Дзе ж, пытаюся, справядлівасць тады? Дзе ж яна, тая праўда чалавечаская, і якім пісаніем праўду тую пасцігнуць можна?
Лаўрэн пытаўся пра праўду, і відаць было, што пытае ён проста так, ад звычайнае тае цікавасці людскае, ад халоднага людскага розуму. Не прыкіпела тая праўда да нутра, да сэрца яна не прыстала. І голас таму быў не ўзрушаны, не было цеплыні ў ім, не было таго хвалявання, душэўнага мітушэння і ўсяго таго, што ўласціва чалавеку, калі ён праўдай той чалавечаскай за жывую душу працяты. Адзін быў голас: і аб шворне тым, што напал, і аб праўдзе людской, вялікай.
І калі выслухаў Іван Іванавіч Лаўрэна, адказаў толькі:
- Сыты вы чалавек, пане Лаўрэн...
Дужа гэта чалавека здзівіла. Узрушыўся нават:
- Як гэта разумець вас, слова гэтае к чаму? Сыты? Яно, сказаць, і вы ж вот не згаладаваліся... сякі-такі кавал хлеба да вашых жа рук горнецца, няйначай...
Зусім тут заблытаўся Лаўрэн. Нават раўнавагу сваю, думкі разважлівыя, узважыстыя - усё разгубіў.
- Смяецеся вы з мяне, Іван Іванавіч... І, можна сказаць, над старым чалавекам смяецеся... Не чакаў гэтага ад вас, зусім не чакаў... Я да вас з сэрцам шчырым, я да вас як да разумнага чалавека, як да голасу таго, да якога прыслухаюцца, а вы - смешкі строіць, над старым чалавекам - гэткае ж выдумляць... Крыўдна дужа мне, чалавеча... - Нават устаў Лаўрэн, асцярожна газету на стол паклаў, нерашуча на месцы затупаў, на дзверы тыя зірнуў. - Крыўдна, кажу, сапраўды крыўдна... Гэта чалавека ды каб у цёмны лес пускаць, няхай там блудзіць... А нам, маўляў, што... шкада хіба чалавека таго... Няхай паскача, маўляў, па купінах, па пнёўніку, ногі паламае, паскручвае.
І тады засмяяўся Іван Іванавіч. Цёплым такім смехам, чуллівым.
- Дзіўны вы чалавек, пане Лаўрэн... Не нашага веку чалавек... Вас бы сапраўды куды ў лес пусціць, на купіну тую пасадзіць, ды Евангелле ў рукі... Харашо. Сонца гэта вам у лысіну свеціць, камарыкі кашу таўкуць, галубы лесавыя на бярэзіне белай галубовыя справы ладзяць, траўка расце, распускаюцца кветачкі, кругом чарвячкі, мурашкі ўсякія, божыя тыя казюркі... І да вас ад іх ніякай, можна сказаць, цікавасці. Пра шчаку вы чытаеце пра тую правую, пра сарочку апошнюю... І ўсё яно харашо, усё яно йдзе так суладна, любамірліва. Ні вам гэта хто па шчацэ той не лясне, ні вам каму даць па правай ці па макаўцы той, па лысай... Харашо, гэта значыцца, выходзіць па Пісаніі. Буква па буквіцы - і законы Божыя... Тым часам не ў лесе вы. І заўважылі вы, што поп не дужа ласы не толькі левую тую шчаку падстаўляць, але, крый Божа, каб падставіць і правую... Пра апошнюю сарочку гаворыць, а сам ля гарцаў тых, ля апошніх тых гарцаў сялянскіх дужа як завіхаецца... Залішне нават, як кажаце вы... Ад папа, канешне, адна рыза засталася... Та-а-к... Заўважылі гэта вы і жахнуліся: як жа гэта так, калі ды супроць буквы тае святое выходзіць... Як жа так, калі і ў самім Пісаніі Божым адно другому супярэчыць часам, буква пайшла супроць буквы... Скажам, пра апошнюю сарочку ды, скажам, і аб тым, хто шмат мае, якому шмат яшчэ й дасца...
Вось і выходзіць, што думкі тыя вашы на балоце ўзрошчаны, а не на людзях... Буквенны вы чалавек, пане Лаўрэн, і праўда тая ў вас - буквенная праўда. Вот каб ляснулі вам па шчацэ добра, каб пайшлі тыя валдыры па душы, каб задзела вас, выбачайце, за самыя печані - пачалі б вы тады сапраўдную праўду шукаць. І зусім з другога канца шукалі б яе. А пакуль што шукаеце ад сытасці... Таму і сказаў я, што сыты вы чалавек, і крыўдаваць тут, кажу я, не трэба. А сыты чалавек, і сытая праўда ў яго, кульгавая праўда... Шукаеце вы яе, людзей ды людскія дзялы мінаючы. А без людзей праўда не бывае, і людзі той праўдзе характар даюць. У багатага яна, адна, а ў беднага зусім другая... Дык вось якая яна, праўда чалавечаская, аб якой пытаеце вы... А шукаць тую праўду трэба зноў-ткі на людзях, сярод нас усіх... Тут яе і пасцігнуць можна...
Лаўрэн шапку мяў, усё прыглядаўся, чаму яна, тая шапка, ды такая ўжо лысая - выцерлася, мусіць, аб тарпы, аб скірты саламяныя. І думаў - праўду ткі чалавек кажа, супроць яе нічога не скажаш. Аднак...
- Усё ж ткі, Іван Іванавіч, прыгожыя словы часам трапляюцца там... Можна сказаць, нават мудрыя словы. Чытаеш іх, думаеш, што к чаму... Нездарма б тыя словы, здаецца?
- Гэта вы правільна, што нездарма... Прыгожыя словы, што і казаць. Звычайным словам чалавеку голаў не атуманіш. Таму й патрэбны былі яны, гэтыя словы прыгожыя, ды яшчэ залатымі літарамі друкаваныя, каб ямчэй на чалавечыя плечы ярмо ўсцягнуць, пад багатую праўду іх падначаліць, плечы гэтыя самыя. Ды пакорлівасці іх навучыць, каб лепш шыі гнулі перад багатымі... Але механіку гэтую не адразу пасцігнуць можна... Больш уважліва трэба да жыцця ставіцца, ізноў жа і ў разумных людзей, у вялікіх людзей навучыцца можна.
Читать дальше