На заводзе загуў гудок на змену, загуў працягла і глуха, трывожнае і жудаснае чулася ў ім, нібы вось-вось павінны былі рушыцца клубныя сцены ці павінна здарыцца што-небудзь незвычайнае.
«Ну і не разбяры-бяры...» - падумаў Каведла, калі падбег да яго перапалоханы Яшка.
- Пойдзем, Сашка... Чаго тут... бачыш. Узарвала як.
- Ты што? З-пад куста выскачыў, ці што? Эх... дурань ты, дурань... Ну, чаго ты? Спужаўся хіба? А яшчэ камсамолец. Не рыпайся нікуды... разумееш? Ну, вось.
- Ды я нічога, гэта я к слову, - вінавата прагаварыў Яшка. - А сход, як бачыш, мусіць, і не адбудзецца.
- Так, мусіць, і не адбудзецца... - кінуў машынальна Каведла, заняты сваімі думкамі.
У зале была яшчэ поўная неразбярыха, рабочыя спрачаліся цэлымі групамі, чулася густая лаянка. Некаторыя ў запале пагражалі адзін аднаму кулакамі, нехта памінаў пра аборку, якой хлеб рэжацца, і пра тое калена, на якім праводзіцца гэтая нямудрая аперацыя. На аборку адказвалі сакавітымі мацюгамі, дзе паміналіся і Хрыстос, і душа, і святыя мучанікі, і ўсё сваяцтва па матчынай лініі аж да пятага калена і з «грабавой дошкаю» ў заключэнне. Але гоман сціхаў, і зала ўвачавідкі пусцела - усё часцей і часцей ляпалі выхадныя дзверы, і рабочыя то па адным, то цэлымі купкамі выходзілі на вуліцу.
Толькі самыя заўзятыя, самыя раззлаваныя, збіўшыся ў купкі, працягвалі гарачыя спрэчкі. Анатоль Іванавіч, выкурыўшы апошнюю папяросу, прайшоўся яшчэ раз каля сцэны, глянуў чагосьці ў суфлёрскую будку і, прачытаўшы ўважліва надпіс на яе фанеры: «Насця, не будзь дурной», паціснуў без усякай прычыны плячамі і пайшоў да дзвярэй. Іван Сяргеевіч, які да гэтага не вылазіў з баковачкі, тупаў цяпер ля рабочых, прыслухоўваўся да іх галасоў; рэдкая яго барада то хавалася ў каўняры кажушка, то, вылезшы адтуль, трэслася ўсімі сваімі валаскамі, нібы той кавалачак паклі, выдзьмуты ветрам з паза. Вось-вось, здавалася, адарвецца гэты кавалачак ад сцяны і, падхоплены ветрам, паляціць удалечыню, на прастор, ці тут жа ўпадзе на зямлю, у гразь, у калюжыну.
Хутка разышліся ўсе, толькі Яшка корпаўся каля сценкі і прыладжваў на цвік абарваны лозунг. Каведла азірнуў усю залу, падлогу, на якой валяліся недакуркі, агрызкі яблыкаў, недаедкі ад гуркоў. Ад некаторых недакуркаў падымаліся яшчэ цянюткія палоскі дыму, завіваліся ў празрыстыя пярсцёнкі, а пасля расплываліся, рабіліся шырэйшымі і павісалі над залай шчыльнай і шэрай заслонай. Пахла яшчэ потам, кажухамі, дыханнем згруджаных цел, юхтай, дзёгцем і свежым холадам, які клубамі пары рос і расплываўся па падлозе ад адчыненых дзвярэй.
- Ну, Яшка, давай вось праветрым клуб, адчыні яшчэ хворткі, а пасля - да мяне, пагамонім крыху...
* * *
Анатоль Іванавіч доўга не клаўся спаць. Усё хадзіў па сваім пакоіку і бесперастанку курыў. То садзіўся за рабочы стол і пачынаў пісаць. Пісаў і, не закончыўшы, рваў на шматкі спісаныя лісточкі...
- Не разумею, ніяк не дабяру да толку. Звычайнага ліста не напісаць, ды на што гэта падобна? Не... Лячыцца трэба, паважаны Анатоль Іванавіч, шанаваны дырэктар завода... якога не слухаюцца. Дырэктар, якога перамагае сапляк, блазан... Дырэктар, з якога смяюцца, якога зневажаюць, які атарапеў перад прамасленай кепкай. Звычайнай дзіравай кепкай. Дырэктар. Бліскучы Жорж Граеўскі, перад якім пасцілаліся ў брудзе і пылу непакорныя транты. Жорж Граеўскі... Адно імя ледзяніла кроў у іхніх жылах, і сціналіся ў жудасным страху хамскія сэрцы. Жорж... Але ж гэта... жарты... такія мілыя жарты. Пры чым Жорж? Пры чым Граеўскі, калі я - дырэктар... Анатоль Іванавіч Гарашчэня. Трыста чалавек рабочых. Ды каб не слухаліся мяне, партыйца? Пачакайце ж... Я пакажу, што значыць працоўная дысцыпліна, я пакажу, што значыць зрываць рабочыя сходы, займацца дэмагогіяй, кампраметаваць адміністрацыю, таптаць у гразь заўком... Мы яшчэ паглядзім... памераемся - хто каго?!
Анатоль Іванавіч зноў сеў за стол і, старанна абдумваючы кожнае слова і кожны выраз, пісаў ліст у райком, дзе прасіў адклікаць Каведлу, які «не спраўляецца са сваёй працай і, акрамя таго, паступова разлагаецца, робіць дрэнны ўплыў на рабочую моладзь і, у прыватнасці, на камсамольскую арганізацыю завода. Інтарэсы завода, інтарэсы правільнага камуністычнага выхавання рабочых мас патрабуюць самай выразнай класавай лініі ў працы па палітычна-культурнаму абслугоўванню і бальшавіцкай вытрыманасці, бальшавіцкага гарту працаўнікоў гэтае катэгорыі. Спадзяюся, што райком выканае маю просьбу - просьбу не адміністратара толькі, а просьбу партыйца, старога бальшавіка, - і камандзіруе да нас больш адпаведнага таварыша...»
Читать дальше