6.
Хутарок Амшарок паспакайнеў (не ішлі ўночы немцы, не заяўляўся Вяршок з шайкаю) i заадно ажываў, культурнеў.
За некалькі дзён пасля таго, як пабылі Васюкоў i Казлоў з непрыемнымі навінамі, Яніна i Васіль выкапалі досыць прасторную i глыбокую яміну, абклалі жэрдкамі сцены, зрабілі палок, стол, лаўкі з расколаных ды абчасаных сякераю плашак, невялікае акенца, дзверы, разабралі печ на папялішчы i ca старых, але яшчэ моцных цаглін склалі ў зямлянцы печачку з невялікаю плітою. Прымайстраваўшы да двух вянцоў зямлянкі надзейную i цёплую страху, аж залюбаваліся: спрытнае i ўтульнае выйшла жытло! Тут, як здалося ім, можна не толькі зімаваць, але i не баяцца ніякага марозу! Толькі трэба расстарацца для печы дроў i харчу для сябе. Там, увесну, можна будзе ўжо дбаць i пра хату.
Зладаваўшы жытло, не супакоіліся, не сядзелі склаўшы рукі. Пачалі чысціць былы склеп. Каб было дзе ўвосень схаваць гародніну, бульбу, што дадуць ім Кажушка i Дошчачка — іхнюю долю, а таксама i плату, што яны зарабілі за зіму, вясну i лета.
Склеп стаяў непадалёку ад хаты; дык у блакаду, калі гарэлі прыбудовы, не ўцалеў i ён: страха i ўсё — адзенне, бочкі, цабэркі, што былі пад страхою, дол, што быў з плашак i зляжалага кастравіння,— сатлела ды абвалілася. Агонь, лічы, нічога не пашкадаваў: сярпы, косы, што знайшліся ў попеле, былі перапаленыя, ужо непрыгодныя, a бочкі, што стаялі раней у пограбе, абгарэлі напалову, рассохліся.
Яніна i Васіль цягнулі ў гэтую хвіліну з лесу на калёсах бярвенне — на зрубік для склепа. Хоць не бралі з сабою драбінак, ляжанкі, бярвёны ляжалі толькі на расцягнутых перадку i задку калёс, але цягнуць было цяжка. I Васілю, што валок за аглоблі, i Яніне, што папіхала калёсы за заднюю ручку. А цяжэй на гэты раз было таму, што i стаміліся ўжо, i сонца смаліла неміласэрна, нібы стараючыся якраз за ліпень аддаць зямлі найбольш свайго цяпла, i паклалі на калёсы больш, чым раней. Каб не выбірацца яшчэ раз у лес, уздумалі ўзваліць не толькі тры чатырохметровыя сырыя сасновыя бярвёны, але i яшчэ пару верхавінак ды найбольш буйнога галля. Ведалі: усё — буйное i дробнае — спатрэбіцца.
У лесе i пасля па роўнай тупкай дарозе колы каціліся без вялікага намагання, але ў нізінцы, на павароце, дзе сабраўся нанесены ў паводкі i цяпер сыпкі без дажджоў пясок, забуксавалі. Як Васіль ні ўпінаўся, як ні падштурхоўвала Яніна, выскачыць з не такой ужо i вялікай лапіны пяску не маглі — хаваліся па спіцы колы. А за ёю, гэтай лапінаю, зноў была роўная i, самае важнае, ужо блізкая дарога да зямлянкі. Аж брала крыўда i злосць, што не хапала сілы, моцы, каб зрабіць рашучы рывок, што сабака, Мурзік, дагнаўшы ix, не запыніўся нават, не пазважаў, што ім цяжка, радасна пашыбаваў без запынку на хутар.
У адчаі ды нават у абурэнні Васіль азірнуўся: відаць, зусім слаба памагае Яніна. Ці жартам нават, можа, i пакеплівае — ускочыла, як i той раз, на бярвёны i едзе як пані. Не, упіраецца, пхне, аж крэкча. Але вось зморшчылася, нібы дакараючы, што ён, мужчына, не дасць рады, а пасля раптоўна напружаны, пачырванелы твар яе скрывіўся; яшчэ праз міг яна ўпала на адну руку на бярвенне, а другою схапілася за жывот.
Ён спачатку вельмі не захваляваўся, палічыў, што, мабыць, крыху перасілілася, дык хоча адпачыць. Але пасля адчуў: штосьці тут не так. Яніне якраз блага, бо цела яе нервова ўздрыгвае. Кінуў аглоблі ды падбег да яе.
Аклікнуў, але яна не варухнулася, не абзыўнулася. Здаецца, не магла нават разагнуцца, была нібы паралізаваная. Не пазважала, калі i дакрануўся да яе.
Напаўняючыся трывогаю, узяў яе на рукі. Уразіўся: твар яе, яшчэ нядаўна чырвоны ад натугі, белы-белы, вочы заплюшчаныя, а цела яе бязвольнае i цяжкае.
— Янінка...— са страхам паклікаў, прытуліў, не разумеючы, адкуль i чаго накінулася на яе нейкае ліха.
— Пакладзі... На траву,— ледзь чутна прашаптала яна i застагнала, нават заенчыла, сціскаючы зубамі вусны.
Выйшаў з пяску i паклаў яе на ўзбочыне — на дзірване. Каля самага поля, дзе сярод лебяды, пырніку сям-там кусцілася бульба — здаецца, на загоне Навіцкіх. Яніна адвярнулася, надгарнула пад сябе ногі, зрываючыся на плач, зусім не зважаючы на яго нытанні.
— Янінка! — Ён стаў на калені, гладзіў яе па галаве, руках, прасіў сказаць, дзе i што ёй баліць, сам ледзь не плакаў, праклінаючы той момант, калі згаджаўся, каб яна памагала яму ўскочваць ці падымаць на калёсы бярвенне, папіхала. Усё ж яна — кабета, не такая ў яе сіла, каб рабіць нароўні з мужчынам. Тады, пры рабоце, быў рад за кожную яе i маленькую помач, а цяпер во хоць укусі сябе за локаць за сваю неабачлівасць.
Читать дальше