Васіль i Яніна падакляравалі, што, калі ўбачацца з
Яикам, пагавораць з ім так, як трэба; Васюкоў i маўклівы Казлоў неўзабаве пакінулі хутар.
— Божа, што ён сабе надумаў? — сашчаміўшы калені рукамі, захітала галавою, забедавала Яніна.— I праўда ж, можа зусім марна ды ганебна скласці галаву... Выжыў у вайну, дык прападзе цяпер, пасля вайны. Малады, здаровы. У васемнаццаць гадоў.— Заплакала. 3 вачэй паплылі па загарэлых шчоках буйныя слёзы. Пасля паскардзілася: — Ну чаму ты, божа, такі нелітасцівы? Дзе ні ступі, куды ні павярніся, дык усюды адна бяда ды гора...
— Сам Янка вінаваты,— прамовіў Васіль, разумеючы, што не вельмі суцешвае Яніну, а яшчэ болей дадае ёй пакут.— Не ўцякаў бы — дык i не было б ніякай мітрэнгі. Можа, быў бы i шчаслівы — абмінула б куля, абмінуў бы i асколак...
Яніна маўчала, моўчкі плакала. Канечне, яна, кабета, сястра, вастрэй, балюча адчувала трывогу, пакуту як за брата, так i за маці: Янкаў учынак ніколечкі не ўсцешыць i тую, не прынясе радасці.
«Дзе ён цяпер можа быць? —падумаў Васіль пра швагра.— У ружэвіцкім лесе ці тут, у нашым? Хто ж яго ведае. Паспрабуй знайсці іголку ў стозе сена ды яшчэ такою неспрыяльнаю часінаю. Колькі ні сноўдай, можаш не напаткаць, а вось нарвацца на ліха, сам скласці галаву можаш лёгка i незваротна...»
Васіль моўчкі падняўся i зноў апусціўся ў яміну — колькі ні адчайвайся, ні пакутуй, а жыць, дбаць пра прытулак усё роўна трэба. Дзеўбануў рыдлёўкаю — яна заскрыгітала, адкалупнула толькі са жменьку рудаватага, лічы, ужо гліністага пяску.
Неўзабаве, наплакаўшыся, апусцілася ў яміну i Яніна, таксама пачала дзяўбаць рыдлёўкаю рудую цвердзь i выкідаць яе на насып.
5.
Янінін i Васілёў лёс рашыўся сёлета ўвесну, калі пацяплелі ночы, пырснула маладзенькая, кволая зелянота на дрэвах.
У адзін з такіх позніх майскіх вечароў яны сядзелі на лаўцы каля Янінінага гаспадара і, як у ранейшыя вечары, шапталіся, па-маладому гарэзавалі. Абое аж уздрыгнулі, калі нечакана з ганка пачулі строгі голас Янінінай маці, старой Чапроўскай:
— Яня, ідзі ў хату! I ты, Вацік, зайдзі...
Паслухалі. Сціхлыя, наструненыя, пайшлі на кліч. Васіль тупаў з насцярогаю: ён, прызнацца, пабойваўся Янінінай маці — невысокай, худой, кульгавай старой кабеты. Яму які ўжо час i тады, калі хадзіў разам з Янінаю ў Янковічы ў старую, польскую, школу i, бывала, крыўдзіў яе, дробненькую, паглядную дзяўчынку (крыўдзіў нават па невядомай яму самому прычыне), i цяпер, калі прыйшлося разам ратавацца, шукаць прытулку ў Ружэвічах, паразумецца — здавалася: старая Чапроўская (хоць якая яна была старая?! Ёй ішоў яшчэ ўсяго толькі сорак другі год!) недалюблівае яго, зыркае спадылба, нібы на воўка, стараецца ні сустрэцца з ім, ні загаварыць. A калі спаткае выпадкова на дарозе ці мусіць пры людзях сказаць слова, дык не пазірае ў вочы, буркне нешта толькі для адчэпнага. Пагэтаму i ён намагаўся не трапляць ёй на вочы, не заходзіў у хату, дзе кватаравалі Чапроўскія. Хоць яна, старая, канечне, ведала, што яе Яніна «любіцца», як казалі ў Ружэвічах, з маладым бежанцам, сваім земляком. Цяпер Чапроўская, відаць, клікала ix на нейкі суд.
Яніна i Васіль зайшлі ў невялікую, на адзін пакой, хату, дзе на вокнах віселі цёмныя фіранкі, а на камінку тлела лучына. Чапроўская сядзела ўжо пры стале, абапіраючыся на гладкую ядлоўцавую кавеньку; на другі бок стала прымайстраваўся светлавалосы Янка; на тапчане сядзелі гаспадары, Кажушкі.
— Садзіцеся, галубэ,— не то сярдзіта, не то лагодна прамовіла Чапроўская i паказала ім месца на лаве — паблізу сябе.
Яны паслухмяна селі. Нібы вінаватыя ці нібы сапраўды на нейкім судзе.
— Скажыце вы мне: праўда гэта ці не, што людзі гавораць? — рашуча запытала Чапроўская.— Што вы хадзілі да ксяндза i дамаўляліся, каб ён даў вам шлюб?
Васіль з трывогаю апусціў галаву: Чапроўская супраць таго, што яны «любяцца», думаюць пажаніцца? Па-другое, чаму яна пытаецца пра гэта не ў адной Яніны, але i ў яго? Што надумала яна? Разлучыць?
— Хадзілі, гаварылі...— нечакана смела прызналася Яніна.
Яе маці, бадай, разгубілася i з адчаем зірнула на ix абаіх. Васіль не падымаў галавы, але душою адчуваў гэты гіільны разгублены i адчайны позірк. Калі ж на міг асмеліўся падняць вочы, дык аж здзівіўся: сярдзітая кабета была цяпер зусім не сярдзітая, а разгубленая i нібы хацела заплакаць, чамусьці найбольш пазіраючы на яго рукі. Ён, бянтэжачыся, нібы які рабаўнік, не ведйў, дзе дзець ix, гэтыя свае рукі — вялізныя, з шырокімі, па лапаце, далоньмі ды з ёмкімі пальцамі. Ад ix, таксама i ад шырозных плячэй ён здаваўся здаравідлам, мядзведзем, a Яніна побач з ім выглядала зусім дробная, кволая, як лань. Аж сцяўся ад адчування гэтай сваёй велічы, дужасці і, здаецца, няўклюднасці ды ад Янінінай кволасці. Адчуваў: з-за гэтай жа прычыны, мусіць, хоча цяпер i заплакаць Чапроўская,— бачыце, на яе дзіцятка квапіцца гэткі велікан.
Читать дальше