І толькі тады суцішыўся, кінуў бегчы, калі мінуў лес і выйшаў на поле, якое межавала з мястэчкам. Тут ужо не страшна. Тут і да хаты блізка, і да ўрадніка недалёка... І чым бліжэй да хаты, тым смялейшым рабіўся Банадысь і, калі ўваходзіў у мястэчка, нават жалкаваць стаў, чаму гэта ён, Банадысь, ды не звязаў гэтага самага чалавека, чые ногі тырчаць са стога.
- Гэта ж такі выпадак зручны: узяў лейцы ды звязаў яго соннага, як цялё... Проста вот да ўрадніка й прывёз бы, сказаў бы яму: на вот, злачынцу спаймаў, голымі рукамі, можна сказаць, узяў... Гутарак бы колькі адных... І зноў жа, дзеўкі... Зусім іншы тады разгавор з імі... Цяпер каторая і папікне часам: смеласці ў цябе, Банадысь, не хапае, а ўсё таму, што ў салдатах ты, мусіць, не быў. Толькі ж на нас і смелы ты... Т-а-ак... трэба было звязаць гада без усякага ўсякага... Але, зноў-ткі, паспрабуй ты яго звязаць каторага. Мо каму жызня абрыдзела, толькі не мне... Няхай другія вяжуць... Ну й клопату нарабіў жа...
Банадысь зайшоў дахаты, каб бацьку аб усім расказаць і зараз жа выправіць яго з людзьмі да стагоў. Не застаўшы бацьку дома, пайшоў да ўрадніка.
Той сядзеў за сталом. Абвіслыя вусы здаваліся яшчэ даўжэй. На іх наліплі калівы капусты, якая стаяла на стале ў вялікай місе побач з пачатай пляшкай гарэлкі, з акрайчыкам хлеба ды парай-другой гуркоў... Былі тыя гуркі кіслыя, салёныя - аж прыжмурваў вока ўраднік ад вялікае асалоды - ад агурковага соку, ад паху таго тміннага, духавітага.
- Гуркі ў цябе, жана, нішто, важнецкія, можна сказаць, гуркі, у поўнай спраўнасці, павінен я сказаць, і акуратнасці. Царскія гуркі, што і казаць. Але што да палітыкі, дык ты, жана, не сунься, гэта, жана, не твая кампетэнцыя, як кажа сам пан прыстаў. Гэта ўжо мая кампетэнцыя, і павінен я тут поўнае сваё разуменне мець і захады прымаць, бо тут палітыка, тут факт, можна сказаць... А факт, жана, ён заўсёды ёсць... факт, ты гэта разумець павінна... Та-ак... А ежалі я ўласнаручнае дзіцё вайсковай субардынацыі хачу вучыць, дык ты, жана, не рыпайся ды слухай сама з увагай, бо субардынацыя - гэта таксама... факт. А факт - ён заўсёды ёсць... факт, ты гэта адчуваць павінна і разумець, таму ты не хто іншы там, а супружніца і законная сажыцельніца, можна сказаць, гаспадзіна ўрадніка, а ўраднік ёсць уласць, а дзе ўласць, там палітыка... І наогул, несць уласці, ашчэ не ад Бога, як кажа наш паважаны айцец Панфіл... Ён жа іерэй нашага праваслаўнага храма... А гэта таксама факт, і ніякіх тут сумненняў не можа быць...
- Я, канечне, не супроць факта... Але ў Зарэччы вун, кажуць, такі дом адмахаў сабе ўраднік, што па ўсёй воласці не знайсці, аж двое ганак ды пад гонту крыты, на дзве палавіны той дом, казалі анодысь людзі...
- Гэта як сказаць... Гэта, можна сказаць, чуткі ілжывыя, за якія і караць можна па законам нашага часу. Бо не ў гэтым годзе той дом з'явіўся, а калі фактам давесці, дык летась... Гэта раз... А па-другое, яго Зарэчча майму мястэчку не раўня, гэта не раўнуючы, як гнеды прыстава да майго буланчыка. А галоўнае - гэта ўнутраны вораг... Там, браце, таго ўнутранага ворага - платы гарадзіць, толькі знай - варушыся, ды палітыку праводзь, ды каб з розумам. А які ў мяне ўнутраны вораг? Салдаткі якія хіба, каторыя незадаволеныя. Відзімасць адна, а не вораг. На гэтага ворага і соцкага хопіць, з ім і стараста справіцца. Дужа ў мяне ворага ўнутранага мала, ніякага �азгарнення, можна сказаць. Ізноў жа камерцыя, скажам. Там адных маслабоек - з усяго павета возяць алей біць. Канешне, і крупы дзяруць. І канешне, і ваўначоскі. Яно і ў нас ідзе на развіціе, але ж Зарэччу не раўня. Калі ж пра дом сказаць, дык я таксама не ў амбіцыі, не ў крыўдзе, так сказаць. Ты думаеш, што я такі ўжо чалавек апошні, каб аб сваім дзіцяці клопату там не мець, чалавецкага абыходжання... Ану, каманда, змірна!.. Т-а-а-к... па ўсіх правілах субардынацыі... Кру-у-гом!..
Мурзаты падшыванец, які стаяў «змірна» перад сталом, чакаючы канца бацькавым прамовам, жвава павярнуўся за сталом, чакаў далейшага загаду.
- Ану, каманда, шагам... а-а-рш!.. ідзі шчоты прынясі, сукін сын... А цяпер... кру-у-гом!.. айда бягом на зімнія кватэры...
Каманда як дужа кінулася на печ, падалей ад усякіх субардынацый.
- Дзіцё мардуеш, глядзі... аж схудняла на твар...
- Дармо... Не на ражку ж мурло тое быць павінна. Яно каторае больш хударлявае, дык больш спрытнейшае... Дык вот ты, кажаш, дом... А я падлічу вот, тады і гаварыць можна, каб не абы-як, а з фактам каб выступіць...
Тут і зайшоў Банадысь.
Не адрываючыся ад шчотаў, нездаволена мармытаў ураднік:
- Ты там, каторы, шапку знімі, дурань. Не ведаеш хіба, дзе знаходзішся.
Читать дальше