Ад турэмных крат і ад кароткай волі страцілі вочы былы бляск, сівая цвецень уплялася ў валасы. Сугорбілася спіна. Хада насцярожанай стала - страцілі ногі былую гнуткую цвёрдасць, не ногі былі - спружыны, калі ўцякаў у цёмныя ночы ад турэмных наглядальнікаў і парогаў. Цяпер ныюць ногі, цяжкія, азызлыя. І калі прыйшла яна - рэвалюцыя, цяжка было выбіцца з віхлястых прызвычаеных сцежак на пратораныя людскія дарогі, на новыя прасторы новай зямлі. Мелі ногі хаду старую, такую ж хаду мелі старыя думкі пра свет, пра жыццё, пра людзей - усе на свеце зладзеі, найбольшыя з іх у пашане ходзяць, найспрытнейшыя светам правяць, чым жа я хужэй ад іх - злодзей найменшы. Віхлястыя сцежкі прывялі ў Салаўкі. Белым морам на канал прывезлі. І тут збіўся са старых прызвычаеных капылоў. Усё трымаўся на іх, на старых, трупехлых. Падламаліся.
Мо баян падвёў - не ўстояў перад ім па слабасці сваёй да гармоні Андрэй Андрэевіч, адзінаю ўцехаю лічыў яе ў жыцці і мог сярэбранымі галасамі выціснуць слязу на азвярэлым твары, сэрца, збітае з каменю, растапіць у жалю, радасцю чалавечаю яго заіскрыць. Падвяла гармонь. А мо не гармонь. Да сярэбраных галасоў было слова людское, цёплае, спачувальнае. Не чуў яго ніколі раней стары злодзей Андрэй Андрэевіч. І пайшоў на работу, за сабой павёў баявую фалангу. З-за гармоні. Толькі ўдарнік меў права на сярэбраныя яе галасы.
І калі стаў на работу, спала з воч старая слата, свет пазнаў па-новаму. Даведаўся - не зладзеямі свет трымаецца і не імі ён правіцца ў роднай краіне. І няма ніякіх пуцей яму, Андрэю Андрэевічу, найменшаму злодзею ў мінулым, а цяпер, выходзіць, найбольшаму... Акрамя як на работу... Там ён чалавек найпершы, найслаўнейшы брыгадзір, да слова яго ўважліва прыслухоўваюцца... раяцца з ім... Гэткую дамбу згоралі, і дзіва-то: уздыбілася балотнае возера, узнесла хвалі свае вышэй стромкіх хвой, і па хвоях тых, па вяршалінах карабель паплыў, аж да Белага мора пайшлі параходы... І яго рукой тое возера створана, ён падняў караблі, параходы вышэй стромкіх хвой, шлях-дарогу паказаў ім да мора.
Глыбокае возера, бурнае. Ідзе канал з яго да Белага мора.
А яно яшчэ глыбей. Берагоў на ім не відаць, на вялікім...
І тры каплі клею.
Усяго-наўсяго тры каплі. І як паслізнуўся на іх, да пякучага болю ў сэрцы, нібы кранулі па ім нажом тупым, зазубраным і шурпатым. Аж сцяўся ўвесь, уздыхнуў. Быў той уздых глыбокім, працяглым. Спалохаўся нават. Адчуў, як нешта цёплае напоўніла шрам, скацілася праз нябрытую шчаку, запяршыла і сціснула ў горле. Рэзка падхапіўся з нар, прыліп да акна, прастроміў вачмі начную цемрань, што церушылася ігліцай, падалкай-лісцем, восеньскай золлю, макрэддзю.
- Каб я... Ручкі склаўшы сядзець, падвадзіць чалавека... Не, не будзе гэтага... Больш так немагчыма...
Напружыўся ўвесь. Валахатыя рукі наваліліся на тонкую жалезіну, з мясам вырвалі з рамы. Хруснула яна, падалася. Ціха дзынкнула шкло, упала і рассыпалася па мокрай зямлі. Рэзкі вецер узмачаліў космы валос, абдаў холадам твар, думкі прывёў да парадку.
Грузнае тулава перамятнулася праз падваконне, і чалавек знік, праглынуты вятрамі і цемрынёй. Ішла насустрач лесавая восеньская пурга, лісцвяная, іглічная. Грознымі перакатамі гудзела ў вяршалінах хвой, шалёна кідалася на азёрныя прасторы, кідала на дыбкі чорныя хвалі, і яны з гудам, з грохатам навальваліся на ўспенены бераг і адкатваліся назад, каб разбіцца аб сустрэчныя хвалі. Пурга кідала ў вочы, у расхрыстаныя грудзі жмені вострай ігліцы і мокрага лісця, прыгінала стромкія дрэвы, і, напятыя, яны гудзелі, як струна. У гудзе тым была суровая і пагрозлівая музыка лесу. Дзесьці, патрывожаны бураломам, раўкнуў мядзведзь, і роў яго пракаціўся кароткімі пагалоскамі, праглынутымі глыбокімі лажбінамі, мяккімі імшарынамі балот, уздыбленымі хвалямі возера.
Чалавек торапка бег, падганяемы пургой, начнымі сполахамі, глухімі гукамі лесавымі, звярынымі.
* * *
Змрочная пеляна спаўзала з акон. У іх разлівалася шэрая празрыстасць раніцы. Праз іх відаць былі сівыя туманы - яны плылі па лажбінах, клубіліся над рачулкай, над азёрнымі берагамі. І нібы плавалі ў гэтым тумане суровыя грамады хвой і ялін, высока ўзнёсшы калматыя верхавіны ў золь і стыль ранішняга неба.
Прачыналася Мядзведжая гара, абуджалася гаманлівымі галасамі. Ішлі лагернікі на работу: у майстэрні, на сплаў, на лесавыя работы. Заклікаюча гулі гудкі лесапільні, грымелі буферамі цягнікі на станцыі, пераклікаліся паравозы.
Чалавек сядзеў за сталом, лахматы, нахохлены. Раз-поразу праводзіў па твары, па ўскудлачаных валасах шырокай далоняй, нібы зганяючы з твару дрымотную цеплыню, што хіліла да сну, да спачыну. Прыслухоўваўся да паравозных гудкоў, і тады на хвіліну якую выпростваўся ссутулены стан, святлеў позірк вачэй - рабіўся цвёрдым, калючым. У гудках тых была вялікая і грозная сіла - паравозы прыйшлі здалёк, былі бясконцымі іх шляхі, да радзімы далёкай вялі, да волі. Далёкай волі.
Читать дальше