дзякуй табе за ўсё, мой харошы. Я з'язджаю з горада, але ты не шукай мяне. Так трэба. Цяпер я ўжо моцна веру, што ты ўстаіш i зробіш яшчэ нямала добрага».
Читать дальше