- Ды што ты вярзеш, чалавеча? Як гэта загрубела?
- Відаць жа: не ад саладухі... Каб то, скажам, пад'ела там. Бывае ж так, дні тры там кабета ходзіць... Саладухі пад'еўшы... Але ж, відаць, прычына, чалавеча, другая, была, мусіць-такі, сур'ёзная прычына... Ды не буду маніць перад табою, загрубела-такі насапраўды, каб яна чэравам тым на сябе наклала, на зямлі распаўзлася, паскуда тая...
- Навошта ты дзіцё клянеш? Ад Банадыся?
Аж замоўк на якую хвіліну Цыбал. Слова таго ад крыўды не мог вымавіць. На ўласным дзіці, можна сказаць, пасклізнуўся. І крывое, сказаць, а ўпоперак дарогі табе кладзецца.
- Калі ад Банадыся, дык вялікі то клопат, пане Цыбал. Абкруцім вобмегам адным, і чорт іх ушчуваць будзе, пад вянцом усе грахі пакрыты. З кім гэта, браце, не здаралася на белым свеце. Дужа гэта, каб галава балела, што яны там вырабляюць часам, маладыя нашы. Ім, суседзе, нашы старыя законы не пісаны. Гэта табе, скажам, ці мне, дык і без штаноў даводзілася да самай жанітвы святым пузам свяціць, курэй пужаць. Дзе там аб дзеўках было думаць... А ім што адыходзіць у цяперашнія часы, калі каторыя і грамату пачалі пазнаваць, як мой старэйшы сын... Ды яшчэ, скажам, за бацькавай спіной, за бацькавым то клопатам... Дык чаго там бедаваць дужа? Ты гэта, браце, плюнь, дужа там сэрца рваць з дробязі такой. Плюнь, кажу, сяк-так абыраеш, не вялікая то справа-праява, калі яны там, скажам, крыху пабязулілі па дурасці, па маладосці...
- Каб жа то так, як ты кажаш, Хвядосе... Каб жа яно ад Банадыся, яно і клопату таго на кіпець самы... Дык жа не ад Банадыся зараза тая мая займела...
- Што ты, чалавеча, кажаш?
- А што ты казаць тут будзеш...
- Як жа гэта ты дзіцё не ўпільнаваў, на такую, можна сказаць, знявагу пусціў... І ад каго?
- Няйначай як ад парабка Напрэя...
- Уга... Зусім, браце, дрэнь справа... Не чакаў, суседзе...
- Прызналася ўчора... І каб жа то з добрым чалавекам якім, яно й жалю б таго не было... Дык на табе, выстаралася, бацьку ўзрадавала, бач, унукаў бацьку не хапае, каб на цябе тая немач белая... І хто б мог думаць, каб ён, Напрэй гэты, - вока ж тое саромеўся на дзяўчат кінуць, - каб гэта ён ды на такія ж авантуры пусціўся... Усё ў зямлю глядзеў, да ног сваіх усё прыглядаўся - ні віду з яго, ні слова людскага ад яго не пачуеш... А тут гэткі жа спрыт, можна сказаць, займеў. Гэткі жа ўскруцень напаў чалавеку ў голаў...
- Каб жа то, суседзе, у голаў... Тут, браце, не вялікага розуму справа...
- Яно, канешне, не вялікага... Знявага ж затое вялікая. Каб у каго, у каго, а то ў мяне...
- Ат... бяда - яна заўсёды, чалавеча, падпільнуе, як ты яе ні сцеражыся... Але ж і бяды тае - не сказаў бы, каб задужа... Кінь, кажу, думаць аб ёй, сяк-так асвойтаешся, ды шчэ і чалавек які знойдзецца. Мала хіба, каб гэта дзеўкі з дзецьмі гатовымі замуж ішлі... Колькі шчэ... Там удавец які з дзецьмі, там кавалер які перастарак, там калека які, недалуга... Не дзе дзенецца дачка твая, знойдзе пуця свайго. Ды пры тваёй, сказаць, браце, гаспадарцы і добрага чалавека знайсці не цяжка. Кавал зямлі той, кубел добры - і да цябе тады любы хлопец і з маладзейшых прыгорнецца. Яно, чалавеча, не ведама, дзе ты знойдзеш або згубіш. Як яно чалавеку суджана, так яно й выйдзе...
Але дзе гэта, каб тыя ўцехі людскія ўцешылі. Чалавека слухай, а сваю думку мей. Гэта ж жартачкі - зямлі кавал, добры кубел. Гэта ж тых грошай куча... Дужа яны валяюцца па дарозе, здарма от сыплюцца ў рукі. Так яны й даліся табе ў рукі... Гэта жартачкі: калі ад Банадыся, дык сват, не ад Банадыся - не сунь носа... Гэта хіба хто розуму не мае, дык не дабярэ... Вот табе й замочкі тыя бліскучыя, ліхтар з мышай... Падвёў пад манастыр з мышай той, зараза гамзюрыстая...
Сумны быў Цыбал. Ішоў дахаты прыцемкам, мармытаў усё пад нос:
- Гэта ж жартачкі - кубел...
...Ля Міронавай хаты тоўпіўся народ. Заклапочаны, тупаў ураднік, разганяў людзей, мацярыўся на соцкіх, якія марудзілі, не з'яўляліся. Ураднік тупаў па двары, выходзіў на вуліцу, і ўвесь яго шызы твар ззяў на сонцы, як нацёртыя медныя бразголкі на грудзях, як тыя новыя з вострым кантам пятакі, спрытна трапляўшыя ў ураднікавы кішэні кірмашовымі днямі. І не разабраць было, ці то заклапочанасць, ці вялікая ўрачыстасць панавала на крамяных урадніцкіх шчаках, на яго шызым - валбукаю - носе.
- Стараешся, воін?
- Чаго? - кінуў утароплены ўраднік на Сёмку запытанне. - Пра што кажаш, служывы?
- Служба, кажу, дужа ў цябе клапатлівая, чыжолая служба...
- Праходзь, праходзь, не задзержывай...
- Ды мы што... Мы спачуваем толькі: схудняў задужа ад клопатаў ты, чалавеча, ледзь-ледзь ногі пуза трымаюць...
Читать дальше