- От залівала, дык залівала! - шапнуў Яшка на вуха Каведлу.
Той усміхнуўся, але нічога не адказаў, думаючы аб нечым і ўглядаючыся ў кут на сцэне, дзе на пабеленай столі выдзялялася шырокая шэрая пляма. «Працякае, мусіць, трэба будзе агледзець... Але аб чым гэта ён?»
Анатоль Іванавіч гаварыў яшчэ і аб падсобным штаце, аб іх пенсіі.
- Каму ж і хто перашкаджае стаць майстрам у будучым, абы жаданне было, тады і зарабляць будуць болей.
Гаварыў яшчэ аб сталоўцы: «Вось-вось адчынім, пытанне бліжэйшага месяца». Памянуў кааператыў, аб намечаным да будоўлі новым інтэрнаце, «на які асабліва спадзявацца ўсё ж ткі не трэба, бо прыходзіцца лічыцца са сродкамі».
Выступіла яшчэ некалькі майстроў. Вось дзядзька Сяргей цягнуў сваё звычайнае - скардзіўся на падносчыц:
- І трасца іх ведае, не рукі, а граблі, цап-цап - ашкалёпкі. І што ты хочаш з такімі, ці ты з імі норму выпрацуеш, выганіш што? А яшчэ - падвышай ім стаўку... Дзе гэта відана? Ды за што, я пытаю вас, за ашкалёпкі? Дык аб чым гаварыць? І што гэта за людзі? Дурыкамі хочуць хлеб зарабіць. Пачакайце ж, няма дурных!
- Бач, разумнік знайшоўся! У тры раты халявы дуе, дык яму і чорт запанібрата! Далоў! Злазь... - чуліся крыкі.
- А вось не пайду, гультаі, абібокі.
- Далоў, змывайся да божай мацеры... Мала дзяўчат ты пабіў на сваім вяку?
- Транты вы дзіравыя...
- Далоў, гніда, бач, разбагацеў, старцоўскі хлеб скупляючы.
- Лапцюжнікі...
- Вон, паскуднік, крывасмок былы, мала крыві пасмактаў з панам, дык і цяпер думаеш...
Крыкі, гоман змяшаліся ў вялікі вэрхал, з якога цяжка было аб чым-небудзь дачуць, у чым-небудзь там разабрацца. Хто крычаў, хто махаў рукамі, нехта моцна грукаў чобатамі аб падлогу, кожны сіліўся перакрычаць другога.
- Гультаі!
- Падліза панская... Хто скварку з'еў, якою пан чобаты ваксіў?
- Ты ў мяне пагавары...
- Ану?
- Абічайка ты... Лапаць шэры.
- Крый яго, чаго там.
Нават Астап Зіркута і той умяшаўся ў агульны вэрхал і нешта крычаў, размахваючы сваімі лахманамі.
- Ты падумай, сын Карла ў мяне, не абы-хто. І ніякага спасобія... пры чым жа тут я?
- Адчапіся...
- Таварышы!
- Тава-а-ва-рышы!
- Та-а-ва-а-рышы! - крычаў нехта, стараючыся перакрычаць людскі гоман з крыкаў, узаемных лаянак і папрокаў.
- Тава-а-рышы! Да парадку... Ды слухайце ж, каму гавораць... Ды мы ж на рабочым сходзе.
На сцэне размахваў рукамі Сашка Каведла, некалькі разоў ударыў кулаком па сталу, сарваў сваю кепку і кінуў размашыста ў кут. Кепка ўдарылася ў бляшаны ліст, якім абліцована была знізу сцэна, і ўпала на падлогу пад бляшаны грукат, уздымаючы цэлую гору пылу.
Ці грукат бляхі, ці энергічныя мігі Каведлы і ўвесь яго надзвычайна знерваваны выгляд зрабілі свой уплыў на рабочых, але зала сцішэла. Чуліся яшчэ паасобныя абрыўкі слоў:
- Эксплуататары вы...
- Крывасмок!
- Гультай.
- Я табе за гультая рэбры пералічу...
- Ану...
Але выкрыкі рабіліся ўсё радзей і радзей. Некаторыя пацягнуліся за капшукамі, а гэта было пэўнай прыкметай таму, што настане цішыня.
- Таварышы! - яшчэ раз паўтарыў Каведла і зрабіў доўгую паўзу, азіраючы са сцэны рабочых, нібы шукаючы кагосьці сярод густых радоў.
- Дарагія таварышы... - ужо цішэй і неяк ласкавей стаў казаць Каведла. - Правільна сказаў дырэктар, і кожны з нас будзе згодны з яго думкай, што мы, мы, а не хто іншыя - гаспадары завода. Але ж ён не сказаў, якія мы гаспадары. Мы не сталі яшчэ гаспадарамі...
У зале зноў наступіла цішыня, кожны прыслухаўся, і ў кожнага мільганула думка: «А чаму гэта мы не гаспадары?» І кожны чакаў адказу.
- Так, мы не сталі яшчэ гаспадарамі. Аб гэтым гаворыць і наш сённяшні сход. Дзе ж гэта відана, каб мы-ы... заво-о-д... мы - рабочыя... ды не змаглі правесці сходу. Сорам усім нам... усім, усім - не палохайцеся, нечага моршчыцца. А болей ад усіх сорамна нашаму пава-а-жа-наму ды-рэк-тару, нашаму заў-кому... Яны ж наша галоўка, верхавіна, так сказаць. А да чаго яны давялі завод?
Прысутныя, зацікаўленыя развязкай прамовы, маўчалі.
Толькі дырэктар памкнуўся быў з-за баковачкі, хацеў нешта сказаць, але, як відаць, не адважыўся, пасунуў назад і, запаліўшы папяросу, стаў хутка хадзіць з аднаго кутка баковачкі ў другі.
- Да чаго ж яны давялі завод? Да ручкі, таварышы, да ручкі... Яны не навучылі нас быць гаспадарамі, і мы ў большасці тыя ж самыя рабочыя, старыя рабочыя царскага часу... А чаму ж гэта так? «Канкрэтней, таварыш Каведла, канкрэтней...» А ўсё таму, што ў нас цэхаўшчынка, а таму, што мы другога рабочага, рабочага не з нашага пасёлка, за чалавека не лічым, а лічым яго за апошняга сабаку... Не так, думаеце? Так... Хто ўчора пабіў павяртальшчыка? Наш брат... Хто на тым тыдні апаліў шыю работніцы Насці? Наша праца... А хто разбіў грудзі падносчыцы Рахілі? Што?! Мо аб гэтым не чулі, мо гэтага не бачылі? Дзе ж нашы вочы і нашы вушы, калі заўкомаўскія вушы заклала? А дзе злачынцы, якія здзекаваліся над чалавекам, якія згвалтавалі работніцу і цяпер ходзяць не лысыя? Мо аб гэтым таксама не ведаеце? А хто цкуе жыдоў, хто піша гэтыя пісулькі, вось падай, Нютка...
Читать дальше