- Ото ж і добра. Я так і думаў. Памятаеш, Сёмка, і я сказаў так: навошта гэтыя, скажам, пасяджэнні, марнаваць паперу дарма. Дый ці гэта часу ў нас залішне, ці што, каб гэта, значыцца, кожным глупствам мазгі забіваць. Дый свята сёння. Бяда з маладымі, вось прыбег сёння ён, з пасцелі ўзняў. «Бяда, бяда!» - крычыць як непрытомны. А яно ўсё трэба паціху, ды каб гэта яно па-людску, спакойна, ціхамірам...
- А вось вам і будзе «па-людску». Каб вы гэта ды паслухалі, што рабочыя кажуць. Ад хуліганаў, гавораць, праходу нямашака, распладзіліся неймаверна. Чалавеку не прайсці, каб не зачапілі. А заўком, кажуць, хоць бы зрабіў што, каб гэта ўсё да парадку давесці, - загаварыў Сёмка Лядун, які моўчкі сядзеў да гэтага часу.
- А пры чым тут заўком?
- А нашто ён тады?
- Ну, Сёмка, ты, браце, яшчэ задужа малады і зялёны, вучыць мяне няма чаго, глупстваў залішне не разводзь. Што ты - ведаеш, бачыў, хто рабіў?
- Не бачыў, дык людзі скажуць.
- Мала чаго табе людзі набрэшуць. А каб, скажам, і ведаў, - дык нарсуд на тое ёсць, пры чым жа тут заўком?
- Ну, няхай будзе па-вашаму... Пабачым.
- Ды нечага і бачыць. Усё ясна, як дрот. Вось няхай і Анатоль Іванавіч скажа.
- Не спрачайцеся дарэмна, таварышы! Няма аб чым гарачку несці. Вось скажыце лепей, калі мы сход агульны прызначым па калектыўнаму дагавору? Ды, ведаеце, не шкодзіла б вам там трохі пацерціся сярод рабочых, асабліва сярод падсобных, каб якой-небудзь бузы не адпалілі. Тут да мяне некаторыя заходзілі з інтэрнатам гэтым. Але ж самі ведаеце, што сродкаў у нас - кот наплакаў, ды наогул цяжка і гаварыць цяпер аб гэтым, бо тут табе і рэжым эканоміі, дый збыту вось няма, затаварыліся занадта. Так што, каб гэта ўсё ладна пайшло... Мая думка - прадоўжыць трэба дагавор на год і... больш нічога. Ну, можа, там вось водаправод у завод правесці, балазе ж трубы даўно набыты - выдаткаў вялікіх тут непатрэбна. Ды там яшчэ што з дробязі.
- Як-небудзь ужо зробім. А сход можна будзе і на тым тыдні... Трэба пасля палучкі зараз жа, а самае лепшае - у часе палучкі.
Умовіўшыся аб сходзе, Іван Сяргеевіч і Сёмка пайшлі ад дырэктара.
Іван Сяргеевіч, сыходзячы з ганка і пагладжваючы сваю бараду, усё даводзіў Сёмку правільнасць сваіх думак:
- Ну што, не я табе казаў - зачым вэрхал ствараць. Падумаеш, справа - жыдовачку згвалцілі... Ну што ж, згвалцілі, і ці мала каго згвалтуюць. А ты - бяда, бяд-а-а... Вучыся лепш у старых. Ды вось, між іншым, думае твой бацька ў мястэчку пабыць сёння ці не? Там жа кірмаш... Дык накажы яму, калі думае, няхай зойдзе, разам пойдзем. А то яшчэ, можа, і на маторку патрапім, па рэчцы дык яно як вокам міргнуць - і там будзем. Дык глядзі ж, накажы!
- Добра... - мармытнуў пад нос Сёмка і пайшоў да свае хаты. Ён ішоў і думаў, што ж рабіць тут заўкому? Як-ніяк, а справа ж, здаецца, важная. І на табе - ніхто ні слова, нібы гэта яго і не тычыцца. Хоць бы сабе Іван Сяргеевіч... Старшыня заўкома... І хоць бы табе што! Разбярыся тут - хітрая справа. Ну, стары чалавек... і дзядзька, між іншым. Вось тут і разблытвай.
* * *
Запаленне лёгкіх надоўга прыкавала Рахіль да пасцелі. Толькі на другі тыдзень яна пачала пазнаваць фельчарыцу, пачала пазнаваць і сваю таварышку Нютку, якая штодня наведвала яе і прыносіла што-кольвечы з нямудрых сваіх прысмакаў.
Ужо другі дзень, як Рахіль ачуняла, і фельчарыца абяцала, што праз тыдзень які можна будзе ёй і выпісацца з бальніцы, можна будзе стаць зноў на работу. Бляды, зняжывелы твар стаў паступова набываць свае жывыя фарбы, былую рухомасць.
З прыемнасцю і задавальненнем назірала Нютка, як сілілася Рахіль усміхнуцца, расказваючы аб нечым старым і смешным з местачковага жыцця, якое было вядома абедзвюм. Але ўсмешка гэта была яшчэ занадта слабая, яна знікала праз хвіліну, і тады шэрымі, зямлістымі ўзгоркамі выдзяляліся на твары сківіцы, на цёмныя плямы рабіліся вочы, занадта вострым і залішне белым здаваўся нос.
Нютка адварочвалася тады да акна і глядзела на двор, на якім падалі і перамешваліся з гразёй першыя нерашучыя сняжынкі. Яна нахілялася да шыбкі, хукала на яе, і шыбка засцілалася парай, і ў самай сярэдзіне збіраліся буйныя кропелькі, якія спакваля спаўзалі ўніз.
- А ўсё ж ткі цёпла ў цябе напалена, а на дварэ цяпер холадна-холадна, - гаварыла Нютка, гаварыла проста так, абы сказаць, абы парушыць цішыню бальнічнага пакоіка. Гаварыць аб другім было неахвота, бо гэта магло расхваляваць таварышку, яшчэ больш яе абяссіліць.
А пагаварыць было шмат аб чым. Хацелася сказаць, што яна, Нютка, расказала аб усім-усім некаторым хлопцам: і аб учынках Сідаронка, аб насмешках і здзеках некаторых другіх рабочых, і аб тых, хто зрабіў гэтую апошнюю паскудную справу, і аб гэтай вось пісульцы, якую перадала ёй фельчарыца. Пісулька адрасавана Рахілі, там было ўсяго некалькі слоў, але ж не варта пакуль што паказваць пісульку Рахілі.
Читать дальше