Няхай бы што з ім здарылася кепскае, а не з ёю.
— Баліць...— закричала яна.— Ой, як баліць...
— Мілая мая, харошая,— прасіў ён.— Ну скажы, дзе i што табе баліць.
— Жывот...— нарэшце прызналася яна.— Рэжа... Як агнём гарыць...
Як пачуў, дык стала лягчэй. Можа, сапраўды перасілілася, крышку адпачне — i зноў стане на ногі. Іначай i быць не можа. Бо што ж ён тут, на хутары, ёй парадзіць, як выратуе ад болю. I, на шчасце, Яніне, здаецца, начало лягчэць. Яна заціхла, прыўзнялася нават, абцягнула на калені лёгкую, некалі бела-жоўтую, а цяпер выцвілую сукенку. Калі Васіль, азірнуўшыся, убачыў ды сказаў, што з лесу выйшла i ідзе па дарозе Чапроўская, дык Яніна нібы зусім ачуняла, ажывілася, досыць рэзка паднялася, хоць i хіснуўшыся, абаперлася на бярвенне.
— Нічога маме не кажы...— папрасіла-загадала.— Няхай думае, што мы адпачывалі... I пра каня не гавары праўды. Запытае сама — адкажам, што ўцёк...
Неўзабаве Чапроўская, несучы карзіну, дачыльгікала сюды. Кульгала, абапіраючыся на кавеньку, але ішла досыць хутка.
— Якая ты белая...— не павітаўшыся, занепакоілася яна, не зводзячы позірку з Яніны.— Блажыць?
— Відаць, перагрэлася на сонцы, дык вот крыху i пабялела,— паспрабавала ўсміхнуцца Яніна, але ўсмешка яе была не зусім вясёлая i гарэзная, як звычайна бывав пры добрым настроі.
— Ці не на сабе цягнеце вы сырняк? — здзівілася Чапроўская.— А дзе ж ваш конь? Ды во i вупражы нідзе ніякай не бачу...— i з падазронасцю зірнула на ix абаіх.
— Уцёк ад нас Рыжы,— стараючыся не пазіраць матцы ў вочы, сказала Яніна.— Ведама, чуж-чужаніца, як толькі сарваўся з прывязі, дык i марсянуў дадому. Ці нават i ў свет белы.
— Дык самі цягаеце такі ценжар? — пахітала галавою Чапроўская, а пасля i папікнула: — Ці не падурэлі вы?! Цягнучы за каня, i падарвацца можна. Ты ж,— зірнула на Яніну,— дзяўчына, а ты,— перавяла позірк на яго, — яшчз ж нядаўна на жаўтуху хварэў, печань у цябе слабая... Падарвяцё змоладу, так перасільваючыся, здароўе — белы свет мілы не будзе... Скідай, хлопец мой, бервяно во гэтае, самае тоўстае, потым яго забярэш...
Васіль паслухаў, залез на бярвёны, стаў адною нагою на пярэднюю ручку, другою — на сярэдняе бервяно, ухапіўся рукамі за камель крайняга бервяна i папхнуў яго між ног назад, пакуль не скінуў з перадка. Пасля, злезшы, зайшоў за задок калёс, яшчэ, вышэй задняй ручкі, надняў узняты канец бервяна i скінуў яго долу, нагою адкаціў на ўзбочыну. Пакуль ён рабіў гэта, Чапроўская ўсё ўшчувала ix абаіх. У яе словах была праўда, але, канечне, няможна было цяпер, у такіх умовах, жыць па гэтай праўдзе. Хочаш ці не хочаш, але мусова трэба было якраз не спаць у шапку i не асцерагацца. Праўда, кабеты пасля злёгку падпіхнулі, i ён калёсы з двума бярвёнамі пацягнуў без вялікай натугі. Чапроўская ішла ззаду i ўсё ці то дакарала Яніну, ці пра нешта ў яе строга дапытвалася. Колькі разоў азірнуўшыся, Васіль бачыў, што Яніна нібы без ахвоты адказвае i ідзе, апусціўшы галаву.
На хутары Васіль з рэўнасцю чакаў, што скажа старая Чапроўская пра зямлянку — пра іхнюю сумесную работу ды пра іхняе першае ў іхнім жыцці сумеснае жытло. Але тая нічога не сказала, толькі з ахвотаю схавалася ад спякоты ў зямлянку, дастала з карзіны i выклала на стол звязаную хустку з яйкамі, абвязаны збанок (мусіць, з малаком), слоік смятаны, а таксама i боханчык вайсковага чорнага хлеба.
— Сядзьце, з'есце трохі,— лагодна ўжо прамовіла Чапроўская.
— Дзякую, мама,— сказала Яніна,— няхай Васіль перакусіць, а я прылягу,— i легла на палок.
— А што ж вы тут ясцё? — запытала Чапроўская.
— Ды не галадаем, мама.
— Бачу, што надта сытыя... Аж «ляўціць» усё i на адным, i на другім... Шчокі ўпалі, вачэй не відаць...
— Хлеб i тушонка, праўда, скончыліся,— прызналася Яніна,— але картофлю-самасейку капаем, булён ці шчаўе варым... Я нават шчаўе на зіму крышу...
— Зерне пражым,— дадаў Васіль, не могучы паадолець сліну, што гнала i гнала ў рот, калі ўбачыў такі вабны, смачны цешчын пачастунак.— Яблыкі-скараспелкі ходзім у Ляджа рваць... Там не згарэла, уцалела колькі яблынь... Увосень грыбоў на зіму насушым, грыбныя поліўкі будзем варыць...
— Адным словам, як паны жывяцё,— усміхнулася Чапроўская.
— Ды не прападзём, мама,— сказала Яніна.— Жылі людзі ў зямлянках, будзем жыць i мы.
— Я за свой век аж чатыры разы ў зямлянках жыла,— уздыхнуўшы, загаварыла госця, села пры стале.— Першы раз жыла, калі яшчэ малая была. Тады наша, яшчэ дзедава, хата ад маланкі згарэла — агонь палавіну Янковіч як языком злізаў. Пасля гэтага мы выбраліся з вёскі, пачалі жыць у Ляйтарках. Вось там, калі пачалася тая, першая, вайна з немцамі, нашу новую хату царскія салдаты на мост разабралі, змусілі зноў рабіць зямлянку. На трэці раз загналі ў зямлянку немцы, на чацвёрты — палякі... Цяпер вот, калі выганіць Кажушка, прыйдзецца пяты раз у зямлю рыцца...— горка пахітала галавою, зірнула нібы невідушча,— Іншы раз калі падумаеш, успомніш усё, дык аж дзіва альбо страх бярэ: божа, колькі чаго выпала на долю, колькі чаго можна выцерпець... A колькі яшчэ чаго наперадзе будзе... Босыя, без кала ł двара, без жаднай жывёлінкі, без гаспадара...
Читать дальше