- А як ты думаеш, ці не зайсці нам, скажам, да Анатоля Іванавіча: усё ж ткі дырэктар, ну і чалавек парцейны... І наогул заўсёды правільную лінію вядзе, ведае, як і што. Якая твая прапанова будзе па гэтаму пункту?
- А чаму ж і не зайсці? Ды ён жа да таго і вольны сёння, і застанем на кватэры. Дык пойдам, чаго там...
Жонка Івана Сяргеевіча задаволена ўздыхнула. Урэшце выкаціліся з хаты, можна брацца цяпер і за малако.
* * *
Былі белыя, такія бялюткія-бялюткія сцены... І такая самая столь. І такія самыя зэдлікі, столікі, такая самая чысцюткая і бялюсенькая шафа ў кутку.
І па-беламу распаўзалася сонца. І белае балюча ўдарыла ў вочы, таму і апусціліся зноў павекі, зноў нерухомымі сталі пальцы на руках. Адчувалася стомленасць, цягучы боль звязваў рукі і ногі, і не было як паварушыцца, крануць нагой ці рукой. І думкі плылі абрыўкамі, няясныя, расплыўчатыя і такія выпадковыя. Неяк нельга было пачаць ад галоўнага, ад сённяшняга...
Белыя сцены, столь... Белая шафа рабілася аграмадным белым птахам, які ўзлятаў высока-высока, аж пад самае сонца, і раптам ляцеў шалёна к долу і ціхутка, спакойненька станавіўся ў кут той жа звычайнаю шафай. Вунь відаць праз шчылінкі прыжмураных вачэй крыху прыадчыненыя дзверцы гэтай шафы, адтуль высунуўся кавалачак марлі, відаць нейкая пляшка. Дзверцы шафы белыя, і па беламу ззяе сонечны зайчык: ён дрыжыць і пераліваецца бляскам празрыстага золата. Раптам зайчык знікае. Тады цямнеюць сцены, белая столь, зэдлікі, шафа, і ў пакоік упаўзае нешта шэрае і такое нуднае-нуднае. І адзінюткая сляза застывае на твары, і хочацца плакаць. І няма сіл.
А ў думках - гэта белае, неадчэпнае белае... Як калісьці ў малочнай рэбе Меера: белыя сцены, белы прылавак, белыя паліцы... І тады часам хацелася плакаць, плакаць моцна, уголас, каб пачуў увесь свет, каб здрыгануўся ён, каб само сонца аблілося слязьмі са сваіх недасяжных вышынь і сонечнымі непазнанымі слязьмі змыла чалавечае зло і гэтыя чалавечыя звычайныя сінякі, якія так часта дарыў рэбе Меер. І гаварыў пры гэтым:
- Рахіль, Бог любіць толькі тых, хто працуе, ідзі ж калышы калыску і не гняві тваю гаспадыню.
Рэбе Меер адзін, а людзей многа-многа. Людзі, людзі і людзі... Многа людзей. І адна толькі Нютка. Нютка - таварышка, Нютцы можна расказаць аб усім. Нютка не будзе смяяцца і не скажа пра сялёдачны хвост, пра жыдоўку. Добрая Нютка...
Ціхае заспакаенне авалодвае целам; прыемна адчуваць гэтую цішыню, цяплынь коўдры і сачыць за гэтымі зайчыкамі на сцяне, на шафе, на печы.
А за дзвярамі чутны ціхія галасы:
- Нютка, не трэба хадзіць, не трывож пакуль што, няхай вось выспіцца, адпачне, тады і паспееш убачыцца.
- А што з ёй?
- Ды нічога небяспечнага. Вось прастыла крыху на зямлі, але ж ачуняе... Не клапаціся дарэмна.
* * *
- Ну, хто там?
- А гэта мы, Анатоль Іванавіч, бачыце, па справе адной, дай, думаем, зойдзем.
- Ага, таварыш Шабурда, заходзьце, заходзьце... Ну, як вам спалася, што новага?
- Ды яно, як сказаць, якія могуць быць навіны ў нас, на нашым, гэта значыцца, заводзе... - Іван Сяргеевіч пяцярнёй рукі памяў сваю бародку, якая мела за звычай тапырыцца непаслухмяна ўперад сваім вострым кончыкам, калі бачыла перад сабой начальства. - Але вось дзялы ўсё ж ткі... І ліха яго ведае, непрыемнасць, бачыце, жыдовачку гэтую самую згвалцілі... Рахіль, з выдувальнага цэха. Ляжыць у бальніцы цяпер, прывезлі рабочыя.
- У якой бальніцы?
- Ды ў нашай жа...
- У нашай? А хто ж распарадзіўся прывезці іменна ў нашу бальніцу? А чаму не ў раённую? Гэта ж не ў заводзе здарылася?
- Іменна не ў заводзе, Анатоль Іванавіч, і не на тэрыторыі завода, а ў Чурылаўскім ляску, які, як вам вядома, з паўвярсты ад нас. Але ж нічога не папішаш, прывезлі, бачыце, рабочыя раніцой, каб жа гэта ды знаццё, ды веданне...
- Ну, вось і нарабілі клопату... Мала дзе што дзеецца, а цяпер і запытаць могуць часамі, а што гэта ў вас на заводзе робіцца? Як жа гэта вы так? Усякую брыду на завод цягнеце.
- Дык, бачыце, мы ж тут ні пры чым... Я і зайшоў гэта параіцца, што ж рабіць цяпер будзем, бачыце, нашыя рабочыя і зрабілі гэта ўсё.
- Хіба вядома?
- Кажуць... Бачылі некаторыя.
- А яна гаворыць?
- Ды вось Сёмка кажа, што яна ні на кога не ўказвае, маўчыць, сцяўшы рот, і ні слова.
- Та-а-к... Не зусім прыемная справа. Але нічога, перамелецца сяк-так і пройдзе.
- А як вы думаеце, мо пасяджэнне заўкома сабраць... ці пастанову там якую?
- Пасяджэнне? Пры чым тут пасяджэнне? Ніякай карысці, ды навошта гармідар ствараць. Няхай ужо ляжыць у бальніцы, ачуняе, дык на работу пойдзе.
Читать дальше