«Важнецкія шулы будуць...»
Мякка ўелася сякера. Затрымцеў яшчэ больш дуб, лісцем зашастаў, нібы скінуў з сябе сон свой ночны. Вылецела і ціха, без шолаху таго, паляцела ўбок птушка нейкая, сякерай напалоханая.
«Сава, канечне...»
Ужо цюкнуўшы колькі раз па звонкаму дрэву, разышоўся Лявон, каб даць поўны ход сваёй сякеры. І не паспеў размахнуцца як след, не паспеў падняць сякеры вышэй галавы - толькі-толькі сабіраўся крэкнуць «га-а», як сама сабой выпала сякера з аслаблых рук і, дзынкнуўшы аб дубовае карэнне, бразнула ўбок. Рукі трэсліся і ўсё вышэй і вышэй узнімаліся дагары.
«Вот табе і новыя шулы... Даспеў-такі, гад, выжла гэтае паганае...» - мільганула ў думках і знікла. Сэрца сцялася, затахкала ў грудзях, аблілося крывёй гарачай, крыўдаю распаленай, жыткаю той незадачлівай.
«Шанцуе ж каму, ды не мне...»
Супроць стаяў чалавек і, выцягнуўшы шыю наперад, сіліўся зрэнкамі праглынуць цемрадзь, распазнаць незнаёмага. Дубальтоўкаю грудзі падпёр.
- Калі што, дык, як падлу, падстрэлю, так і спячэшся. Ану, здавай сякеру... Так... вот так... - Узяў сякеру, за драбінкі паклаў. - Ану, ідзі, хамут здымай...
Рушыўся было Лявон, але стаў. «Як гэта хамут? Абязручыць каб чалавека, ды ў самы ж час гарачы... Ды дзе гэта відана?»
Чорная постаць рушыла да каня, ля хамута вот завіхаецца.
- Не руш... Не руш, я табе кажу... Хамута, кажу, не руш...
- А гэта ўжо табе не бабай камандаваць. Не на печы сваёй распараджацца. Тут табе лес панскі, і я над ім гаспадар.
Лявон прасіцца пачаў. Здзеў падзёртую шапку-зімоўку - выменяў колісьці ў салдата на яйкі, - мяў яе ў руках, ссутуліўся, згорбіўся, і словы тыя ліліся, нібы цёплыя слёзы на жвір, на каменне, на халодную восеньскую зямлю:
- Бра-а-тачка! Будзь жа ты родным таткай... Не руш жа хамута, не чапай яго, бо ён і так ледзь ліпіць... Аддзякую ўжо... няхай мяне гром разаб'е, калі не аддзякую... вот бяры ўжо сякеру, ну, няхай сабе й штрап... Толькі ж зачым табе хамут?
- Уга... Колькі вас такіх? Як папаўся, дык шоўкавы... штрап... Тут, голуб, не штрапам пахне, а адведаеш і суда... Вось як папацягаюць...
Лявон прасіў, і цяжка рабілася дыхаць - вялікі камяк падкатваўся пад самае горла, сціскаў яго, прыдушваў, ды напіналіся рукі, усю кроў, усю моц зганяючы ў здранцвелыя кулакі. І калі заўважыў, як развязваецца хамут, тады кінуўся колькі было сілы на гэтую агідную чорную постаць.
Конь вушмі толькі зашастаў спалохана, кінуў перабіраць аўсяную салому і пераступіў з нагі на нагу.
- Дык ты так. Пастой жа...
Чорная постаць да ружжа пацягнулася, што стаяла ля дугі прыхіленае. Але не паспела дацяць. Паляцела потырч ружжо, убок, у карчэўе.
Каталіся клубком па зямлі, упіваліся жылаватыя рукі ў світы, у твар, у сырую зямлю. Пад самыя калёсы падкаціліся. Ужо захапіў Лявон рукой за горла, сіпіць той, выслізаецца з рук, выгінаецца вужакаю. Дзесьці адзаду сякера ўпала з драбін. Намацала яе рука Сідарава, прыліпла да яе, як п'яўка тая, як слівень. Намагаўся ўсё з-пад калёс, каб на волю, каб на месца раўнейшае. І калі адкаціліся крыху, злаўчыўся рукой свабоднай і апусціў з размаху.
Стукнула глуха. Ды нібы ільдзінка тая пад нагою хруснула. Ды захрапло на зямлі, усё цішэй і цішэй...
Устаў, хістаючыся. Доўга глядзеў як утароплены ўніз.
«Божачка, як жа трапілася гэта. Ці то думаў, каб насмерць... А мо й лепш, што насмерць...»
І ўжо больш цвярозы - свежы вецер твар распацелы астужыў. Забіліся думкі ў камяк, ды ядраныя, ясныя:
«Не абвінаваціць ніхто... На службе ж я... Скажу, нападаў на мяне... Але колькі па тых судах пацягаюць... Колькі той звяганіны... Ды людзі - сабакі божыя, жыцця не дадуць. Людзі - ворагі: заб'юць, спаляць, на асіне павесяць на чорнай, у балацяныя нетры зацягнуць... Так... у балацяныя... Трэба, каб не было гэтага...»
І рашуча схіліўся. Асцярожна ўзяў рукамі за гэтыя падаткія змякчэлыя ногі і пацягнуў праз карчэўе, праз папараць, туды, на бераг высокі, дзе пад кручай віруе вада, разбягаецца круцёлкамі пеннымі, не змаўкае ні днём, ні ўначы - пазалетась тут сома злавілі...
Пра сома чамусьці ўспомніў...
Засопшыся, напружыўся з астатніх сіл і перакуліў гэтае цёплае, дрыготкае яшчэ... Прыслухаўся, як глуха боўтнулася ўнізу, пялёснулася... Не спяшаючыся пайшоў назад. Шапка пад ногі трапіла. Ягоная, кручок вот намацаў.
Дастаў сякеру і зноў на бераг. Размахнуўся і кінуў туды сякеру і шапку, росную ад травы, халодную, зябкую...
Запрог каня. Паклаў аўсянае недаеддзе ў драбінкі і павёў каня, каб на дарогу яго выправіць, каб сам бы дацягнуў да хаты калёсы.
Читать дальше