Думалі і марылі аб радзіме, аб бацькаўшчыне і аўстрыйцы.
Звала яна.
Заклікала радзіма, дакраналася кволымі струнамі да сэрцаў, і нылі сэрцы, нылі, хваляваліся, шчыміла іх болем салодкім. Каб вёскі свае пабачыць, гарады свае, свае стэпы. Каб пабачыць матак сваіх, сясцёр і каханак, цёплай слязой абмачыць сівыя бацькавыя валасы, каб сышлася сляза са слязой і нарадзілася б гаручая радасць сустрэчы.
Звала бацькаўшчына.
І заклікі яе гінулі ў рэхах вайны.
Вайна!
Нічога не зробіш.
Вайна мае свае законы.
Вось скончыцца, тады мо й на бацькаўшчыну. Тады мо й дарога вольная...
Дзесьці ў сенцах скавыталі парасяты ды рохкала старая свіння, поркаючы лычом у дзверы. Дзверы рыпелі на завесах, соўдалася ўзад і ўперад старая закрутка ды ціха дзынкала кружолка-бляшанка на лямпе, заіржаўленая, замушаная, якая вісела на дроце, абверчаным палінялай рознакаляровай паперай.
- То ж чамярыца на іх, вымерхаваліся ўжо, дзе ты на іх набярэшся... Дзверы і тыя сарвуць...
І Настуля, падаткнуўшы падол старога андарака, завіхалася ля печы, дзе парыліся чыгуны бульбы. Больш вот для свінні, для парасят, для цялушкі крыху, а менш для сябе - паронкі. Дзеці коўзаліся на падлозе ў мыцельніку. Старэйшы кідаў у цэбар з памыямі трэскі - плыты ганяў, ды назаляў Настулі, штораз цярэбячы яе за спадніцу:
- Мам, а мам...
- Чаго ўжо табе? Ах, каб на цябе немач, усю кашулю ўмачыў, цячэ аж...
- Дай клубок, мамка, плыты вязаць...
- Вот я ўжо як аперажу цябе матузом, дык ты ў мяне будзеш ляжаць як звязаны...
- Дай, мамка, нітку...
- Адчапіся, назола, дай вот снеданне прыгатую, - і Настуля хапала малога на рукі, і, трымаючы яго пад пахай, выкручвала кашулю, і, даўшы добрага шлепанца, пускала на падлогу. Меншая вазілася з кацянятамі, ціскала іх, цягала за хвост, карміла бульбінай. Тыя мяўкалі жаласна ды капушыліся ў начоўках, тычучы адно другога мяккімі, пухнаценькімі мордачкамі. Паводдаль сядзела старая кошка і раз-пораз пазірала сумнымі вачыма то на начоўкі, то на Настулю. Ды падыходзіла часам да начовак, абнюхвала якое кацянё, старанна аблізвала яго ды пачынала мяўкаць на ўсю хату.
«Іш ты яе, жывотнае, а не кажы ж ты, матка як-ніяк, разумее...» - думалася Настулі, і яна кідала дзіцёнку:
- Ты вот, Ганначка, кінула б ужо іх, навошта ціскаеш так... Кінь, дачушка...
А на двары мычэла пад вакном цялушка-пералетак, і новыя думкі ўкліньваліся ў Настуліну галаву, не давалі ёй супакою, адпачынку.
«Управіцца вось ды схадзіць хіба ношку травы якой прынесці, у ярыне назбіраць, бо дзе тая трава на паплавах, пакасілі ўжо... І столькі ж клопату, вечна галава забіта, дзіва-то, без гаспадара: і пасей, і пажні, і пакасі, аб гумне падумай, каб пусціў хто колькі тых коп злажыць... Дый бегай, кланяйся, каб хто змалаціць пасобіў... Ды не дарма ж усё - вот адажні, прыйдзі бульбу капаць, прыйдзі лён трапаць па восені, вытчы трубку кужалю. Табе на грош, а ім вот на рубель адрабі, дзіва-то, ласыя на чужыя рукі. І петуйся дня і ночы, а з'есці калі, дык вось душыся паронкамі, душы дзяцей нішчымніцай. Нарабілі вось, каб на іх немач, вайны ім захацелася, каб яна ўжо, даруй Божа, у горла колікам ім...
А каму ім - хто яго ведае... Казалі вот людзі - германцы на нас насядаюць, душаць людзей, страляюць, газы тыя пушчаюць. І хто ведае, чаго гэта яны на нас так уз'еліся, хіба ім мала зямлі сваё, цары мо пасварыліся? А з чаго б ім сварыцца, здэцца ж, не ім аб паранках думаць, аб бульбе той з шалупаямі.
- А можа, гэта грэх пра цара ды так думаць? Хіба здарма вот і ў малітве пра цара гаворыцца, пра «гасудара нашага Мікалая Аляксандровіча»... Відаць жа, што нездарма, вот жа й на партрэце ізноў.
На заседжанай мухамі фатаграфіі сядзіць на чорным кані ён, Лявон... Узняў шаблю ўгару, а конь на дыбкі, грае бліскучымі вачыма, белыя шчоткі на капытах... І прыгожыя штаны ў Лявона, сінія-сінія... Ды па іх канты чырвоненькія, ды чырвоныя грудзі, а колькі шнурочкаў розных ды з круцёлачкамі бліскучымі. А шапка, шапка з белым арлом, шнурок ад яе аж на грудзі, да гузікаў. Вочы ў Лявона - глыбокія і чорныя. Вось так і ўзіраюцца ў цябе, нібы пытаюць:
- Ну, як пажываеш, ненаглядная супруга мая Настуля? Як нашыя дзеці?
А ўнізе незразумела так, літарамі залатымі - покуль прачытала, язык дуб дубам: «Лейб-гвардыі яе імператарскае вялікасці Аляксандры Фёдараўны ўланскі полк».
Царыца то. Казаў вот, як на пабыўку прыязджаў. У цара, казаў, яшчэ шмат палкоў усякіх, ды вялікая армія, пяхота, анцілерыя там, ды шмат яшчэ чаго...
Читать дальше