- А ўсё ж?
- А вот табе і ўсё ж, - змоўчаў Напрэй.
- Ну, дык глядзі, на Прастол абавязкова ўдваіх пойдам.
- А то як жа...
І пануры Напрэй куды весялейшы падлыпаў да Цыбалавае хаты і, забраўшыся ў сенцы, нават пазабыўся пашукаць гладыш з кіслым малаком. Ён распрануўся і адразу ж улёгся на свой рыпучы ложак, што зрабіў сам з старых шалёвачных дошак з старых Цыбалавых запасаў.
Сцямнела ўжо, калі Хведар Жаранок зайшоў да Лявона Ражка папрасіць на заўтра каня, бабкі тыя-якія з поля звезці. Колькі там і жыта ў яго, але не зімаваць жа яму ў полі: дожджык падмоча і каровы парасцягаюць, што пусцілі даўно пасвіцца па іржэўніку. Лявон пад паветкай ля калёс поркаўся, колы падмазваў.
- Нешта ты, пане Лявоне, нанач строішся куды, ці што?
- Ды вот, каб на яго ліха, - дзе яно вузка, там і трашчыць - гумно ж вунь, цэлая сцяна ды ля самае ёўні зусім жа рассыпалася, да таго ж спарахнелі шулы. І страха ледзь-ледзь ліпіць, таго і глядзі пасунецца... Дзе ты тады з хлебам дзенешся, ды й сена ж я ў гумне кладу. Трэба вот шулаў тых з пару якую прыдбаць дый сахор не шкодзіла б. Яно б усё гумно перасыпаць трэба, ды дзе ты агораеш яго, гэткую сілу работы адразу... калі і хату толькі скончыў. А тут, чуе сэрца - прыйдзецца ж і ў салдаты падацца. А што баба тут зробіць? Дык дзе ж гэта дастанеш цяпер лесу гэта? У папоўскім ляску каб купіць, дык там жа адна хвоя, а хіба ў панскім дакупішся?
- Ды яно так...
Лявон здымаў колы і, засукаўшы рукаў зрэбнай сарочкі, старанна квэцаў каланіцай па восях, змазваў ступіцы, нават загваздкі і тыя паквэцаў - каб жа нідзе не рыпелі часам. Узяў колькі карцаў вады, лінуў у дзірку са шворнам, пад падушку...
- Эге, ды ты, браце, рыхтуешся няйначай як да панскага лесу. І вада, браток, табе не дапаможа. Хоць яно й не зарыпіць, але ўсё роўна спаймае... Спайма-а-е... Дасціпны гад гэты Сідар, нібы нюх у яго сабачы, ці што... Галля якога воз і то ўчуе, аберне... Вот недзе сатану пан займеў, чысты табе сабака...
- А мо і не ўчуе... Хмарыць, бач, нешта, а можа, і дождж пойдзе тым часам, няўжо ж яму вочы вылезуць, каб па цемрадзі гэтай перціся... А мне што? Як ні круці, дык трэба ехаць... На жывыя рукі хопіць, як той казаў, мукі... Не дзе дзенешся.
- Ды ўжо ж... Няхай шанцуе, Лявон... А ты б мо заўтра каня мне даў? Вазы са два там жыта ў мяне на шнуры - трэба б яму ўжо месца даць і з поля прывезці...
- Дык хіба пасля паўдня. Тады і прыходзь ужо за канём... Бо да паўдня буду я сам звозіць...
Лявон прывязаў вяроўку, сунуў сякеру за пояс, на неба зірнуў яшчэ раз.
- Каб жа то, Божа, дождж... А мо й нацягне як, вецер, бач, які свежы і хмарыць. Дык адчыні, Хведар, весніцы, думаю па загуменню ехаць.
Хведар прайшоў яшчэ колькі з Лявонам, і калі той выехаў за гумны, павярнуў на сцежачку па агародах і пайшоў дахаты.
- Каб жа яму ўжо собіла як... Чалавек, можна сказаць, дужа чуллівы, аб бедным чалавеку заўсёды спагадае. Дзіва, сам, як рыба, б'ецца, ледзь каня вот набыў.
Лявон ехаў паўз пожні, паўз рачулку, якая падзяляла мястэчка на дзве часткі. Тую, дзе базар, дзе ў большасці і жыды селяцца, і тую, дзе сялянскія сялібы, - і звалі тую частку звычайна сялом. І тая і другая часткі мелі аднайменныя назвы і падзяляліся хіба вот толькі гэтай рачулкай. Вады ў ёй у лета засушлівае - кураняці перабрысці, ну а вясной ці па восені там, калі гоніць паводку з Дняпра, тады й нібыта рэчка сапраўдная, на чаўнах можна плыць. А так хіба вот толькі калдобіны ды вымоіны пад лазовай парасцю. Забаўка дзецям улетку - ракаў мацаць па карчах, цялёпкацца па вадзе.
А вот і паваратка ў лес. Дарога пайшла ўгору, праз пясчаныя бугры, паросшыя пырнікам і быльнёгам ды шчавелем конскім. Хутка павярнуў на сцежачку, што хавалася ў каржакаватым дубовым парасніку, - падасінавікі тут нішто растуць, трапляюцца і баравікі часам. Лявон злез з калёс і, прывязаўшы вожкі да біла, павёў каня паволі, асцярожна. Вылаяўся паціху, калі стукнула кола аб камень. Калі пад'ехаў ужо да самага мыска, спыніў каня, доўга прыглядаўся да начное цемрадзі.
«Вот там павінна б, здаецца... Харошы дубок, стромкі такі... колькі-то раз вока на яго стрыў, але ці ты дабярэшся часу. Вот і прыкметы тыя, выварацень ляжыць, колісь-то дуба палажыла навальніцай... А ля дубка грабіна маладая павінна быць, нятоўстая».
Пахадзіўшы навакол дубка, пастаяўшы з хвіліну, памеркаваўшы, скуль вецер, Лявон доўга і марудліва прывязваў каня ля грабіны, кінуў яму сноп аўса, няхай наядаецца, моц набірае. І потым ужо да дуба. Ударыў злёгку абушком па ім, зазвінеў ядрана так, на поўны звон. Нібы не з дрэва дуб той, а з медзі літы.
Читать дальше