- Грэх, вялікі грэх... Хлеб - гэта дар Божы...
І, учуўшы яго словы, скупа адказвалі людзі:
- А пры чым жа грэх? Яно ж само гарыць... Такая ж сухмень на дварэ...
Дзед маўчаў.
А пад самую раніцу пацягнула з лесу востраю гар'ю. Шызыя каснікі дыму засланілі ўсё неба. Калі ўзышло сонца, было яно цьмяным, багровым. Гарэлі графскія тарфянішчы, бліжэйшыя да балот лясы. Агонь ціха поўз па сухіх верасах, змейкамі віўся па імшарынах, па бруснічніку і ўскідваўся снапамі бляклых папяловых іскраў на сухадрэвіне-хвойцы. Сонца тушыла іскравы бляск. Буйны віхор узлятаў вышэй лесу і паволі апускаўся адтуль. Кружыліся шэрыя сняжынкі попелу. Там, дзе забіраўся агонь у глыбіню зямлі, у торф, там жаўцелі стромкія бярозкі і, затрымцеўшы раптам, страсянуўшы спёкшымся ад жару лісцем, глуха падалі на счарнелую, абгарэлую зямлю.
Агонь падбіраўся да графскага бору, да самых Выгодаў. Тады людзі пабралі рыдлёўкі і, панурыя, маўклівыя, пайшлі бараніцца ад агню, капаць канавы, засыпаць пяском тлеючыя папараці і верасы. Колькі дзён яшчэ прабіваўся агонь, але пайшлі дажджы, абмылі лесавыя выгары, і на шэрай, абгарэлай зямлі пачалі прабівацца скупою рунню бледныя травы. Толькі на тарфянішчах яшчэ клубіўся дым і доўга стаяў там, аж да самае восені, да спорных восеньскіх дажджоў.
Людзі хадзілі, аднак, без працы. Блукалі па лясах - па ягады, па грыбы, па арэхі. Лясы былі панскія. Злыя былі панскія леснікі. Малая была ўдача і на ягаду. Ды невялікі і наедак з той лесавой ягады, калі без хлеба! А на поле, на лесавую работу выгодаўцаў не пускалі.
* * *
Была ўжо восень. Першыя замаразкі ўбіралі інеем астуджаную зямлю. У хаце нібы пасвятлела. Бяроза пад акном не засціла неба, і скрозь яе вецце назірала Ядвіська, як лятуць у вырай познія птушкі. Яна прыслухоўвалася да іх далёкіх галасоў, сачыла за хуткімі хмаркамі, якія абганялі і птушак і хавалі тады празрыстае восеньскае сонца, узнімалі хліпучы вецер, і ён пырскаўся халодным дажджом, наганяючы цемрадзь у хату.
Надрыўна кашляў тады дзед. Ён мала хадзіў ужо, усё больш адлежваўся на печы і ўсё пытаўся ў Ядвіські, а дзе ж маці.
- Дзе ж маці? Маці пайшла ў людзі, можа, прынясе якой бульбы.
Мутныя вочы былі ў дзеда. Ён нібы ўспамінаў што, нібы нешта хацеў расказаць, але толькі пытаў зноў:
- Дык пайшла, кажаш?
- Ну так, пайшла, пайшла... - адказвала нібы са злосцю Ядвіська.
Ёй надакучвалі дзедавы пытанні. Дзе маці, дзе маці... Ведае ж, не маленькі! Ні казак ад яго, нічога, адзін толькі кашаль... Але ж шкода Ядвісьцы дзеда, дужа ж ён хворы, пра якія тут казкі пытаць, сама ведае.
- Можа, вады падаць, дзеду? - пытае яна.
А той зойдзецца кашлем, нічога не чуе.
Так і не ўчулі аднаго разу за дзедавым кашлем, як моцна загрукацелі дзверы і ў хату ўвайшоў чужы чалавек. Ён не зачыніў дзверы і, брыдка вылаяўшыся, загрымеў на ўсю хату:
- Ці доўга-то я казаць вам буду?
Ядвіська азірнулася, пабялела. Польскі салдат стаяў у хаце і крычаў. Крычаў з усяе сілы. Ён быў нібы напалоханы чым, нібы перакрычаць хацеў свой страх.
- Дык зараз жа выходзьце з хаты... На вуліцу... Такі загад пана афіцэра... Ды хутчэй... Доўга буду я тут прасіць вашай ласкі... - І ўжо мякчэй: - То загад пана афіцэра - усім на вуліцу... То пан афіцэр не любіць марудзіць... Прашу вас...
І ў вачах салдата быў страх. А можа, не страх... Яны ўнікалі глядзець у вочы людзям і палахліва бегалі па закураных сценах, па дзіравай падлозе, па ўбогаму сталу. На ім стаяла пустая міска, тры сухія абгрызеныя лыжкі.
Дзед насілу злез з печы і, хапіўшыся за грудзі, пайшоў на вуліцу, худы, высокі, босы.
- Ты б хоць лапці, дзеду!
- Не трэба, унучка, нічога не трэба... Відаць, карацелі прыехалі, што ж мы будзем марудзіць з імі...
Усе выгодаўцы ўжо былі на вуліцы. Тут жа былі салдаты, некалькі чалавек з паліцыі, нейкія цывільныя людзі ды пан Зыгмунт з панскім сабакам. То быў вялізны, увесь у плямінах, дог. Яго трымаў на ланцугу пан Зыгмунт, які хадзіў, як надзьмуты верабей. Рудыя халяўкі былі ў пыле. Рудым бляскам свяціліся пана Зыгмунта вочы. Трохі п'яны быў ён і злосны. Але ён маўчаў, толькі думаў: «Праз вас, мярзотнікі, непрыемнасці мне. Праз вас мяне лае пан граф. Праз вас, ірады, я не бачу яшчэ ўласнага дома, коней сваіх, сабак сваіх...»
Аж чмыхнуў ад злосці ён і пайшоў па вуліцы, ганарысты, надзьмуты. Надзьмуты і труслівы - ні на крок не адпускаў панскага сабаку.
Допыт пачалі адразу.
- Хто паліў? - цікавіліся гэтым.
Дзе ж тут знойдзеш адказ на такое пытанне.
Больш маўчалі ўсе ці адказвалі скупа:
Читать дальше