«І жытка мая вот той жа сон курыны, ні табе радасці, ні табе асаблівага гора... - думае Аўгіння. - Усё ёсць, здаецца, і сыта, і абута, і клопатаў каб якіх асаблівых, дык нямашака... А хаджу вось толькі як у сне...»
Аўгіння пазірае на калёсы пад павеццю, дзе прымайстраваўся нанач Сілівон - дужа ж у хаце прусы дапякаюць.
«Спіць ці не спіць, нелюдзь?»
Ідзе ў хату. Прыкрывае лепш дзіцёнка на палацях, ляжыць от, раскідалася.
- Дачушка мая, даўганосенькая...
І Аўгіння ўспамінае ночы восеньскія, ядраныя. Жыта малацілі. Дапамагаў Аніс, рукі тыя ў яго, рукі, цэпу ніяк не падабраць ім... Хадзіў Сілівон дахаты, рамяня шукаць сырыцовага, каб цапаўё падвязаць лепш. І ў еўні тады снапы выстаўляючы... Пахлі снапы полем жытнім, мяжой ды курным дымам, духам сухім ад еўні. І колькі разоў сустракаліся ўпотайкі, каб людзі не чулі, не бачылі, за гумном, у Анісавай пуні... Любіліся торапка, хапаючыся, каб Сілівон не падумаў чаго, не ўзяў на сваё вока. Але дзе ты схаваешся. Хвядос-стараста колькі раз папікаў Сілівона - брата: «Што ты вот кабеціну да рук не бярэш, глядзі, і кіне цябе зусім».
А калі дзіцё нарадзілася, хадзіў Сілівон як звер, усё дапытваў:
- Ад каго?
- Як жа ад каго, ты ж мужам даводзішся мне...
- Годзе кепікі строіць, кажу... Вот як аперажу вяроўкай, дык завыеш...
- На гэта ж толькі ты і здатны.
Спрабаваў падыходзіць з ласкаю:
- Ну, чаго ты на мяне вызвяраешся? Ну, скажы, чыё, - і вокам ківаў на зыбку. - Як-ніяк, я ж бацька перад людзьмі...
- То-та ж, што перад людзьмі...
- Ну й павінен я ведаць... Канечне, чаму і дзіцёнку не быць, як жа без яго ў гаспадарцы, павінна ж яно гадавацца ўжо неяк. Але ж павінен я й ведаць, дзе гэта ты... - хацеў сказаць «круцілася» і сказаў: - Дзе ты яго падчапіла.
- А там жа, дзе ўсе людзі... Вот што, Сілівон, не пытай ты мяне задужа аб гэтым, усё роўна я табе не скажу нічога, ні на валасіначку, ні на каліўца тое, ні на столечкі...
- Яна думае, я й не ведаю. Анісаў то быў інтэрас...
- А калі ведаеш, пытаеш навошта? - і сама зачырванелася. - То ж хітрасць гэтая бабская, нязграбная ды куртатая.
- У-у... гадаўка, раструшу вот... Каб ужо сына, дык сяк-так, яно б і да справы, як кажуць... А то, на табе, чаропку вот... Толькі звод у гаспадарцы...
Даўно гэта было, гадоў са тры, мо з чатыры... звыкся з дачкой трохі Сілівон, не гыркае на яе, як раней калі што:
- Ы-ы... байстручыха...
Але не мог памірыцца з думкай аб тым, што вось ён, Сілівон, працуй гэта, карпей, дубей, намагайся, каб усё ды ў гаспадарку ды паболей... А каму гэта, для каго, для якога чорта лысага петавацца. І ўся злосць пераходзіла на жонку, на Аўгінню. Яна свет замуціла, праз яе няма спакою. Дзіва-то, ашчаслівіць думаў, у адной спадніцы ўзяў... Раілі ўсе суседзі: працавітая, ціхая, не бязульная, як другія там каторыя... Вот табе й не бязульная... Падманіў Цыпрон, спіхнуў дачку са свае шыі.
І ці шула часаў на двары, ці клаў жэрдку новую ў плот, ці новае грабільна стругаў, усё думаў:
«Не папушчуся, каб гэта маёмасць мая ды пайшла па мне пухам-прахам. Заб'ю, рукамі сваімі задушу, а не папушчуся... Хваробы... Няхай другі хто спажывае, толькі ж не яна...»
Але ж шула цясаў, грабільна рабіў, папраўляў страху, ставіў новы сахор у гумне, вычосваў з бярозавае плашкі новую падушку ў калёсы, спрытна даглядаў за гаспадаркай - і ва ўсім гэтым знаходзіў асаблівую ўцеху, больш, як каму другому, уласцівую яму. Прыемна было бачыць, як новая падушка ўсё роўна як улітая ў калёсы.
- Як вылітая тая, вот жа адгабляваў...
А за жонкай сачыў. Не то што каб хадзіў за ёй пільнаваць яе след. Вот проста падазрона пазіраў на яе, любіў надакучліва распытваць: куды йдзе, куды сабіраецца. І калі пазнілася дзе якім вечарам - нерваваў, непакоіўся. Не тое каб рэўнасць тая была, каб сэрца, сказаць, гарэла. Не. Баяўся другога байструка.
- Чаго-чаго, а сіло на цябе возьме дый павесіць... Прыдбае ў тваю гаспадарку, узрадуе яшчэ дачкой якой. Як жа, рыхтуй Сілівон пасагі...
Кпіў над сабой і горка ўсміхаўся.
Ля калодзежа коней паілі: Напрэй - парабак Цыбалаў і Андрэй - папоўскі. Трапіла так, каб разам. Не сустракаліся даўно, бадай, з таго часу, як на сяло з'явіліся.
- Дык жывеш, кажаш?
- Вот жа бачыш, жыву тым часам. А як пападдзя твая?
- Ды трасе ўсё кудламі, няма на яе пагібелі, на праскамідыю...
- Што?
- Ды гэта я так...
- А поп?
- А што яму, кабялю, дзеецца... Прыходзь вот хаця пад вечар.
Вечарам сядзелі на бярвеннях ля папоўскага амбара, цыгаркі пакурвалі. Напрэй часта сплёўваў, закрываў вочы далоняю - закурыў вот так, за кампанію, не дужа ён каб на табаку гэтую быў ласы. Выйшаў на ганкі поп, носам нешта пачмыхаў, у садок прайшоўся яблыка сарваць.
Читать дальше