У зале паступова ўздымаўся знутры рокат. Чуваць было, як ён рос, шырыўся, расплываўся напорным струменем і штохвіліны мацнеў. Калі выйшла Нютка і, саромеючыся і пачырванеўшы, падала змятую пісульку, нехта крыкнуў з кутка:
- А ты куды?
- Лахудра, змыйся, трапло, каб паху твайго не было!
Тут жа ўскочыў на сцэну Анатоль Іванавіч, падбег да Каведлы і, сцяўшы кулакі, стараўся перакрычаць Сашку:
- Не дазволю... Не да-а-зволю! Я гаспадар завода, я - адказны за ўсё... Далоў, бузацёр.
Аднекуль ад сценкі крыкнула разам некалькі чалавек:
- Слова Каведлу, слова, няхай гаворыць!
А Каведла, узяўшы дырэктара за рукі і гледзячы ў яго скрыўлены злосцю твар, гаварыў размерана, націскаючы на кожнае слова:
- Таварыш... дырэктар... прашу... да парадку. Я... вам не перашкаджаў. Калі ласка... адыдзіце, - і, павярнуўшыся да залы, стаў чытаць пісульку.
З задніх радоў нехта хуценька ўзняўся з лавы, і некалькі чалавек, адзін за другім, пасунуліся за дзверы. Іван Сяргеевіч са збялелым тварам хватаўся дрыжачымі рукамі за рукаў дырэктара і палахліва пытаў:
- Анатоль Іванавіч! Дайце рады... Ну што ж гэта будзе?
Дырэктар маўчаў, хадзіў з кутка ў куток, нервова камечачы свой паласаты гальштук і недакураную распатрошаную папяросу. Іван Сяргеевіч не адставаў, забягаў збоку і стараўся зазірнуць у вочы.
- Анатоль Іванавіч!
- Ат, адчапіцеся вы, ідзіце вы... да чортавай...
Анатоля Іванавіча апанавала на хвіліну поўная абыякавасць да ўсяго, што рабілася, што гаварылася на сцэне. Нібы даляталі аднекуль словы, і былі яны без сэнсу, без сваіх канкрэтных разуменняў. Нібы лёталі ў паветры нізкі літар, што пазляталі з шыльдаў. Адны шэрыя, адсвечваюць бляшаным бляскам, другія шкляныя, празрыстыя... Але кожныя самі па сабе, без зместу, без тае цеплыні, фарбаў і пахаў, якія хаваюцца ў кожным слове, у іх разуменні.
«Ці не ўсё роўна... А можа, правал?»
І ён безуважліва слухаў, як рос і шырыўся голас Каведлы:
- Чым жа гэта пахне, паважаныя таварышы рабочыя? Гэта ж здзекі над чалавекам, над жывым чалавекам, здзекі толькі таму, што яна жыдоўка... Гэта ж злачынства... І хто пакрывае яго? Дырэктар, заўком. Яны ж ведаюць нават злачынцаў. Вось няхай скажа Сёмка Лядун. Чалавек у больніцы, а яны сказалі вам хоць адно слова? Не, яны не з такіх... Уся гэтая праца і прывяла нас да таго, што ні заўком нічога не робіць і ні табе адзіная арганізацыя. Усё спіць, і ўсе спяць... Пра камсамольцаў і казаць нечага, аб іх мы пагаворым у другім месцы.
Сакратар камсамольскай ячэйкі, які сядзеў у другім радзе, усё думаў і вырашаў пытанне, як лічыць выступленне Каведлы: правільным ці няправільным - у дачыненні, скажам, вытрыманасці.
«Здаецца, што правільна... Але ж якое ён мае права зачапляць камсамол без бюро, і хоць бы дагаварыўшыся... Буза, бу-у-за, - парашыў ён урэшце і махнуў безнадзейна рукой. - Калі-небудзь пагаворым».
А цяпер выступаць - не адчуваў належнай рашучасці.
Каведла ўсё гаварыў. Ён памянуў і калектыўны дагавор, і патрэбныя змены, і дабаўленні. Пачаў казаць аб падсобных, загаварыў аб эксплуатацыі бескватэрных дзяўчат. Усе маўчалі. Чутны былі толькі паасобныя выкрыкі ад сценкі:
- Правільна, што і казаць, ты, браце, іх пад жабры, пад жабры, не-е-чага.
Але калі Каведла, занадта рэзка загаварыўшы аб майстрах, памянуў некаторых паасобна, здарыліся нечаканыя вынікі. Аўдзей Мадзейчык, славуты п'яніца на заводзе, вылецеў клубком на сцэну і, расхлістаўшы грудзі, стаў біць па іх кулаком і закрычаў прарэзліва на ўсю залу, захліпаючыся, як у непрытомнай істэрыцы:
- Што правільна? Сукіны сыны, што правільна, я вас пытаю? Вы яшчэ галапупымі бегалі, а мы, мы, рабочыя, мы - пралетарскі клас, мы пот пралівалі на заводзе, мы... мы... сілу тут сваю загубілі. Вы, злыдні з чужога поля, ты - блазан, вы ў вочы печы не бачылі, а мы радзіліся тут і памром... вы з указамі лезеце, вы жыдоў абараняеце, вам, сволачам, жыдоўка даражэй мяне... таварышы... родныя... мяне... які ёсць чысцейшы пралетар... Вы... паскуднікі... таварышы... мілыя... ды што ж гэта, ды што ж вы гледзіцё... аб чым жа вы думаеце... Родныя, любыя, ды біце вы іх, ганіце акаянную сілу... чаго стаіцё. У-у... ірады, супастаты... Што ж я, у рэшата павінен разбіцца перад ёю... Я... ударыць не магу... Я... братцы... ды за што ж ваявалі... га-лу-у-бчыкі... Ды дайце мне яго!
Нявыказаны гармідар узняўся ў зале. Некаторыя сунуліся да дзвярэй, некаторыя сталі перабягаць па лавах да сцэны. Крык, стук, ляпанне дзвярэй - усё змяшалася ў трасучы гоман, у якім патанулі паасобныя словы і крыкі.
Читать дальше